Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У сувязі з адмаўленьнем Цэнтральнай выбарчай камісіі дапусьціць на выбары ў мясцовыя Саветы міжнародных назіральнікаў, амбасада ЗША ў Менску заклікае ўрад Беларусі прытрымлівацца забавязкаў, прынятых у рамках АБСЭ, у сфэры правядзеньня выбараў.
Амэрыканскі кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт лічыць, што Аляксандар Лукашэнка шыкуе ў той час, як беларусы павінны змагацца за фізычнае выжываньне. “Выпадак гэты вельмі падобны на выпадак Маркаса а Філіпінах, напрыклад, ці Сухарта ў Інданэзіі, якія абрабавалі сваіх уласных падначаленых на шмат мільёнаў даляраў, а людзі галадалі. Я думаю, трэба, каб значна болей людзей зразумела, наколькі гэта жахліва, што Лукашэнка шыкуе ў той час, як беларусы павінны змагацца за фізычнае выжываньне. Мяркую, што сабраныя сумы грошай Лукашэнкі значныя, але пакуль я ня маю права называць ніякіх лічбаў. Аднак спосаб накапленьня асабістага багацьця дыктатара, у той час як людзі пакутуюць ад галечы, паўтараецца ад дыктатуры да дыктатуры на ўсіх кантынэнтах”, -- заявіў кангрэсмэн у інтэрвію “Белорусской деловой газете”. Чытайце інтэрвію з Крыстафэрам Сьмітам.
З фармулёўкай “за абразу і паклёп адносна прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь” зьняты з кандадытаў у дэпутаты па Ясенінскай выбарчай акрузе Менскага гарадзкога Савету Сяргей Чыслаў. Такога прэцэдэнту на мясцовых выбарах яшчэ не было. Пазбаўленьне Сяргея Чыслава статуса кандыдата было зьвязанае з трансьляцыяй у час сустрэчаў з выбарцамі незабароненых для паказу фільмаў “Звычайны прэзыдэнт” (рэжысэр Юры Хашчавацкі)і “Дзікае паляваньне” (рэжысэр Павал Шарамет). Акрамя таго, на сустрэчах з выбарцамі выступалі генэрал-маёр, дэпутат “палаты прадстаўнікоў” Валеры Фралоў і дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Антончык.
Афіцыйныя СМІ на ўсе галасы рэклямуюць датэрміновае галасаваньне. І паўстаюць на абарону ад нападкаў апазыцыі. Маўляў, няма чаго чапляцца – яно практыкуеца і ў Эстоніі, і ў Брытаніі, і ў Штатах. Словам, у цытадэлях дэмакратыі. Больш за тое – у некаторых заходніх краінах можна нават па пошце прагаласаваць!
Выбары дэпутатаў сельскіх і месьцячковых Саветаў амаль паўсюль будуць безальтэрнатыўнымі, паведаміў сакратар Цэнтральнае камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Мікалай Лазавік 27 лютага на сустрэчы з журналістамі ў Менску.
“Пісьменьнік мусіць мець цьвёрдую грамадзянскую пазыцыю. Нашаму грамадзтву катастрафічна не хапае грамадзянства. Адна з задачаў інтэлігенцыі – дапамагчы нашаму народу пазбавіцца ад адчуваньня “тутэйшасьці”, адчуць сябе людзьмі адказнымі за грамадзянскі стан нашага грамадзтва. Калі кожны настаўнік у сельскай школе, кожны выхавацель дзіцячага садка, аграном, інжынер адчуюць адказнасьць за лёс гэтай краіны, тады нашае грамадзтва перастане быць такім маўклівым і інэртным”, -- заявіла ў інтэрвію прэсаваму цэнтру Хартыі беларуская пісьменьніца Вольга Іпатава.
“Мы памянялі ўладу ў Аўганістане, памяняем у Іраку. Калі будзе неабходна -- памяняем уладу і ў іншых краінах”. У гэтых фразах – квінтэсэнцыя меркаваньня амэрыканскага палітоляга Джошуа Мураўчыка з Інстытута сусьветнае палітыкі ў Вашынгтоне, якое ён выказаў у час нядаўняга “прапагандысцка-лекцыйнага тура” па Ўсходняй Эўропе. Ён лічыць, што вайна супраць Багдада – гэта вайна супраць тэрарызму, у рамках якой ЗША зьбіраюцца прывесьці грамадзкі лад у краінах Блізкага Ўсходу “ у адпаведнасьці з агульначалавечымі каштоўнасьцямі”.
Выбарчая камісія Маскоўскага раёну Менску учыніла ў чацьвер сапраўдную “зачыстку” перадвыбарчай прасторы ад няўгодных для ўлады кандыдатаў у дэпутаты гарадзкога Савету. Прычым асаблівую ўвагу надзялілі тым прэтэндэнтам на месцы ў Горсавеце, якія, паводле апытаньняў жыхароў сваіх акругаў, мелі найлепшыя шанцы быць абранымі. Сярод тых, каму райвыбаркам паказаў “ чырвоныя карткі”, намесьнік старшыні АГП Сяргей Альфэр і сябра палітрады АГП Яўген Лабановіч.
