Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Памылкі ўрада перакладваюцца на плечы людзей 10:42, 10/02/2003
Беларускія прафсаюзы прамысловасьці выступаюць супраць перакладваньня “памылак урада” на плечы працоўных. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве буйнейшых прафсаюзаў прамысловасьці Беларусі, накіраванай ўраду ў сувязі з пагаршэньнем сацыяльна-эканамічнага становішча, як работнікаў прамысловага комплексу, так і ўсяго насельніцтва краіны.
У дакумэнце гаворыцца, што Беларусь зараз лідзіруе сярод краінаў СНД па тэмпах інфляцыі. “Насуперак пераконваньню прадстаўнікоў уладаў у тым, што кошты на камунальныя паслугі ня будуць падвышацца да канца 2002 году, кошт электраэнэргіі ў лістападзе вырас больш чым на 57%, на 65% падаражэў газ, -- падкрэсьліваюць аўтары заявы. Працягваўся рост тарыфаў на іншыя віды жыльлёва-камунальных паслугаў, павялічылася аплата за праезд у грамадзкім транспарце. Квартплата за леташні год павялічылася больш чым у 5 разоў, плата за карыстаньне ліфтамі – у 8 разоў, ацяпленьне і гарачая вада – амаль у 2,5 разы”. Акрамя таго, прафсаюзы зьвяртаюць увагу ўрада на тое, што “зноў павялічыліся кошты на газ для насельніцтва амаль на 35%, а таксама тарыфы на электраэнэргію – на 37%, і зноў падвысілася аплата парезду ў грамадзкім транспарце”.
Рост у Беларусі коштаў, як сьцьвярджаюць прафсаюзы, “не суправаджаецца адпаведным ростам заробнай платы, а нязначнае падвышэньне пэнсіяў таксама не пакрывае выдаткі пэнсіянэраў на камунальныя паслугі”. “Напрошваецца выснова – ці здольныя ўлады Беларусі вырашаць праблемы іншымі шляхамі, акрамя як пераносіць цяжар на плечы сваіх грамадзянаў?”, - гаворыцца ў заяве.
Аўтары дакумэнту лічаць, што для забесьпячэньня ў краіне годнага ўзроўню грамадзянаў, устойлівага эканамічнага росту, перш за ўсё, патрэбныя “рашэньні па пашырэньні эканамічных свабодаў суб`ектаў гаспадараньня”. На іх думку, “неабходны шэраг мераў па прыцягненьні ў эканоміку інвэстыцыяў, зьніжэньня падаткавага прэсу”.
Заяву падпісалі прадстаўнікі Беларускага прафсаюза работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня, беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, беларускага прафсаюзу машынабудаўнікоў і прыборабудаўнікоў, беларускага прафсаюза металістаў, беларускага прафсаюза работнікаў абароннай прамысловасьці, а таксама беларускага прафсаюза работнікаў энэргетыкі, электратэхнічнай і паліўнай прамысловасьці.