Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Інваліды па зроку, якія працуюць на ўнітарным прадпрыемстве “ЭлКіс” у Пінску, праводзяць чарговую акцыю пратэсту. Першая такога кшталту акцыя прайшла на прадпрыемстве ў сьнежні мінулага году. Тады рабочыя дабіліся выкананьня сваіх патрабаваньняў, у ліку якіх было патрабаваньне падвысіць заробную плату. Аднак разам з заробкам ім падвысілі і норму выпрацоўкі, што і выклікала незадаволенасьць калектыву. Зараз рабочыя “ЭлКіса” пратэстуюць супраць павелічэньня нормы выпрацоўкі, патрабауючы пры гэтым падвышэньня заробнае платы. Цяперашняя акцыя пратэсту, якая пачалася 7 лютага, больш шматколькасная: калі ў сьнежні ў ёй удзельнічалі рабочыя толькі аднаго ўчастка – па зборцы электраўстановачных вырабаў, то на гэты раз да іх далучыліся работнікі іншых участкаў.
Як паведамляе БелаПАН, з 1 лютага кіраўніцтва прадпрыемства павялічыла для інвалідаў па зроку норму выпрацоўкі прыкладна на 20 адсоткаў і павялічылі на такі самы працэнт тарыфную стаўку першага разраду. Паводле заявы адміністрацыі, гэта – адзіна рэальны спосаб павялічыць заробак людзям. Нормы ў “ЭлКісе”, як сьцьвярджае кіраўніцтва прадпрыемства, у паўтара разы ніжэй, чым на аналягічных прадпрыемствах Беларусі.
Згодна бізнэс-пляну, у 2003 годзе пінчукам неабходна забясьпечыць рост вытворчасьці на 10 адсоткаў, так што без павелічэньня нормаў выпрацоўкі пры сталым тэхнічным удасканаленьні ўмоваў працы, лічыць начальства, не абыйсьціся. Інваліды, аднак, не прымаюць ніякіх тлумачэньняў.
10 лютага пратэстуючыя чакаюць прыезду кіраўніцтва Беларускага таварыства інвалідаў па зроку для вырашэньня канфлікту. Чакаецца, што тады калектыву будзе прадстаўлены новы кіраўнік. Ранейшы дырэктар яшчэ ў сьнежні пераехаў на працу ў Менск і пакінуў калектыў у час акцыі пратэсту.