Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Юры Хадыка ўвайшоў у аргкамітэт па правядзеньні Народнага Маршу «За лепшае жыцьцё!» 13:24, 25/02/2003
Намесьнік старшыні БНФ “Адраджэньне”, прафэсар Юры Хадыка ўвайшоў у склад арганізацыйнага камітэту па правядзеньні 12 сакавіка Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!”. Такім чынам, Народны марш падтрымала партыя БНФ “Адраджэньне”.
-- Юры Віктаравіч, як Вы ацэньваеце сацыяльна-эканамічнае становішча ў краіне?
-- Яно пагаршаецца, і з кожным днём гэта ўсё больш відавочна. Хаця, так бы мовіць, павышэньня ўсіх платаў за камунальныя паслугі і трэба было чакаць, бо гэта цалкам натуральны крок. Ненатуральна толькі тое, што адначасова з гэтым у нас не адбываецца рэфармаваньне эканамічных адносінаў. І таму людзей заганяюць проста ў кут, і напружаньне, вядома, у грамадзтве расьце, і акцыю, якая заплянаваная на 12 сакавіка, Фронт і я асабіста, лічым цалкам натуральнай, і мы будзем падтрымліваць яе.
-- Некаторыя палітычныя дзеячы выступалі супраць правядзеньня маршу, бо на іх думку, акцыя непасрэдна напярэдадні Дня Волі можа замінаць правядзеньню масавай акцыі ў дзень 85-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Якая вашая пазыцыя па гэтым пытаньні?
-- Так, такія меркаваньні існавалі, але калі мы абмяркоўвалі гэтую праблему, то вырашальным быў той факт, што гэтая акцыя разьлічаная на трошкі іншае кола людзей, і што акцыю сацыяльнага пратэсту практычна немагчыма аб’яднаць з акцыяй сьвяточнай, акцыяй у гонар гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. Трэба вітаць любую ініцыятыву, якая накіраваная на тое, каб уцягнуць у грамадзкае жыцьцё і акцыі пратэсту як мага большае кола людзей.
-- Як навукоўца, што вы можаце сказаць пра становішча, у якім апынуліся беларуская навука і навукоўцы?
-- Навука зараз перажывае вельмі складаны пэрыяд. Раней навука была разьлічаная на абслугоўваньне дастаткова такі своеасаблівай гаспадаркі, дзе было шмат тэмаў, неўласьцівых для маленькай дзяржавы. Напрыклад, мая лябараторыя абслугоўвала ваенна-прамысловы комплекс, і зараз мы страцілі ўсе магчымасьці працягваць гэтыя дасьледваньні. І гэта тычыцца ня толькі маёй лябараторыі. Акадэмія, як вядома, напалову была задзейнічаная ў рашэньні гэтых праблемаў. А з іншага боку ў навуцы дастаткова доўгі час адбываеца цяглае састарэньне кадраў. Моладзь усё меней і меней ідзе ў навуку, бо, па-першае, звузіліся сфэры дезйнасьці навукоўцаў, па-другое, пласт сталых навукоўцаў замінае кадраваму росту, і, па-трэцяе, вельмі нізкія заробкі. Яны і раней не былі самымі высокімі, а зараз зусім маленькія. І таму многія энэргічныя людзі сышлі ў новыя сфэры дзейнасьці, але самае крыўднае – за апошнія гады павялічыўся адток навукоўцаў за мяжу.