Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Генадзь Бураўкін: Галоўнае – аб’яднаньне ўсіх інтэлектуальных сілаў 10:52, 26/02/2003
“Я думаю, што інтэлігенцыя, ва ўсякім разе, найбольш таленавітая і сумленная яе частка, ня толькі гатовая змагацца, але і змагаецца. Васіль Быкаў, Радзім Гарэцкі, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Сяргей Законьнікаў, Анатоль Грыцкевіч выступаюць у друку, змагаюцца за нацыянальную ідэю, за будучыню нацыі, стараюцца засьцерагчы людзей ад няправільных рашэньняў і ўчынкаў - такіх як, напрыклад, стварэньне незразумелай "саюзнай" дзяржавы. Гэтыя людзі змагаюцца сваімі мэтадамі, а іншыя мэтады барацьбы павінны быць узяты на ўзбраеньне палітычнымі партыямі, моладзевымі арганізацыям і г.д. Нашу інтэлігенцыю нельга абвінаваціць у абыякавасьці да лёсу Беларусі”, - заявіў у інтэрвію прэсаваму цэнтру Хартыі беларускі паэт Генадзь Бураўкін.
-- Прадстаўнікі ўлады ўвесь час падкрэсліваюць свой клопат аб стане духоўнасьці ў краіне. Які, у выніку, на ваш погляд, гэты стан духоўнасьці?
-- На жаль, тут вельмі шмат праблемаў. Напрыклад, адносіны да таких сьвятыняў, як гісторыя і мова. Сапраўдную нашу гісторыю мы ня толькі не вывучылі, але і вучыць не зьбіраемся. Адносіны да мовы ўвогуле незразумелыя і нецывілізаваныя. Зьняважлівыя адносіны да яе ўсюды - у парляманце, у школе, у сродках масавай інфармацыі. І таму нельга казаць, што ў нас ідзе клопат аб духоўнасьці, калі ў нас такія адносіны да нацыянальных гісторыі і мовы. І не відно, на жаль, ніякіх зьменаў да лепшага. Словаў шмат, словы правільныя, а спраў сур`езных я не заўважаю. У краіне няма ніводнай нацыянальнай вышэйшай установы, не пашыраецца сетка беларускамоўных школ, няма аб`ектыўных падручнікаў па гісторыі, няма росту выпуску кніг на беларускай мове... Таму чыноўнікі, якія кажуць аб клопаце стану духоўнасьці ў краіне, выдаюць жаданае за рэальнае, а, можа быць, на самой справе, гэта для некаторых з іх і не занадта жаданае.
-- Ці гатовая інтэлігенцыя да змаганьня? Ці часы, калі інтэлігенты думалі аб "шчасьці народным" засталіся ў эпосе Купалы, Багдановіча, Лучыны, Цёткі, Коласа?
-- Гэта вельмі няпростае пытаньне. Я думаю, што інтэлігенцыя, ва ўсякім разе, найбольш таленавітая і сумленная яе частка, ня толькі гатовая змагацца, але і змагаецца. Васіль Быкаў, Радзім Гарэцкі, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Сяргей Законьнікаў, Анатоль Грыцкевіч выступаюць у друку, змагаюцца за нацыянальную ідэю, за будучыню нацыі, стараюцца засьцерагчы людзей ад няправільных рашэньняў і ўчынкаў - такіх як, напрыклад, стварэньне незразумелай "саюзнай" дзяржавы. Гэтыя людзі змагаюцца сваімі мэтадамі, а іншыя мэтады барацьбы павінны быць узятыя на ўзбраеньне палітычнымі партыямі, моладзевымі арганізацыям і г.д. Нашу інтэлігенцыю нельга абвінаваціць у абыякавасьці да лёсу Беларусі.
-- На 16 сакавіка заплянаваны зьезд беларускай інтэлігенцыі. Якія мэты зьезду?
-- Я не хачу казаць за іншых. Я буду удзельнічаць у ім. На мой погляд, галоўная мэта адна - аб`яднаньне ўсіх інтэлектуальных сілаў на працу дзеля незалежнай і дэмакратычнай краіны. Трэба адкінуць прыватныя інтарэсы, трэба не завастрацца на партыйных разыходжаннях у падыходзе да праблемаў сучаснасьці. Галоўнае -- каб засталася беларуская незалежная нацыянальная дзяржава.
-- 12 сакавіка ў краіне пройдзе Народны марш "За лепшае жыцьце!". На Ваш погляд, ці патрэбная зараз гэтая акцыя?
-- Я лічу, што любое выяўленьне думак, пазыцыяў людзей заўсёды карыснае для грамадзтва, калі гэтае грамадзтва хоча, каб яно было як мага больш згуртаваным. Таму лічу, што Народны марш патрэбны. У нас часта зьяўляюцца нечаканыя рашэньні дзяржавы. Узяць той жа неймаверны рост тарыфаў на камунальные паслугі. Але, каб улада прыслухоўвалася да людзей, трэба каб людзі выказвалі свае адносіны да яе. Ну, а формы выяўленьня сваёй волі людзі выбіраюць самі. Таму я бяспрэчна падтрымліваю акцыю Народны марш "За лепшае жыцьцё!".
-- Над чым Вы зараз працуеце?
-- Паэту цяжка адказаць на такое пытаньне. Паціху пішу вершы для сваёй новай кнігі. На жаль, у нас напісаць вершы ня самае складанае, самае складанае надрукаваць іх і выдаць асобнай кнігай. Спадзяюся, прыйдзе час, і мае вершы можна будзе надрукаваць асобнай кнігай, таму што я іх пішу не для сябе, а для сваіх суайчыньнікаў - беларусаў, для сваіх дарагіх чытачоў.