Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Козік перакручвае вынікі сустрэчы з расейскімі прафсаюзамі 16:10, 20/02/2003, www.praca.by
18 лютага ў Смаленску прайшла сустрэча дэлегацыяў Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі і Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Абмяркоўваліся пытаньні двухбаковых адносінаў, дзейная дамова аб супрацоўніцтве, пытаньні працы Каардынацыйнай рады ФНПР-ФПБ, памежнага і міжгаліновага супрацоўніцтва, сяброўства ў міжнародных прафсаюзных арганізацыях, узаемаадносінаў зь Міжнароднай арганізацыяй працы.
“Гэтая сустрэча была першым афіцыйным кантактам на ўзроўні кіраўніцтва ФНПР і ФПБ. І мы ацэньваем яе пазытыўна. У прыватнасьці, мы дамовіліся пра тое, што праца ў рамках пагадненьня паміж ФНПР і ФПБ будзе працягвацца”, -- пракамэнтаваў вынікі сустрэчы ў Смаленску сакратар ФНПР Яўген Сідараў. Дамовіліся прафлідэры і пра тое, што Каардынацыйная рада будзе пашырацца за кошт тых, хто гатовы ўдзельнічаць у ягонай працы. Гэта, напрыклад, беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, які ўжо падаў адпаведную заяву. Старшыня ФПБ Леанід Козік зьвярнуўся да супрацоўнікаў ФНПР, якія прадстаўляюць расейскія прафсаюзы ў Адміністратыўнай радзе Міжнароднай арганізацыі працы, з просьбай дапамагчы вырашыць праблемы па скарзе беларускіх прафсаюзаў у МАП. Адказ расейцаў быў наступным: гэта стане магчымым толькі калі ўрад Беларусі прыме меры па ліквідацыі ўсіх парушэньняў правоў прафсаюзаў, адзначаных у скарзе.
Па выніках сустрэчы ў Смаленску прэсавая служба ФПБ распаўсюдзіла прэс-рэліз. Аднак Яўген Сідараў адзначыў, што многае з гэтага прэс-рэлізу не ва ўсім адпавядае рэчаіснасьці. У першую чаргу гэта тычыцца выказваньня аб тым, што “ўся сфэра сацыяльна-эканамічных адносінаў у РБ закранае правы і інтарэсы працоўных і павінна знаходзіцца пад кантролем ФПБ”. Не было размовы і аб выкарыстаньні “аўтарытэту ФНПР ў наладжваньні цесных узаемаадносінаў ФПБ з прафцэнтрамі краінаў СНД і Эўропы”. І тым больш аб наданьні ФНПР супрацоўніцтву з ФПБ прыярытэту.