Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
БГК заяўляе пра незаконнае ўтварэньне выбарчых акругаў 10:52, 20/02/2003
Паводле фактаў парушэньняў у часе падрыхтоўкі выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў Маладэчанскае аддзяленьне РАТ “Беларускі Гэльсынскі Камітэт” зьвярнулася ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, Менскую абласную выбарчую камісію, а таксама ў Маладэчанскую міжраённую пракуратуру.
На аснове арт.15 і 40 выбарчага кодэксу з дазволу гарвыканкаму гарадзкая выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў гарадзкога Савету дэпутатаў утварыла на тэрыторыі г.Маладэчна выбарчыя акругі. Арт.15 выбарчага кодэксу ўстанавіў, што выбарчыя акругі ўтвараюцца з прыкладна роўнай колькасьцю выбарцаў: адхіленьне колькасьці выбарцаў у выбарчай акрузе па выбарах дэпутатаў адпаведнага мясцовага Савету дэпутатаў ад сярэдняй колькасьці выбарнікў, што прыпадаюць на выбарчую акругу па выбарах у дадзены мясцовы Савет дэпутатаў, як правіла, ня можа пераўзыходзіць 10 адсоткаў. Выбарчая акруга ўтварае адзіную тэрыторыю: не дапускаецца ўтварэньне выбарчай акругі з тэрыторыяў, якія не мяжуюць між сабой.
Маладэчанскае аддзяленьне БГК лічыць, што выбарчыя акругі ўтвораныя з найгрубейшымі парушэньнямі. З агульнай колькасьці (31 выбарчая акруга) у 18-ці акругах адхіленьне колькасьці выбарцаў у акрузе ад сярэдняй колькасьці выбарнікаў па акрузе пераўзыходзіць 10 адсоткаў. У акругах №3,4,6,9,91,15,17,27,28,31 гэтае перавышэньне складае больш за 20 адсоткаў, у акругах №4,8,15,31 – каля 30 адсоткаў, а ў акрузе №4 дасягнула 36 адсоткаў.
Акрамя таго, некаторыя акругі не ўтвараюць адзіную тэрыторыю. Так, выбарчая акруга №6 утвараецца з тэрыторыяў, якія не мяжуюць паміж сабой. У яе ўключаюцца Цэнтральны гарадзкі шпіталь і радзільня ў іншым канцы гораду. Шпіталь і радзільня складаюць адзіную тэрыторыю з акругаю №1. Менавіта па выбарчай акрузе №6 адзіным кандыдатам у дэпутаты зарэгістраваная Жук Д.Б, -- намесьнік старшыні гарвыканкаму, якая мае непасрэднае дачыненьне да вызначэньня межаў агругаў.
Цэнтральны раённы шпіталь і дом №10 па вул. Хмяльніцкага – інтэрнат палітэхнічнага каледжу, што знаходзіцца ў цэнтры акругі №9, уключаныя ў акругу №8. Па выбарчай акрузе №8 адзіным кандыдатам у дэпутаты зарэгістраваны Жгун Н.А. – дырэктар палітэхнічнага каледжу. Выбарчая камісія знаходзіцца ў памяшканьні каледжу; большасьць сябраў камісіі зьяўляюцца работнікамі гэтага ж каледжу. Вайсковая частка, якая ўтварае адзіную тэрыторыю з акругай №27 уключаная ў акругу №26. Разьмяшчэньне выбарчых акругаў на тэрыторыі г. Маладэчна шмат чым адрозьніваецца ад ранейшага. Замест таго, каб ісьці на звыклы бліжэйшы ўчастак, выбарцам давядзецца галасаваць на ўчастку на большай адлегласьці ад дому. Гэта можа адмоўна паўплываць на яўку выбарцаў.
Маладэчанскае аддзяленьне БГК лічыць, што межы выбарчых акругаў сёлета вызначаныя наўмысна для таго, каб прайшлі дэпутаты стаўленікаў улады.
Праваабаронцы зьвярнуліся ў вышэйшыя выбарчыя камісіі і пракуратуру з просьбай прыняць меры па адмене рашэньня гарадзкой выбарчай камісіі па ўтварэньні выбарчых акругаў. Адмена дадзенага рашэньня можа пацягнуць адмену рэгістрацыі кандыдатаў, што балятуюцца на акругах, утвораных з парушэньнямі выбарчага кодэксу. Гэткія падставы могуць выкарыстоўвацца пры звароце аб адмене вынікаў галасаваньня ў Цэнтральную камісію і суд.