Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У лістападзе леташнега году мне давялося прысутнічаць на паседжаньні Беларускіх фабрык думкі з удзелам шматлікіх вядомых і паважаных людзей – лідэраў палітычных партыяў, дыпляматаў, вядомых журналістаў, палітолягаў. Усім удзельнікам сустрэчы раздалі дзьве брашуры. Першая – “Навіны НІСЭПД”, іншая – тэматычны аналітычны бюлетэнь Беларускіх фабрык думкі “Інтэграцыя Беларусі і Расеі”. Першым выступіў кіраўнік НІСЭПД прафэсар Манаеў. Казаў ён пра тое, што грамадзкая думка ў Беларусі схіляецца ўсё больш і больш да аб’яднаньня з нашым усходнім суседам. Ён паказваў розныя лічбы і дыяграмы на карысьць таго меркаваньня, а пасьля зрабіў выснову: маўляў, толькі разам з Расеяй Беларусь можа ўмацаваць дэмакратыю, рынкавую эканоміку і пабудаваць прававую дзяржаву. І лёзунгам беларускай апазыцыі павінен стаць лёзунг “разам з Расеяй -- у Эўропу!” І мне стала вельмі сумна, бо я ня веру, што з Расеяй можна стаць дэмакратычнай краінай, і што ў Эўропу наш шлях ляжыць праз Урал і Камчатку. Але што рабіць, калі ўжо кажа паважаемы прафэсар і гэтага, паводле ягоных словаў, жадае большасьць беларусаў…
Польшча сфармулявала свой погляд на дачыненьні Эўрапейскага Зьвязу да Беларусі, Расеі, Украіны і Малдовы. Гэта зрабіў, выступаючы на міжнароднай канфэрэнцыі “Пашырэньне ЭЗ і палітыка добрасуседзтва”, міністар замежных справаў Польшчы Ўладзімеж Чымашэвіч. Як вядома, польская мяжа хутка стане мяжой Эўразьвязу. Чымашэвіч лічыць, што краінам ЭЗ было б варта выпрацаваць “пасьлядоўную, усеаб’емную структуру сваёй усходняй палітыкі”, якая павінна скласьці Ўсходні накірунак ЭЗ. На думку польскага дыплямата, Усходні накірунак павінен мець няўрадавую аснову і шырока выкарыстоўваць досьвед няўрадавых арганізацыяў. Сярэднетэрміновай мэтай Усходняга накірунку ЭЗ, сказаў міністар, магло стаць стварэньне “эўрапейскай прасторы палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва ў межах Эўропы ў шырокім разуменьні гэтага слова”.
Задаволенасьць тэмпамі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Іракам і Бларусьсю выказаў 26 лютага ў часе сустрэчы з амбасадарам гэтай краіны Салманам Зэйданам старшыня “савета рэспублікі” Аляксандар Вайтовіч. Шмат у чым, паводле яго, пасьпяховаму разьвіцьцю супрацоўніцтва ў гэтай сфэры садзейнічае актыўная праца сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Яе пятае паседжаньне прайшло ў канцы сьнежня ў Багдадзе. У часе сустрэчаў у розных ірацкіх міністэрствах беларускі бок падпісаў кантрактаў на суму каля 80 мільёнаў даляраў. А.Вайтовіч выказаў упэўненасьць у тым, што з заснаваньнем амбасады Ірака ў Беларусі гандлёва-эканамічныя стасункі паміж двума краінамі будуць разьвівацца яшчэ больш дынамічна.
Напярэдадні чарговага паседжаньня камітэту па свабодзе аб’яднаньня Міжнароднай арганізацыі працы, якое пройдзе 6 сакавіка, міжнародная канфэдэрацыя свабодных прафсаюзаў (МКСП) накіравала да генэральнага дырэктара МАП Хуана Самавіа ліст. МКСП заклікае кіраўніцтва МАП нагадаць беларускаму ўраду аб забавязках, якія яно ўзяла на сябе, калі ўвайшла ў гэтую арганізацыю і ратыфікавала яе асноўныя канвэнцыі, паведамляе БелаПАН.
