Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Эўрапейскі парлямэнт лічыць за неабходнае распрацаваць стратэгію супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Эўрапейскім зьвязам у сувязі з хуткім пашырэньнем ЭЗ у 2004 годзе. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе сябра Эўрапарлямэнту Пэдра Марсэта Кампоса “ЭЗ і Беларусь: будучае партнэрства”. Даклад будзе абмяркоўвацца на пленарнай сэсіі Эўрапарлямэнту, якая адкрылася 10 лютага ў Стразбургу.
У пэрыяд з 7 па 10 лютага з памяшканьня рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і мастцтва”, разьмешчанай на вуліцы Захарава ў Менску, было выкрадзена чатыры кампутары, паведамілі БелаПАН у аддзеле інфармацыі і грамадзкіх сувязяў ГУУС Менгарвыканкаму. Устаноўлена, што злачынцы праніклі ў будынак праз вакно -- сьпілавалі металічныя краты і вынялі шкло. Па факту крадзяжу распачатая крымінальная справа. Расьсьледваньне праводзіць Партызанскае РАУС.
Гарадзенская філія Беларускай асацыяцыі журналістаў накіравала да кіраўнікоў папраўчай установы гораду Жлобіна (ИУОТ № 1) і Камітэту па выкананьні пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі хадайніцтва аб прымяненьні умоўна-датэрміновага вызваленьня журналіста Паўла Мажэйкі.
Менгарвыканкам забараніў Маладому Фронту правядзеньне 14 лютага, у Дзень Сьвятога Валянціна, моладзевай акцыі пад лёзунгам “Люблю Беларусь”. Як паведаміў БелаПАН лідэр МФ Павал Севярынец, яшчэ 7 лютага Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні шэсьця ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Парыскай камуны. Аднак Малады Фронт заклікае сваіх прыхільнікаў і прадстаўнікоў моладзі адзначыць Дзень усіх закаханых разам зь імі і прыйсьці да 17 гадзінаў на плошчу Якуба Коласа, адкуль яны накіруюцца па заплянаваным кірунку. Паводле Севярынца, гэта “будзе адказ моладзі на пагрозу страты сувэрэнітэту краіны”. “Мы хочам заявіць, што не аддамо Беларусь ні рэжыму Лукашэнкі, ні Расеі”, -- сказаў Севярынец.
Да Зьмітра Іваноўскага, які дванаццатыя суткі трымае галадоўку пратэсту ў спэцпрыёмніку Кастрычніцкага РАУС Горадні, не пускаюць адваката. Мастак Зьмітры Іваноўскі быў асуджаны на 15 сутак адміністратыўнага арышту па абвінавачваньні ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў каля будынка аблвыканкаму ў канцы студзеня. Пасьля агучваньня прысуду ён аб’явіў галадоўку ў залі суда.
11-13 лютага ў Беларусі будзе працаваць дэлегацыя МЗС Ірану на чале з намесьнікам міністра Ісламскай Рэспублікі Іран Махсэнам Амінзадэ. Паводле паведамленьня МЗСу, хаця фармальна дэлегацыя прыбывае для кансультацыяў дыпляматаў дзьвюх краінаў, гэтая сустрэча стане важным этапам падрыхтоўкі візыту ў Менск прэзыдэнта Ірану Махамэда Хатамі. У беларускай сталіцы госьці сустрэнуцца зь міністрам замежных справаў Міхаілам Хвастовым, кіраўніцтвам адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, Міністэрства прамысловасьці. Бакі разгледзяць пытаньні актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва ў розных галінах, у прыватнасьці, у сфэры гандлёва-эканамічных стасункаў.
У этырным сеціве тэлеканалу “Россия” ўжо ў бліжэйшую нядзелю зьявіцца новая штотыднёвая аналітычная грамадзка-палітычная праграма “Утренний разговор с Дмитрием Киселевым”. У кожным выпуску будуць абмяркоўвацца дзьве найбольш важныя падзеі тыдня ў палітычным жыцьці Расеі. У інтэрвію карэспандэнту ИТАР-ТАСС Кісялёў сказаў, што яго будучыя суразмоўцы – палітыкі, якія маюць непасрэднае дачыненьне да падзеі. Першым суразмоўцам вядучага ў новым праекце запрошаны Аляксандар Лукашэнка.
У панядзелак 10 лютага расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін пачаў трохдзённы дзяржаўны візыт у Францыю. Сытуацыя ў Чачэніі не фігуруе ў афіцыйнай павестцы дня, бо Крэмль лічыць, што становішча ў рэспубліцы “нармалізаванае”. Новыя сьведчаньні, сабраныя нашым карэспандэнтам у Чачэніі, кажуць пра цяглае пагаршэньне сытуацыі. Акупацыя гэтай тэрыторыі расейскім войскам суправаджаецца гвалтам адносна мірнага насельніцтва. Паводле дадзеных расейскага таварыства “Мэмарыял”, ахвяры масавых катаваньняў вылічваюцца многімі тысячамі. На расейскіх базах сыстэматычна прымяняюцца катаваньні. Цэлы шэраг партыяў і асацыяцыяў, у тым ліку “Камітэт па Чачэніі” і зялёныя, заклікаў правесьці 10 лютага а 18.00 у Парыжы перад Цэнтрам Пампіду дэманстрацыю пратэсту супраць візыту Пуціна.
