Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Генэрал і чэмпіён кідаюць выклік? 14:45, 26/02/2003
Дэпутаты так званай “палаты прадстаўнікоў” Валеры Фралоў і Ўладзімер Парфеновіч ладзяць заўтра ў сьценах сваёй установы ўнікальнае мерапрыемства. Запрашэньне на круглы стол, ініцыяваны дэпутацкай групай “Рэспубліка” атрымалі прадстаўнікі ўсіх зарэгістраваных у Міністэрстве юстыцыі 18 палітычных партыяў, пяці міністэрстваў, Камітэту дзяржбясьпекі, асноўных грамадзкіх арганізацыяў Беларусі, журналісты. Яны абмяркуюць пытаньні сувэрэнітэту Беларусі, сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне, магчымыя шляхі па выхаду з крызысу, які напаткаў Беларусь праз цяперашнюю ўладу. Правядзеньне гэтага круглага стала можа стаць сапраўднай сэнсацыяй – з 1996 году прадстаўнікі дэмакратычных апазыцыйных партыяў упершыню пярэйдуць ганак Дому ўрада.
Генэрал Фралоў і трохразовы Алімпійскі чэмпіён Парфеновіч ужо даўно парушаюць спакой у органе, які лічыцца “кішэнным парлямэнтам” Лукашэнкі. Яны наведваюць з візытамі рэпрэсаваных журналістаў, ставяць перад уладай непрыемныя пытаньні пра лёс зьніклых палітыкаў і пазабюджэтны фонд Лукашэнкі, а нядаўна ініцыявалі разгляд у Канстытуцыйным судзе пытаньня аб вяртаньні бясплатных мэдычных паслугаў. Зараз Фралоў і Парфеновіч намерваюцца падняць найбольш вострыя пытаньні – сувэрэнітэту краіны і агалечваньня народа.