Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі МЗС падстаўляе сваіх грамадзянаў пад бомбы? 10:44, 20/02/2003
Большасьць краінаў сьвету ў сувязі з пагрозаю ваеннай апэрацыі ЗША супраць Ірака пачалі эвакуацыю сваіх грамадзянаў з гэтай дзяржавы. Гэта робяць і краіны-суседзі Беларусі: Украіна пакінула ў сваёй амбасадзе толькі аднаго чалавека. Зьехала з Ірака і першая група сем’яў расейскіх дыпляматаў. А Беларусь пакуль не зьбіраецца адклікаць з Багдаду ні дыпляматаў, ні тых, хто працуе па кантрактах, -- паведамілі Радыё Свабода ў МЗС Беларусі. Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што размовы аб эвакуацыі несвоечасовыя, пагроза амэрыканскіх бамбардзіровак перабольшаная. На думку незалежных палітолягаў, такім чынам беларускае кіраўніцтва ў чарговы раз дэманструе сьвету салідарнасьць з рэжымам Садама Гусэйна.
Пазаўчора амбасадар Іраку ў Менску заклікаў беларускія ўлады бачыць у асобе Іраку сябра №1 і дадаў, што ягонай задачай зьяўляецца ўжо ў бліжэйшы час зрабіць Беларусь лідэрам у гандлёвым партнёрстве.
Больш за паўтары сотні беларусаў працуюць на ірацкіх будоўлях, рэгулярнымі сталі афіцыйныя візыты на ўрадавым узроўні. У той час, як міжнародная супольнасьць абмяркоўвае надрукаваныя ў заходняй прэсе пляны ваеннай апэрацыі ЗША, у часе якой, перш за ўсё, будуць бамбаваць стратэгічныя аб’екты, у тым ліку аэрадромы, Дзяржкамавіяцыі Беларусі заяўляе, што ўжо ўвесну пачнуцца рэгулярныя паветраныя камунікацыі паміж Менскам і Багдадам.
У кулуарах палітычных ведамстваў абмяркоўваецца тэрміновае прызначэньне надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Беларусі ў Іраку замест цяперашняга часовага даверчага.
Аналітык Інстытута паліталягічных дасьледваньняў Андрэй Фёдараў лічыць, што беларускія ўлады адмыслова закрываюць вочы на небясьпеку, якая паўстае перад гараджанамі:
--Вядома, што гэта дэманстрацыя поўнай падтрымкі рэжыму Садама. Пакідаць людзей у такой небясьпечнай сытуацыі – гэта выклік: маўляў, мы на баку ірацкага кіраўніцтва. Садам прапанаваў Беларусі стаць ледзь ні самым блізкім сябрам у сьвеце. Журналістаў бясплатна запрасілі на тыдзень у Ірак. Гэта таксама будзе дэманстрацыя пазыцыі, калі ведаць, што дзяржаўныя журналісты ў нас не свабодныя ў выбары кірунку камандзіровак, -- заявіў Фёдараў у інтэрвію Радыё Свабода.
Кіраўнік аддзелу Бліжняга Ўсходу ў МЗС Андрэй Дашучын кажа, што беларусы ў любы момант могуць пакінуць Ірак:
-- Размова пра тое, што калі апэрацыя і пачнецца, то не раней, чым праз месяц. Таму казаць на тэмы эвакуацыі можа і раней часу. А што да людзей, то ў нас два чалавека ў дыппрадстаўніцтве, два дзясяткі рамонтнікаў ад “Белметалэнэрга”, якія абслугоўваюць тэхніку МТЗ, 160 чалавек, якія паводле кантракту з расейскім канцэрнам “Технопромэкспорт” будуюць энэргетычныя станцыі. Сем’яў зь імі няма, бо ўмовы вельмі нязручныя. Таму такіх праблемаў ня маем, мы разьлічваем на тое, што амэрыканцы – цывілізаваная нацыя; заўсёды дадуць магчымасьць сесьці ў машыну і зьехаць. Таму ніякай панікі, ніякіх праблемаў.
Тэлефонныя нумары беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Багдадзе цягам усяго дня былі занятыя. Таму высьветліць, ці зьвярталіся ў амбасаду беларускія грамадзяне, якія, магчыма, хацелі б вярнуцца ў Беларусь, не ўдалося.