Мінюст адмяніў папярэджаньне, вынесенае Таварыству беларускай мовы. Як паведамляе Радыё Свабода, папярэджаньне было вынесена 26 лістапада леташнега году за тое, што ТБМ устанавіла ў Лідзкім раёне памятны крыж у гонар загінулых удзельнікаў антырасейскіх вызвольных паўстаньняў. Нязгода ТБМ з папярэджаньнем стала прадметам разгляду ў Вярхоўным судзе, нядаўняе рашэньне якога стала на карысьць Мінюста. Аднак зараз чыноўнікі самі нечакана зьнялі абвінавачваньне.
Улады не даюць, апазыцыя ня можа, а народу ўсё адно. Мясцовыя выбары яшчэ не адбыліся, але ўжо цяпер вымалёўваецца іх невясёлы фінал. У 93% акругаў на адно месца прэтэндуе адзін кандыдат. Прэтэндэнты ад дэмакратычнай апазыцыі — партыйнай ці непартыйнай — ідуць толькі ў 3% акругаў. У большасьці акругаў па выбарах у аблсаветы канкурэнцыі ня будзе. Грамадзтва ўспрымае безальтэрнатыўнасьць выбараў як норму. Апазыцыя ня здолела вылучыць кандыдатаў нават у палове гарадзкіх акругаў. Улады ж па-ранейшаму разглядаюць выбары як фармальнасьць і не дапускаюць дэмакратычнай канкурэнцыі. Трэцюю частку апазыцыйных вылучэнцаў не зарэгістравалі з надуманых падставаў. Сярод «зарэзаных» — прафэсары Хадыка, Астроўскі, Жаліба, экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Малашка і іншыя. Барацьба розных праўладных кланаў назіраецца толькі ў сталіцы.
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі занепакоеныя няўхільным ростам колькасьці пэнсіянэраў і плянуе павялічыць узрост выхаду грамадзянаў на пэнсію.
Кіраўніцтва расейскай дзяржаўнай радыёкампаніі “Голоса России” разглядае прапанову беларускага боку аб магчымасьцях вяшчаньня на тэрыторыі Беларусі ў сярэднехвалявай сетцы. Пра гэта паведаміў у аўторак журналістам старшыня РГРК “Голоса России” Армэн Аганесян.
Дзьве крымінальныя справы былі распачатыя 10 лютага супраць службовых асобаў Берасьці і Баранавічаў (Берасьцейская вобласьць). У першым выпадку ў якасьці падазраванага выступае дырэктар Берасьцейскай фабрыкі сувэніраў Васіль Стасюк. Супрацоўнікам аддзелу па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю Маскоўскага РАУС Берасьці ўдалося высьветліць, што ў красавіку 2002 году ён шляхам прысваеньня і растраты выкраў тавара-матэрыяльных каштоўнасьцяў на суму 4 мільёны 394 тысячы рублёў. На падставе пададзеных матэрыялаў, 10 лютага пракуратура Маскоўскага раёну абласнога цэнтру распачала крымінальную справу па частцы 3 арт.211 КК Беларусі (прысваеньне або растрата).
Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў урад Беларусі ў сувязі з тым, што летась не было забясьпечана дасягненьне паловы прагнозавых паказьнікаў парамэтраў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны. У 2002 годзе ўрад не забясьпечыў выкананьня прагнозавых паказьнікаў па вытворчасьці прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, спажывецкіх тавараў, прыцягненьні інвэстыцыяў у асноўны капітал, а таксама зьніжэньня матэрыялаёмістасьці, росту ВУП і спаду ўзроўня інфляцыі, канстатаваў А.Лукашэнка падчас справаздачы Савету міністраў Беларусі ў аўторак.
Міністэрства сувязі Беларусі спрабуе ўрэгуляваць спрэчку паміж апэратарамі сотавай тэлефоннай сувязі СП ААТ “БелСел” і СП ААТ "Мабільная лічбавая сувязь" па пытаньні трафіка паміж абанэнтамі абедзьвюх сетак. Вечарам 10 лютага ў Мінсувязі адбылася нарада на гэтую тэму.
Пры набыцьці замежнай валюты ў абменных пунктах ці касах можна будзе прад’явіць ня толькі пашпарт, але і іншыя дакумэнты, якія маюць пашпартныя дадзеныя фізычнай асобы. Такое новаўвядзеньне ўнесенае Кіраўніцтвам Нацыянальнага банка ў Правілы ажыцьцяўленьня валютна-абменных апэрацыяў з удзелам фізычных асобаў ад 28.06.2001 г. N 170. Пра гэта паведамілі ў Кіраваньні інфармацыі Нацбанку.
