Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вядомы беларускі мастак, намесьнік старшыні творчай суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін заявіў пра сваю падтрымку Народнага Маршу “За лепшае жыцьцё!”, які пройдзе ў Беларусі 12 сакавіка. “Мяркую, што сацыяльна-эканамічнае становішча нашай дзяржавы тычыцца сёньня кожнага чалавека, у тым ліку і людзей творчых прафэсіяў. Я ведаю, што мае калегі, выкладчыкі Беларускай акадэміі мастацтваў, маюць мізэрны аклад. Таму я заклікаю ўсіх падтрымаць Народны Марш пад лёзунгам “За лепшае жыцьцё!” – заявіў Аляксей Марачкін у інтэрвію прэс-цэнтру Хартыі.
Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская патрабуюць аднавіць расьсьледваньне, але ўжо не сіламі пракуратуры. Яны просяць перадаць гэтую справу з пракуратуры Менску ў КДБ Беларусі. Жонкі зьніклых апазыцыянэраў зьвярнуліся з скаргаю ў пракуратуру Менску, дзе больш за тры гады расьследвалася, а нядаўна была прыпыненая справа Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
Кіраўнік дэлегацыі Кангрэсу ЗША ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Крыстафэр Сьміт і яго калегі на сустрэчы зь лідэрам Аб’яднанай грамадзянскае партыі Беларусі Анатолем Лябедзькам і ягоным намесьнікам Яраславам Раманчуком заявілі, што ЗША не разглядаюць “нацыянальны сход” Беларусі як легітымны, дэмакратычна абраны парлямэнт. “Нельга прыкрыць працэдурай відавочныя парушэньні правоў чалавека і свабодаў у Беларусі”, -- лічыць Крыстафэр Сьміт.
На думку Генэральнага Сакратара АБСЭ Яна Кубіша, Парлямэнцкая асамблея павінна адправіць у Менск дэлегацыю і патлумачыць грамадзкасьці Беларусі матывацыю сваіх дзеяньняў. “Трэба дакладна заявіць, што легімітызацыя “нацыянальнага сходу не зьяўляецца падтрымкай таго, што адбываецца ў Беларусі”, -- лічыць Ян Кубіш. Як паведамляе прэс-служба АГП, у размове з Старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі Лябедзькам і ягоным намесьнікам Раманчуком, Генэральны Сакратар адзначыў, што тактыка Асамблеі яму незразумелая, і невядома, ці ёсьць у яе дакладны плян дзеяньняў.
Кіраўнік аўстрыйскага парлямэнту Андрэас Коль сустрэўся з Анатолем Лябедзькам і Яраславам Раманчуком. Прэзыдэнт Нацыянальнай Рады Аўстрыі заявіў, што ён расчараваны рашэньнем ПА АБСЭ даць месца ў Асамблеі парлямэнту, які ня быў абраны ў адпаведнасьці з прынцыпамі АБСЭ і які не праводзіць дэмакратычную палітыку. “Дэмакратычныя сілы Беларусі заўсёды могуць разьлічваць на палітычную і маральную падтрымку аўстрыйскага парлямэнту”, -- адзначыў А.Коль.
Заўтра пачынаецца двухдзённы візыт у Маскву Аляксандра Лукашэнкі і Леаніда Кучмы. Лідэры Беларусі і Ўкраіны зьбіраюцца абмеркаваць з Уладзімерам Пуціным пытаньні разьвіцьця супрацоўнцтва ў рамках СНД.
Пасьля шасьці гадоў непрызнаньня Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прыняла рашэньне легітымізаваць “нацыянальны сход” Беларусі. Дэлегацыя ЗША прапанавала перанесьці разгляд дадзенага пытаньня на летнюю сэсію. Кіраўнік дэлегацыі амэрыканскага Кангрэсу Крыстафэр Сьміт заявіў : “Мяне шакіруе тое, што мы нават разважаем пра тое, ці даць месца прадстаўнікам Лукашэнкі. Такім чынам, мы можам паслаць благі сыгналь беларускаму рэжыму. Лукашэнка і так ужо пракамэнтаваў вяртаньне місіі АБСЭ як сваю перамогу і прызнаньне ўмяшальніцтва яе ва ўнутраныя справы Беларусі. Але тут уся сутнасьць правоў чалавека. Чальцы не дазваляюць чальцам парушаць правы чалавека. Калі існуе краіна, якая іх парушае, мы павінны рэагаваць. І мне падаецца, што гэта новая місія будзе ізаляванай і малаўплывовай”.
Актыўна падтрымала легітымізацыю “нацыянальнага сходу” дэлегацыя Нямеччыны. Кіраўнік рабочай групы па Беларусі Ута Цапф заявіла: “У мяне ёсьць уласная думка. Паводле юрыдычных і палітычных перакананьнях я – за прадстаўніцтва "нацыянальнага сходу" ў ПА АБСЭ. Наш падыход – не санкцыі, а пазытыўны дыялёг. Іх трэба ўключыць і крытычна сачыць за разьвіцьцём сытуацыі. Трэба, каб яны былі ўнутры нас, а не звонку”, -- цытуе прэс-служба АГП.
Прэзыдэнт ПА АБСЭ Джордж Брус пасьля прызнаньня беларускага “парлямэнту” адзначыў: “Мы не ствараем штучных перашкодаў. Для нас дастаткова, каб краіна ратыфікавала Гэльсынскае пагадненьне, Палітычную Хартыю, а ўрад быў у складзе АБСЭ. Я спадзяюся, што гэты крок не зразумеюць як падтрымку таго, што адбываецца ў Беларусі. Гэта выключна працэдурнае рашэньне”.
