Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прадстаўнік ЗША пры Сталай Радзе АБСЭ Стывен Мінікес выступіў перад арганізацыяй з кароткім дакладам, прысьвечаным палітычнай сытуацыі ў Беларусі ў перадвыбарчы пэрыяд. “Мы падзяляем расчараваньне рабочай групы ПА АБСЭ ў сувязі зь невыкананьнем Беларусьсю рэкамэндацыяў па выбарчым заканадаўстве. Мы таксама вымушаныя прызнаць, што прадстаўнікі апазыцыйных партыяў неадэкватна падаюцца ў выбарчых камісіях і значнай колькасьці кандыдатаў ад апазыцыі адмовілі ў праве рэгістрацыі праз шматлікія парушэньні. Адстунасьць на выбарах апазыцыйнай канкурэнцыі падрывае іх легітымнасьць”, -- заявіў амэрыканскі дыплямат. Прапануем вашай увазе тэкст выступу Мінікеса цалкам.
Рэдактары і выдаўцы беларускіх недзяржаўых газэт, якія зьведалі ціск з боку ўладаў Беларусі, зьвярнуліся з адкрытым лістом да беларускай грамадзкасьці, у якім патрабавалі аднаўленьня законнасьці і справядлівасьці адносна іх і чытачоў, а таксама заклікалі ўлады строга захоўваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусі і Закон “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”. Падаем тэкст звароту цалкам.
Напярэдадні масавай акцыі, якую Малады Фронт плянуе правесьці 14 лютага ў Дзень Сьвятога Валянціна, менскія ўлады канчаткова адмовілі арганізатарам у правядзеньні мерапрыемства. Паводле БелаПАН, 13 лютага адбыліся перамовы паміж старшынёй МФ Паўлам Севярынцам і начальнікам аддзелу масавых мерапрыемстваў Галоўнага кіраваньня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму Пятром Вараб’ёвым. Арганізатарам акцыі заявілі, што кіраўніцтва Менгарвыканкаму не намерваецца пераглядаць прынятае рашэньне аб адмове ў правядзеньні сьвяточнага шэсьця 14 лютага.
Пра тое, наколькі “сумленна” і “непрадузята” кіроўная ў глыбінцы “вэртыкаль” рыхтуецца праводзіць мясцовыя выбары, вельмі красамоўна кажа інцыдэнт, які здарыўся 8 лютага ў вёсцы Варняны Астравецкага раёну.
У выкарыстаньні падвойных стандартаў папракае беларускі МЗС Эўрапарлямэнт, які прыняў напярэдадні рэзалюцыю аб расьсьледваньні парушэньняў правоў прафсаюзаў, перадае карэспандэнт РІА “Новости”.
13 лютага сёлетняга году адбылася сустрэча міністра замежных справаў Беларусі Міхаіла Хвастова з кіраўніком офіса АБСЭ ў Менску Эбэрхардам Хайкенам. Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе МЗС Беларусі.
Амбасада Ірака ў Менску распаўсюдзіла сярод мясцовых рэдакцыяў запрашэньне наведаць перадваенны Багдад. Чартарны рэйс заплянаваны на 7 сакавіка. Прычым пабываць на ірацкай зямлі прапанавалі ня толькі журналістам, але і шэраговым грамадзянам – у першую чаргу моладзі і студэнтам. Адным словам, усім, хто пажадае “на месцы” выказаць сваю салідарнасьць з ірацкім народам, які рыхтуецца супрацьстаяць амэрыканскай агрэсіі. Усе зьвязаныя з паездкай выдаткі, натуральна, бярэ на сябе бок, які запрашае. У амбасадзе Ірака ў Менску карэспандэнту “НГ” сказалі, што акцыя падрыхтаваная ў самых дробных дэталях. Ёсьць таксама неабходны дазвол ААН на чартарны рэйс. Праблема толькі ў тым, што ў Менску пакуль мала жадаючых выказаць падтрымку Іраку непасрэдна на яго зямлі, кожны сантыметар якой знаходзіцца пад прыцэлам амэрыканскага войска.
Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ “Аб рэалізацыі акцыяў адкрытых акцыянэрных таварыстваў нафтахімічнага комплексу, якія належаць Беларусі”. Дакумэнтам вызначаецца, што акцыі шэрагу прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу рэалізуюцца толькі за грошы. Гэта датычыць акцыяў першай эмісіі адкрытых акцыянэрных таварыстваў “Нафтан”, “Палімір”, “Белшына”, Гарадзенскага “Хімвалакно” і “Азот”, а таксама адкрытых акцыянэрных таварыстваў, якія ствараюцца ў працэсе разьдзяржаўліваньня і прыватызацыі ўнітарных прадпрыемстваў “Сьветлагорскае вытворчае аб’яднаньне “Хімвалакно” і “Магілёўскае вытворчае аб’яднаньне “Хімвалакно”. На думку беларускага лідэра “такая мера предотвратит разбазаривание государственной собственности и обеспечит высокую экономическую выгоду для страны”.