Сустаршыні грамадзкай арганізацыі “Прыватная ўласнасьць” Леаніду Малахаву сёньня раніцай дадому патэлефанаваў невядомы чалавек, які назваў сябе супрацоўнікам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Ломацем Сяргеем Пятровічам, і прапанаваў сустрэцца. Малахаў адмовіўся ад прапановы і парэкамэндаваў суразмоўцы выслаць яму позву ў КДБ. У адказ чалавек спрабаваў пераканаць Малахава сустрэцца і “не падымаць шума”. Аднак прадпрымальнік адмовіўся ад сустрэчы. Тады Сяргей Ломаць паабяцаў у бліжэйшы час даслаць Малахаву позву щ Камітэт дзяржбясьпекі. Сам Леанід Малахаў расцэньвае здарэньне як спробу ціску, бо ён зьяўляецца адным з арганізатараў Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!”, які пройдзе ў Беларусі 12 сакавіка. Аднак, паводле словаў прадпрымальніка, такімі мэтадамі яго не запужаць.
Днямі жонкі зьніклых беларускіх апазыцыянэраў Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская зьвярнуліся з скрагай у пракуратуру Менску, дзе больш за тры гады расьсьледваліся, а нядаўна былі прыпыненыя справы іх мужоў – Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Жанчыны патрабуюць аднавіць расьсьледваньне, але ўжо не сіламі пракуратуры. Яны просяць перадаць гэтую справу з пракуратуры Менску ў КДБ Беларусі. Скарга ўяўляе сабой дакумэнт на 14 старонках, дзе падрабязна паведамляецца пра ўсе парушэньні і памылкі сьледчых пракуратуры цягам трох гадоў так званага расьсьледваньня.
Беларусь гатовая стаць пасярэднікам у дыялёгу Руху недалучэньня і СНД па актуальных праблемах сучаснасьці. Пра гэта ў панядзелак заявіў у Куала-Лумпур (Малазія) міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў на плянарным паседжаньні ХІІІ саміту Руху недалучэньня. На думку Міхаіла Хвастова, у аснову дзейнасьці Руху недалучэньня павінен быць пакладзены дыялёг народаў і цывілізацыяў.
Прадстаўнікі Бабруйскага гарвыканкаму, ЖЭСу і міліцыі ўзломілі раніцай 25 лютага дзьверы офісу Беларускай арганізацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Гэта было зроблена па просьбе новага кіраўніцтва арганізацыі, якое падтрымлівюць бабруйскія ўлады. Старшыня арганізацыі Ганна Бокач сьцьвярджае, што галоўная мэта ўладаў – ліквідаваць адзіны ў Беларусі музэй ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, які разьмяшчаецца ў гэтым памяшканьні.
На дэманстрацыю супраць чачэнскай вайны ў цэнтры Масквы ў пятніцу прыйшлі некалькі соцен чалавек. Мокры сьнег падаў на жоўтую вопратку буддыстаў, бубен якіх падаваў надзвычай сумны і сумотны гук. Каналы дзяржаўнай тэлевізіі або ігнаравалі дэманстрацыю, або падкрэсьлівалі, што яна прыцягнула вельмі малую колькасьць людзей.
“Я думаю, што інтэлігенцыя, ва ўсякім разе, найбольш таленавітая і сумленная яе частка, ня толькі гатовая змагацца, але і змагаецца. Васіль Быкаў, Радзім Гарэцкі, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Сяргей Законьнікаў, Анатоль Грыцкевіч выступаюць у друку, змагаюцца за нацыянальную ідэю, за будучыню нацыі, стараюцца засьцерагчы людзей ад няправільных рашэньняў і ўчынкаў - такіх як, напрыклад, стварэньне незразумелай "саюзнай" дзяржавы. Гэтыя людзі змагаюцца сваімі мэтадамі, а іншыя мэтады барацьбы павінны быць узяты на ўзбраеньне палітычнымі партыямі, моладзевымі арганізацыям і г.д. Нашу інтэлігенцыю нельга абвінаваціць у абыякавасьці да лёсу Беларусі”, - заявіў у інтэрвію прэсаваму цэнтру Хартыі беларускі паэт Генадзь Бураўкін.
Нацыянальны банк Беларусі распрацаваў новыя прапановы па функцыянаваньні адзінай фінансавай сыстэмы з выкарыстаньнем расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты. Як паведамілі ў Нацбанку, яны будуць пададзеныя для абмеркаваньня ў часе сустрэчы кіраўнікоў урадаў і цэнтральных банкаў Беларусі і Расеі 27 лютага сёлетняга году ў Маскве. Падрабязнасьці новых прапановаў у Нацбанку пакуль не раскрываюць.
