Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Іван Каеджыкаў: Я перакананы, што Беларусь мае эўрапейскую будучыню 13:32, 12/02/2003, Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода
Падчас міжнароднай канфэрэнцыі ў Дортмундзе, якая праходзіла пры канцы мінулага тыдня, карэспандэнт Радыё Свабода Віталь Цыганкоў узяў інтэрвію ў спадара Івана Каеджыкава, кіраўніка аддзелу палітычных справаў Рады Эўропы, адказнага за стасункі зь Беларусьсю. Натуральна, што размова падчас гэтага інтэрвію зайшла і пра кампанію мясцовых выбараў у Беларусі.
-- Ці назірае Рада Эўропы за мясцовымі выбарамі ў Беларусі, і наколькі гэтая выбарчая кампанія можа паўплываць на адносіны паміж Радай Эўропы і Беларусьсю?
-- Што тычыцца кампаніі мясцовых выбараў, якая праходзіць зараз у Беларусі, то тыя пажаданьні, якія выказвала парлямэнцкая тройка (Эўразьвяз, АБСЭ і Рада Эўропы) наконт прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў, застаюцца ў сіле. Беларусь павінна мець добрае выбарчае заканадаўства, доступ кандыдатаў да мэдыяў, іхную магчымасьць данесьці свае думкі да выбаршчыкаў, свабодныя мэдыі і павагу да правоў чалавека.
Рада Эўропы ня можа праводзіць назіраньне за выбарамі, паколькі дасюль не была запрошаная беларускімі ўладамі. Мы, вядома ж, працягваем цікавіцца падзеямі ў Беларусі, і паколькі Беларусь застаецца краінай-кандыдатам у Раду Эўропу, мы заўсёды гатовыя адказаць на пазытыўныя зьмены ў Беларусі.
-- Як бы Вы ацанілі цяперашні стан дачыненьняў паміж Беларусьсю і Радай Эўропы? Ці адбываюцца тут якія-небудзь зьмены за апошнія месяцы?
-- Калі б я мусіў апісаць гэтыя дачыненьні вельмі коратка, у некалькіх словах, я б сказаў, што дачыненьні, на жаль, знаходзяцца на вельмі нізкім узроўні. Рада Эўропы працягвае нашую палітыку адчыненых дзьвераў, нашая праца даступная для беларускіх урадавых экспэртаў, яны могуць свабодна яе ацэньваць. Парлямэнцкая асамблея РЭ працягвае запрашаць на свае паседжаньні прадстаўнікоў розных палітычных сілаў – як з Палаты прадстаўнікоў, так і апазыцыі. Мы гатовыя ўдзельнічаць у канструктыўным супрацоўніцтве з уладамі, і разам з тым мы маем намер падтрымліваць статус выкананьня папярэдніх умоваў для сяброўства ў Радзе Эўропы.
-- Калі, на вашую думку, Беларусь будзе ў Радзе Эўропы, і калі казаць больш агульна, ня толькі ў гэтай арганізацыі, але ў шырокім кантэксьце ў Эўрапейскай супольнасьці? Здаецца, цяперашняе кіраўніцтва Беларусі ня бачыць дзяржаву ў рамках эўрапейскіх структураў і хутчэй гатовае асудзіць сабе на добраахвотную самаізаляцыю.
-- Спачатку я хацеў бы вярнуцца да вашага пытаньня і не пагадзіцца з вашым сьцьверджаньнем. Я думаю, што беларускае кіраўніцтва (і прэзыдэнт, і ўрад) хоча, каб Беларусь стала сябрам Рады Эўропы. Калі б гэта не было так, яны б не падавалі заяўку на ўступленьне ў Раду Эўропы. Але на што яны не гатовыя ў дадзены момант, дык гэта прызнаваць каштоўнасьці Рады Эўропы. Але мы адчыненыя, і чакаем ад іх і заклікаем іх зрабіць гэта.
Я перакананы, што Беларусь мае эўрапейскую будучыню. Беларусь – эўрапейская краіна паводле культуры, мэнталітэту беларускіх людзей. Гэта я мог назіраць сам, паколькі маю шмат сяброў у Беларусі. Усе вашыя суседзі абралі сабе эўрапейскі кірунак, нават Расея. Я ня бачу ніякай іншай будучыні для Беларусі, акрамя эўрапейскай у 21 стагодьдзі.