Гісторыя стварэньня ў сталіцы новай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры прыйшла да лягічнага завяршэньня. Учора устаноўчая канфэрэнцыя прыняла рашэньне стварыць Менскую гарадзкую арганізацыю прафсаюза работнікаў культуры. Усе спробы старшыні Менскай абласной арганізацыі работнікаў культуры Ўладзімера Мамонькі спыніць, на яго думку “нестатутны і незаконны” працэс, былі дарэмнымі. На канфэрэнцыі прысутнічала 47 дэлегатаў, якія прадстаўлялі 71 першасныя арганізацыі (гэта каля 10000 сябраў прафсаюза). Канфэрэнцыю не пакінуў без увагі старшыня ФПБ Леанід Козік. Старшынём новай арганізацыі ў выніку таемнага галасаваньня абраны Георгі Малчан. Да гэтага ён ачольваў прафсаюзную арганізацыю Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.
У 2002 годзе ў Беларусі на 35 адсоткаў павялічылася колькасьць грамадзянаў, асуджаных да пазбаўленьня волі. У агуле суды разгледзілі звыш 50 тысячаў крымінальных справаў, больш за 160 тысячаў грамадзянскіх, а таксама каля 290 тысячаў - адміністратыўных. Такія дадзеныя падаў 13 лютага міністар юстыцыі Віктар Галаванаў на сумесным паседжаньні прэзыдыюму Вярхоўнага суда і калегіі Мінюста.
Дзьве акцыі пратэсту правялі работнікі Магілёўскага металургічнага заводу, спрабуючы сарваць прыняцьце рашэньня аб кансэрвацыі стратнага трубаліцейнага цэху. Аднак на сходзе акцыянэраў, з уладальнікаў 5 млн. акцыяў больш за 4 млн. галасоў былі ададзеныя за кансэрвацыю вытворчасьці тэрмінам да аднаго года. З 292 работнікаў цэха засталося неўладкаванымі 70 чалавек, 40 зь якіх – пэнсіянэры па ільгоце. Размовы пра іх звальненьне не ідзе.
Урон, нанесены Беларусі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, складае 235 млрд. рублёў. Пра гэта заявіў у чацьвер на міжнародным навуковым форуме па Чарнобылі старшыня Камітэту па праблемах наступстваў катастрофы на ЧАЭС пры Савміне Беларусі Ўладзімер Цалко.
Праца ў пазыку 11:07, 14/02/2003, Уладзімер Бібікаў, Советская Белоруссия
Як мы ставімся да чалавека, які вінен нам? Вядома як. А калі дзяржава не разьлічылася з суб’ектам гаспадараньня? Сытуацыя тыповая, але яе наступстваў, падобна, кіраўнікі шэрагу ведамстваў да канца не ўсьведамляюць. Між тым, дастаткова пабываць на канкрэтным заводзе ці фабрыцы, каб пераканацца ў згубнасьці працы ў пазыку. Рэспубліканскае прадпрыемства “Аўтамагістраль”, напрыклад, практычна цалкам залежыць ад бюджэтнага фінансаваньня, але і працуе выключна ў інтарэсах грамадзтва. Яно абслугоўвае каля 3 тысячаў кілёмэтраў важнейшых аўтамагістраляў, для таго, каб перавозка грузаў і пасажыраў вялася ў любы час году і сутак, незалежна ад надвор’я і зь мінімальнымі выдаткамі. Гэта патрабуе шмат сродкаў. Аднак разьлікі за выканыныя працы ідуць зь вялікім спазьненьнем. Прычына – нерытмічнасьць паступленьня сродкаў уласьніку дарог “Аўтадору” зь дзяржаўнага бюджэту.
Аматараў пагрэцца ў лазьні ў нас незьлічоная колькасьць. Толькі ў сталічных трынаццаці лазьнях летась пабывала больш за мільён чалавек. Аднак, гарадзкія лазьні, хаця і карыстаюцца попытам менчукоў, але, паводле галоўнага інжынера ўнітарнага прадпрыемства “Гарадзкія лазьні” Анатоля Мурача, застаюцца стратнымі. Так, кошт аднаго сеанса вагаецца ад паўтары да трох з паловаю тысячаў рубёлў, а яго рэальны сабекошт у два разы болей. Падымаць кошт да рэальнага нямэтазгодна. Справа ў тым, што лазьневы комплекс адносіцца да сацыяльна значных паслуг, а значыць, даціруецца з гарадзкога бюджэту.
Кожны чацьвёрты ў краіне – пэнсіянэр, а народная гаспадарка зараз запазычыла 80 адсоткаў месяцовых выдаткаў на ўтрыманьне сталых людзей. За год колькасьць прэтэндэнтаў на дапамогу павялічыцца больш чым на траціну. Завяршае працоўны шлях пасьляваеннае пакаленьне.