Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Нягледзячы на ўсемагчымыя перашкоды, сёньня ў Доме ўрада ўсё ж такі адбыўся круглы стол “Незалежная Беларусь аб’ядноўвае нас”, ініцыянаваны дэпутацкай групай “Рэспубліка”. Для ўдзелу ў ім былі запрошаныя прадстаўнікі ўсіх зарэгістраваных у Міністэрстве юстыцыі 18 палітычных партыяў, асноўных грамадзкіх арганізацыяў Беларусі, журналісты. Упершыню за шэсьць гадоў, пасьля скандальнага разгону Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, апазыцыя павінна была перайсці ганак Дома ўраду.
Аднак за пятнаццаць хвілінаў да пачатку мерапрыемства, раптам высьветлілася, што ў будынак нікога не пускаюць. Сталася так, што прадстаўнік групы “Рэспубліка” Уладзімер Парфеновіч, які займаўся пропускамі для ўдзельнікаў круглага стала, ня мае права адзін правесьці ў Дом ураду столькі людзей. Парфеновічу заявілі, што, калі людзі ўсё ж такі пройдуць, то начальнік сакратарыяту і ягоны намесьнік проста будуць звольненыя. “Дэпутат” паведаміў кур’ёзную дэталь: чалавек, які выпісваў пропускі для ўдзельнікаў дадзенага мерапрыемства, наагул зачыніўся ў сваім кабінэце і нікога не ўпускае. Тады “дэпутатам” з “Рэспублікі” давялося падзяліць запрашэньні між сабой і праводзіць праз міліцэйскі пост людзей невялікімі групамі. Калі ўсе, нарэшце, падыйшлі да кабінэта, дзе павінен быў адбыцца стол, высьветлілася, што загадкавым чынам зьнік ключ. Яго вельмі доўга шукалі і ўсё ж такі не знайшлі. Апафеозам стала паведамленьне Парфеновіча і Фралова пра тое, што кіраўнік Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Урал Латыпаў даў загад не дапусьціць правядзеньне круглага стала з удзелам апазыцыйных палітыкаў.
У рэшце рэшт, круглы стол вырашылі праводзіць у фае залі паседжаньняў. Добра стаяў там стол, хоць і не круглы. Мерапрыемства цягнулася каля паўтары гадзіны. У ім удзел прынялі такія беларускія дзеячы як старшыня БНФ “Адраджэньне” Вінцук Вячорка, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намесьнік старшыні Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Уладзімер Нісьцюк, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, старшыня Беларускага Гэльсынскага камітэту Тацяна Процька, лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, паэт Генадзь Бураўкін, старшыня Саюза мастакоў Уладзімер Басалыга і іншыя. Удзельнікі круглага стала адзінадушна заявілі пра неабходнасьць захаваньня сувэрэнітэту Беларусі і правядзеньня ў краіне сацыяльна-эканамічных рэформаў. Выказвалася таксама занепакоенасьць паскораным працэсам беларуска-расейскай інтэграцыі. У канцы мерапрыемства ўдзельнікі прынялі заяву, у якой заклікалі ўсе палітычныя і грамадзкія арганізацыі краіны прыкласьці ўсе намаганьні на захаваньне незалежнасьці Беларусі і прыняць актыўны ўдзел у сьвяткаваньні 85-годзьдзя з дня заснаваньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
Акрамя таго, на паседжаньні круглага стала Валеры Фралоў і Ўладзімер Парфеновіч заявілі, што яны ўвайші ў склад аргкамітэту па правядзеньні Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!”, які адбудзецца ў Менску 12 сакавіка. Прэсавы цэнтар Хартыі пацікавіўся ў генэрала Фралова, ці не баіцца ён наступстваў гэтага дастаткова рызыкаванага кроку. “Не баюся. Страхі ўсе пакінуў. Надакучыла баяцца. Хопіць. У рэшце рэшт, я жыву ў роднай краіне”, -- адказаў Валеры Фралоў. Што тычыцца прычынаў, якія вымусілі яго стаць адным з арганізатараў Народнага маршу, то, паводле словаў генэрала, “становішча вымушае да такіх мераў”. “Правядзеньне масавых акцыяў – гэта адзін з спосабаў, якія могуць паўплываць на ўладу. І яго трэба выкарыстоўваць, бо сытуацыя ў краіне катастрафічная. І галоўнае -- ніякіх надзеяў на паляпшэньне. А адсутнасьць надзеі – гэта самае страшнае”, -- заявіў Фралоў.