Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вайтовіч: Адносіны між Беларусьсю і Іракам будуць разьвівацца больш дынамічна 13:56, 26/02/2003
Задаволенасьць тэмпамі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Іракам і Бларусьсю выказаў 26 лютага ў часе сустрэчы з амбасадарам гэтай краіны Салманам Зэйданам старшыня “савета рэспублікі” Аляксандар Вайтовіч. Шмат у чым, паводле яго, пасьпяховаму разьвіцьцю супрацоўніцтва ў гэтай сфэры садзейнічае актыўная праца сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Яе пятае паседжаньне прайшло ў канцы сьнежня ў Багдадзе. У часе сустрэчаў у розных ірацкіх міністэрствах беларускі бок падпісаў кантрактаў на суму каля 80 мільёнаў даляраў. А.Вайтовіч выказаў упэўненасьць у тым, што з заснаваньнем амбасады Ірака ў Беларусі гандлёва-эканамічныя стасункі паміж двума краінамі будуць разьвівацца яшчэ больш дынамічна.
Як паведамляе БелаПАН, згодна даведцы, падрыхтаванай сакратарыятам "савету рэспублікі", супрацоўніцтва дзьвюх краінаў ажыцьцяўляецца ў рамках санкцыяў Рады бясьпекі ААН. Рэзалюцыі РБ вызначаюць умовы паставак у Ірак харчоў, мэдыкамэнтаў, а таксама матэрыялаў на асноўныя грамадзянскія патрэбы ў рамках экспартна-імпартнай праграмы “Нафта ў абмен на харчаваньне і мэдыкаменты”. Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, у 2002 годзе беларускі экспарт у Ірак пераўзышоў 32 мільёны даляраў пры нулявым імпарце. У 1998 годзе гэтыя паказьнікі складалі: каля 5,5 мільёнаў і таксама ніякага імпарту. Аснова беларускага экспарту ў Ірак -- гэта шыны, металапракат, грузавыя аўтамабілі, дарожна-будаўнічая тэхніка і трактары. Спэцыялісты лічаць, што пэрспэктыўным накірункам супрацоўніцтва можа стаць удзел беларускіх прадпрыемстваў у арганізацыі на тэрыторыі Ірака зборачных вытворчасьцяў з выкарыстаньнем беларускіх камплектавых частак і тэхналёгіяў, а таксама ў праектах разьвіцьця інфраструктуры нафтаздабычы і энэргетыкі.
Кажучы пра пазыцыю Беларусі па ірацкай праблеме, сьпікер “савету рэспублікі” адзначыў, што Беларусь сыходзіць з наступных меркаваньняў: па-першае, Ірак – сувэрэнная незалежная дзяржава; па-другое, Ірак павінен супрацоўнічаць з ААН па выкананьні адпаведных рэзалюцыяў і, па-трэцяе, далейшыя дзеяньні міжнароднай супольнасьці адносна Ірака павінны ўзгадняцца з ААН і Радай бясьпекі ААН. “Лічым, што сытуацыя павінна вырашыцца мірным шляхам”, -- заявіў Аляксандар Вайтовіч.
У адказ Салман Зэйдан адзначыў, што ірацкі народ, ягоны ўрад і прэзыдэнт хочуць міра, бо ведаюць, што такое вайна. Больш за тое, паводле ягоных словаў, у Багдадзе ведаюць, што “ўвесь сьвет з Іракам”, пра што сьведчаць масавыя акцыі пратэсту супраць магчымай ваеннай апэрацыі ЗША, што прайшлі ў апошнія дні ў шматлікіх краінах.