Алег Алкаеў – былы начальнік Менскага СІЗА. Ён і кіраўнік адмысловай групы па прывядзеньні ў выкананьне сьмяротных прысудаў, якія ў Беларусі па-ранейшаму вельмі папулярныя. Прасьцей кажучы -- кат. Менавіта ягоны рапарт, копіі якога трапілі ў прэсу, і кніга ўліку зброі ў СІЗА пацьвярджаюць вэрсію аб датычнасьці сілавых структураў Беларусі да зьнікненьня палітычных апанэнтаў Лукашэнкі ў 1999 годзе.
Міністар замежных справаў Рэспублікі Беларусь Міхаіл Хвастоў выляцеў у Куала-Лумпур (Малазія) для ўдзелу ў ХІІІ Саміце дзяржаваў-удзельніц Руху недалучэньня (РН) у якасьці кіраўніка беларускае дэлегацыі.
Амэрыканскі кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт падаў 13 лютага на разгляд Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. “Жахлівай” назваў сп.Сьміт сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Мэтай Акта зьяўляецца прасоўваньне дэмакратычных пераўтварэньняў, правоў чалавека і вяршынства закону ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама ўхваленьне кансалідацыі і ўмацаваньня беларускага сувэрэнітэту і незалежнасьці. Акт падтрымлівае ідэю правядзеньня свабодных і справядлівых парлямэнцкіх выбараў у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі. Біль прапануе прымяненьне санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі і забараняе ўезд высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі на тэрыторыю Злучаных Штатаў, патрабуе ад прэзыдэнта ЗША публікацыі інфармацыі аб продажы і дастаўцы Беларусьсю ўзбраеньня і ваенных тэхналёгіяў краінам-ізгоям, прапануе забарону стратэгічна важных для беларускага ўраду відаў экспарту, а таксама дзяржаўнага фінансаваньня з боку ўрада ЗША. Такім чынам распачалася працэдура разгляду Акта новым складам Кангрэсу ЗША, які пачаў працу ўвосень мінулага году. Сам кангрэсмэн у інтэрвію Радыё Свабода выказаў надзею, што законапраект стане законам ужо ў бліжэйшы час.
Пасьля сыходу з канала ОНТ генэральнага дырэктара Андрэя Вастравуха, яго пасаду заняў Юры Казіятка, які раней працаваў на ОНТ першым намесьнікам генэральнага дырэктара і галоўным рэдактарам службы навінаў, а на БТ-1 вядучым адыёзнай перадачы “Панарама аналітычная”.
Прадпрыемства “Белкамунмаш” вядзе перамовы аб пастаўцы пажарнай тэхнікі ў Ірак. Як паведамілі “Медиафакту” спэцыялісты прадпрыемства, кошт дамовы будзе вызначаны бліжэйшым часам.
21 лютага Вярхоўны суд Беларусі павінен вынесьці рашэньне па касацыйнай скарзе так званых віцебскіх скінхэдаў, паведаміў прэсавы сакратар суда Валянцін Барысевіч. Яны былі асуджаныя да пазбаўленьня волі ў сьнежні леташнега году. Гэта першы ў Беларусі выпадак асуджэньня за распальваньне нацыянальнай ці расавай варожасьці, злучанай з гвалтам.
Беларусь разьлічвае прадаць 2% сваіх акцыяў у капітале сумеснага з расейскім апэратарам мабільнай сувязі МТС прадпрыемства яго расейскаму ўдзельніку. Ужо створаная ўрадавая камісія па ацэнцы кошту пакета.
Летась у Міністэрства ўнутраных справаў трапіла больш за тысячу лістоў, скаргаў і заяваў грамадзянаў. Уся інфармацыя аб парушэньнях супрацоўнікамі міліцыі законнасьці, злоўжываньнях службовым становішчам, непрыстойных паводзінах рупліва правяраецца. Пры гэтым, як паведаміў у інтэрвію БелТА начальнік кіраваньня ўласнай бясьпекі МУС Леанід Клюеў, аналіз паказвае, што пацьвярджаецца траціна скаргаў”.
Сярод вашых сваякоў і сяброў няма мэдыкаў? Тады вы жылец. Даруйце за чорны гумар, але яго ўсё больш актыўна падсілкоўваюць самі людзі ў белых халатах. Нават Вовачка і Васіль Іванавіч “пущены в расход” аўтарамі показак, а папулярнасьць дактароў у вуснай народнай творчасьці, наадварот, расьце. Зрэшты, даўно даказана: сьмех -- своеасаблівая рэакцыя чалавека. Але не давядзі Гасподзь сьмяяцца ад болю ці каб вас лячылі з кпінамі...
Пагадненьне аб супрацоўніцтве Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі з Алімпійскім камітэтам Ірака падпісанае ў чацьвер у Менску. Як удакладніў, адказваючы на пытаньне РІА “Новости”, віцэ-прэзыдэнт беларускага НАК, памочнік Аляксандра Лукашэнкі па пытаньнях фізычнай культуры, спорту і разьвіцьця турызму Мікалай Ананьеў. Пагадненьне прадугледжвае арганізацыю сумесных трэніровачных збораў, абмен трэнерамі, дактарамі, экспэртамі, навуковымі кадрамі. Ён выказаў пажаданьне, каб разам з ірацкай камандай, якая плянуе прыняць удзел у заплянаваным на 29-30 сакавіка турніры па барацьбе на прыз Аляксандра Мядзьведзя, у Беларусь прыехаў прэзыдэнт Алімпійскага камітэту Ірака, сын Садама Гусэйна -- Удэй. “Мы б тады на месцы правялі зь ім больш канкрэтныя перамовы”, -- сказаў віцэ-прэзыдэнт беларускага НАК.