Пазыцыя Беларусі адносна прынцыпаў стварэньня эмісійнага цэнтра “саюзнае дзяржавы” застаецца нязьменнай. Пра гэта карэспандэнту “Росбалта” заявіў у панядзелак начальнік Кіраваньня інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі Анатоль Драздоў. Камэнтуючы выказваньне расейскага віцэ-прэм’ера Аляксея Кудрына аб тым, што “беларускія калегі” ўжо нібыта пагаджаюцца з пазыцыяй Расеі аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтра выключна на базе Цэнтрабанка Расеі. Анатоль Драздоў назваў яго “асабістай думкай сп.Кудрына”.
Новы мытны кодэкс Расеі можа набраць сілу з 1 студзеня 2004 году. Пра гэта заявіў намесьнік старшыні бюджэтнага камітэту Дзярждумы Валеры Драганаў. Згодна ягоных прагнозаў, у сакавіку-красавіку кодэкс пройдзе 2-е і 3-яе чытаньне ў Дзярждуме. У той самы час, сказаў Драганаў, сьцверджаньне мытнага зьвязу Расеі й Беларусі ў яго цяперашнм выглядзе было памылкай. Паводле ягоных словаў, у рамках дадзенага зьвязу мытныя пошліны да гэтага часу не ўніфікаваныя, а да гэтага часу пакуль гэтага ня будзе, дзейнасьць зьвязу ня можа быць эфэктоўнай.
У лютым адбудзецца другое сёлета падвышэньне коштаў на цукар. У студзені кошты ўжо вырасьлі на 10%. На думку прадстаўнікоў канцэрну “Белдзяржхарчпрам”, каб захаваць вытворчасьць цукру рэнтабельнай, неабходна падняць кошты яшчэ на 10%.
У студзені Беларусь не разьлічылася за пастаўкі расейскіх энэрганосьбітаў. Урад зьбіраецца “самым жорсткім” чынам пакараць вінаватых і надалей не дапускаць пазык.
На 1 лютага ў Беларусі на ўліку па беспрацоўю ў дзяржаўнай службе занятасьці насельніцтва стаяла 137,4 тысячы чалавек. Зь іх амаль кожны другі – з выплатай дапамогі. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Дэпартамэнце па працаўладкаваньні Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, сярод зарэгістраваных у студзені беспрацоўных – 2,5 тысячы чалавек, вызваленых з ранейшага месца працы па скарачэньні штатаў ці ў сувязі зь ліквідацыяй прадпрыемства. Узровень беспрацоўя ў краіне на 1 лютага падвысіўся да 3,1 адсоткаў да эканамічна актыўнага насельніцтва. Самы высокі гэты паказьнік традыцыйна ў Віцебскай вобласьці. Ён раўняецца 4,3. А самы нізкі індэкс беспрацоўя ў сталіцы – 1,8.
У Беларусі звыш 1,5 мільёнаў чалавек усё яшчэ пражываюць на тэрыторыі з шчыльнасьцю забруджваньня цэзіям–137 звыш 37 кілабэкерэляў на 1 квадратны мэтар (кБк/кв.м). На гэтай тэрыторыі знаходзяцца каля 2800 мястэчак. Такія дадзеныя агучыў старшыня Камітэту па праблемах наступстваў катастрофы на ЧАЭС пра Савеце Міністраў Уладзімер Цалко, выступаючы на арганізацыйным паседжаньні Міжнароднага навуковага форуму па Чарнобылю, што завяршылася ў Вене ў штаб-кватэры МАГАТЭ. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэсавы сакратар Камітэту Чарнобылю Тацяна Храпіна.
У вёсцы Дубой Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці абрабаваная Сьвята-Мікалаеўская царква. Пра крадзеж паведаміў у райаддзел міліцыі сьвятар царквы ў мінулую суботу. Крадзеж адбыўся прыкладна ў ноч на 8 лютага. Невядомыя рабаўнікі разьбілі шкло ў адным з вокнаў і перапілавалі металічныя краты. З храма выкрадзена 16 іконаў, выкананых на халсьце і дрэве, некалькі царкоўных кніг у залочанай вокладцы. А таксама брамы-іконы алтара, перадае БелаПАН. Кошт скрадзенага вызначаецца. У ноч крадзяжу сыгналізацыя не спрацавала. Вартаўніком храм не ахоўваўся. Па факту крадзяжа распачатая крымінальная справа, вядзецца сьледзтва.
Нягледзячы на заўважны прагрэс па шэрагу накірункаў структурных рэформаў у Беларусі ўлады краіны па-ранейшаму аддаюць перавагу шляху “павольных эканамічных рэформаў”. Да такой высновы, як перадаюць карэспандэнты РІА “Новости”, прыйшлі спэцыялісты місіі МВФ, якія два тыдні выпрацоўвалі ацэнку эканамічнага разьвіцьця краіны ў 2002 годзе. На думку кіраўніка місіі Томаса Рычардсана, дасягнуты прагрэс мае супярэчлівы характар. Так, адзначыў ён, пры ўстойлівым разьвіцьці ВУП у 4,7 адсоткаў запасы гатовай прадукцыі, а таксама падаткавая і дэбіторска-крэдыторская запазычанасьці прадпрыемстваў істотна падвысіліся.