На 8,7 адсоткі зьнізіўся ў студзені сёлетняга году рэальна налічаны заробак рабочых і служачых Беларусі. Як паведамляе Міністэрства статыстыкі і аналізу, у параўнаньні зь сьнежнем 2002 году сярэдні заробак рабочых і служачых зьменшыўся з 231.223 да 221.429 рублёў, ці на 4,2 адсоткі. У той самы час спажывецкія кошты павялічыліся на 4,3 адсоткі, а наяўны курс даляра - на 0,3 адсоткі. У валютным эквіваленце заробак зьнізіўся з 119,2 да 113,8 даляраў ЗША. У агуле, паведамляе БелаПАН, па народнай гаспадарцы заробак зьнізіўся ў студзені з 220.926 да 211.067 рублёў, ці на 4,5 адсоткі. У валютным эквіваленце заробак зьменшыўся з 113,9 да 108,4 даляраў ЗША.
Запазычанасьць па заробнай плаце на дадзены момант маюць 13 прадпрыемстваў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі. Агульная сума пазыкі – 159 мільёнаў 200 тысячаў рублёў.
У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі прынятае рашэньне аб падвышэньні закупачных коштаў на прадукцыю жывёлагадоўлі. Як паведамілі БелаПАН у Мінсельгасхарчы, кошты на малако ў сярэднем падвышаныя на 19,6 адсоткі. Тона малака вышэйшага гатунку зараз будзе закупацца прадпрыемствамі перапрацоўкі па 285 тысячаў рублёў, першага гатунку - 230 тысячаў рублёў, другога гатунку - 180 тысячаў рублёў, малако без гатунку - па кошце 120 тысячаў рублёў за тону. Кошты на мяса буйной жывёлы вырасьлі на 7 адсоткаў, іх сярэдні паказьнік складае 1 мільён 121,5 тысячы рублёў за тону. Кошты на сьвініну павялічыліся на 16,4 адсоткі. У залежнасьці ад катэгорыі, яна будзе раэлізоўвацца па кошце ад 1 мільёна 840 тысячаў (1 катэгорыя) да 980 тысяч рублёў (6 катэгорыя) за тону.
Трывожны званок паступіў на “гарачую лінію” “СБ”. Бацькі пацыентаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі, разьмешчанага ў Бараўлянах, паведамілі пра тое, што дзеці ў палатах мерзнуць. Карэспандэнт “СБ” прааналізаваў сытуацыю.
Грошы на бочку! 11:17, 26/02/2003, Наталья Гриб, `Белорусская газета`
Расея прымусіла Беларусь на ўрадавым узроўні забараніць бартэр і пачаць плаціць грашыма. Выраз Віктара Чарнамырдзіна ў інтэрвію “Белорусской газете” яшчэ ў 1999г. “деньги на бочку - и вся любовь” мае сёньня іншую афарбоўку. “Газпром” запатрабаваў своечасовай аплаты спажываньня газу і пагашэньня пазыкі рашейшых гадоў. “Итера” ўвогуле запатрабавала папярэднюю плату ў памеры 30%. І прэм’ер-міністар Беларусі Генадзь Навіцкі абавязаў спажыўцоў прыроднага газу, цеплавой і электрычнай энэргіі з 1 лютага плаціць 90-95% грашыма.
Дэлегацыя Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў (МКСП) намерваецца 27-28 лютага наведаць Беларусь для азнаямленьня з сытуацыяй у Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), уваходжаньне якога ў МКПС будзе разглядацца ў чэрвені.
У працы судоў агульнай юрысдыкцыі ёсьць сур’ёзныя недахопы, заявіў на прэс-канфэрэнцыі старшыня Вярхоўнага суда РБ В.Сукала, і ў 2002 годзе якасьць правасудзьдзя палепшыць не ўдалося.
500 мільярдаў беларускіх рублёў (253,6 мільёны даляраў) будзе выдаткавана зь дзяржбюджэта сельскай гаспадарцы Беларусі ў 2003 годзе. Мяркуецца, што ўвосень будзе сабрана ня менш за 6,4 мільёны рублёў тонаў зерня, 8,5 мільёны бульбы, 1,4 мільёны агародніны і 3 мільёны тонаў цукровых буракоў. Таксама заплянавана нарыхтаваць каля 8 мільёнаў тонаў кармоў.
“Мы гатовыя пастаўляць газ у Беларусь у патрэбных аб’ёмах, калі гэта забясьпечыць нам хаця б мінімальную рэнтабельнасьць”, -- заявіў прэзыдэнт МДК “Итера” Ігар Макараў. Паводле яго, да 2013 году “Итера” плянуе павялічыць аб’ём паставак газу ў Беларусь да 12,5 млрд. куб. м.