Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь прапанавала стаць “зьвязкаю” паміж Рухам недалучэньня і СНД 10:59, 26/02/2003
Беларусь гатовая стаць пасярэднікам у дыялёгу Руху недалучэньня і СНД па актуальных праблемах сучаснасьці. Пра гэта ў панядзелак заявіў у Куала-Лумпур (Малазія) міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў на плянарным паседжаньні ХІІІ саміту Руху недалучэньня. На думку Міхаіла Хвастова, у аснову дзейнасьці Руху недалучэньня павінен быць пакладзены дыялёг народаў і цывілізацыяў.
Як паведамілі “Росбалту” ў прэсавай службе МЗС Беларусі, Міхаіл Хвастоў адзначыў, што для беларускай дэлегацыі ХІІІ саміт Руху недалучэньня зьяўляецца знамянальным. “Гэта першая сустрэча Руху недалучэньня такога ўзроўню, дзе Беларусь удзельнічае ў якасьці поўнапраўнага сябра арганізацыі, -- патлумачыў беларускі міністар. – У час працы Руху недалучэньня Беларусь імкнецца ўнесьці свой унёсак у разбурэньне сьценаў недаверу паміж дзяржавамі і народамі”. На думку кіраўніка беларускага МЗСу, у бліжэйшыя гады глябалізацыя будзе аказваць істотны ўплыў на дзейнасьць руху недалучэньня. “Прымаючы на ўвагу цяперашні навукова-тэхнічны і эканамічны патэнцыял нашай краіны, супрацоўніцтва зь Беларусьсю можа садзейнічаць больш гарманічнаму і эфэктоўнаму разьвіцьцю краінаў, якія ўваходзяць у Рух недалучэньня, -- сказаў Міхаіл Хвастоў. – Удзел у Руху недалучэньня адкрывае шырокія магчымасьці для разьвіцьця двухбаковага гандлю з нашымі партнэрамі па аб’яднаньні”.
Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі прапанаваў у поўнай меры задзейнічаць патэнцыял Руху недалучэньня з мэтай паляпшэньня цяперашняй шматбаковай сыстэмы міжнароднага гандлю. “Павінны быць дасягнутыя роўныя недыскрымінацыйныя ўмовы для ўступленьня краінаў у стадыі разьвіцьця і дзяржаваў зь пераходнай эканамікай у сусьветную гандлёвую арганізацыю, -- падкрэсьліў Міхаіл Хвастоў. – Мы лічым што гэта важней за фінансавую дапамогу”.
Наконт сытуацыі вакол Ірака, кіраўнік беларускага МЗС заявіў, што рух недалучэньня павінен заставацца “цьвёрдым прыхільнікам працягу інспэкцыяў у Іраку, пасьлядоўна выступаць за выкарыстаньне выключна палітычных мэтадаў урэгуляваньня сытуацыі”.
Рух недалучэньня – рух, які аб’ядноўвае дзяржавы, якія абвесьцілі за аснову свайго замежнапалітычнага курса няўдзел у ваенна-палітычных блёках і групоўках. У 1992 годзе ў Рух недалучэньня ўваходзіла 108 краінаў.