У Беларускі Гэльсынскі Камітэт прыходзяць зьвесткі аб прымушэньні выбарцаў да датэрміновага галасаваньня на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. Сяргей Калпакоў – даверчая асоба кандыдата ў дупэтаты па Зыгінскай выбарчай агрузе №10 Валеры Шчукіна – паведамляе, што 26 лютага ў памяшканьні для галасаваньня на выбарчым участку 310 увайшла выхавацелька інтэрнату пэдагагічнага каледжа Надзея Лісоўская. Выхавецелька Лісоўская пры патуральніцтве сябраў выбарчай камісіі Сімановіч В.В. і Шарстук Н.С. праверылі сьпісы выбарцаў і вызначылі, хто з студэнтаў – жыхароў інтэрнату прагаласавалі датэрмінова, а хто ў галасаваньні не ўдзельнічаў. Хутка пасьля сыходу Надзеі Лісоўскай у памяшканьні для галасаваньня рэзка павялічыўся паток студэнтаў, якія прыйшлі галасаваць датэрмінова. У прыватных размовах студэнты паведамілі, што ўдзельнічаюць ў датэрміновым галасаваньні пад ціскам адміністрацыі.
2-5 сакавіка 2003 году адбудзецца візыт дэлегацыі “нацыянальнага сходу” Беларусі на чале з старшынём “палаты прадстаўнікоў” Вадзімам Паповым ў Лібію па запрашэньні сакаратара Вышэйшага Народнага Кангрэсу (старшыня парлямэнту) Лібіі Аз-Занаці Мухамада Аз-Занаці. Пра гэта паведаміў на брыфінгу намесьнік начальніка кіраваньня інфармацыі МЗС Беларусі Андрэй Савіных.
Амбасадар ЗША ў Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе Стывен Мінікес 27 лютага выступіў перад Сталай Радай АБСЭ. Тэмай выступу стала нядаўнае наданьне “Нацыянальнаму сходу” Беларусі месца ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. На думку амбасадара ЗША, пасьля гэтага кроку з боку краінаў-сябраў АБСЭ, беларускае кіраўніцтва абавязанае правесьці ў краіне рэформы. “Беларускі ўрад нядаўна заявіў, што ў выпадку прыняцьця парлямэнту Беларусі ў якасьці поўнапраўнага сябра Парлямэнцкае асамблеі АБСЭ, яно прыме канкрэтныя дзеяньні па выкананьні прынцыпаў і патрабаваньняў АБСЭ. Такім чынам, цяжар адказнасьці за прыняцьце канкрэтных мераў па выкананьні гэтых умоваў пры садзеяньні місіі АБСЭ ў Менску і іншых інстытутаў АБСЭ, цалкам ляжыць на беларускім урадзе. Зараз у Беларусі зьявілася магчымасьць даказаць правату тых, хто заяўляў, што прыняцьце Беларусі ў ПА АБСЭ сапраўды прывядзе да рэформаў. Спадзяюся, Беларусь скарыстае свое шанец”, -- заявіў Стывен Мінікес. Чытайце тэкст заявы амбасадара Злучаных Штатаў Амэрыкі.
Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь паведаміла пра пачатак расьследваньня перад увядзеньнем мераў у адказ у сувязі зь невыкананьнем Азэрбайджанскай Рэспублікай забавязкаў па міжнародных дамовах адносна Рэспублікі Беларусь. Прадметам расьсьледваньня зьяўляеца аднабаковае, насуперак падпісаным з Рэспубллікай Беларусь пагадненьняў аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, спагнаньне мытных пошлінаў з тавараў зь Беларусі.
У Радзе бясьпекі Расеі не выключаюць, што крыміналітэт учыніць спробу скарыстаць плён працы эканамічнай інтэграцыі Беларусі , Казахстану, Расеі і Ўкраіны. Як заявіў у чацьвер журналістм першы намесьнік сакратара Рады бясьпекі Расеі Мікалай Лазавік, “рашэньні, прынятыя на нядаўняй сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі, Казахстану, Украіны і Беларусі з усёй відавочнасьцю акрэсьлілі імкненьне нашых дзяржаваў замацаваць эканамічнае супрацоўніцтва, зрабіць больш простым перасоўваньне тавараў і паслуг праз межы”. Ён падкрэсьліў, што ў дадзеных умовах неабходна “гарантавана закрыць межы для крыміналітэту ўсіх мясьцей”, паведамляе РІА “Новости”.
Крымінальная справа адносна экс-прэзыдэнта канцэрну “Белхарчпрам” Віктара Казекі і ягонага сына – начальніка аддзелу збыта РУП “Менск-Крышталь” Аляксандра Казекі, будзе разглядацца ў менскім гарадзкім судзе 3 сакавіка. Пра гэта паведаміла інфармацыйнае агенцтва “Интерфакс”.
Гора горкае 13:29, 28/02/2003, Вольга Піліпенка, «Советская Белоруссия»
Камунальныя службы Маладэчна актыўна рыхтуюцца да пераменаў. Паводле рашэньня гарвыканкаму тут пачнуць зносіць грады каля шматпавярховых дамоў. На іх месцы зьявяцца газоны. Замест страчаных участкаў гарвыканкам прапануе аматарам гародаў участукі на ўскрайках у садовых каапэратавах.
На новы этап супрацьстаяньня выводзяць беларускія ўлады ўзаемаадносіны ў галіне гандлю півам між Расеяй і Беларусьсю. 19 лютага Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову № 208 “Аб упарадкаваньні ўвозу і звароту на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь піва соладавага, вырабленага ў краінах Мытнага зьвязу, з якімі адмененыя мытны кантроль і мытнае афармленьне”. За такой доўгай назвай адносна краінаў мытнага зьвязу хаваецца адзінае слова -- з Расеі. Гэтая пастанова накіраваная менавіта супраць паставак з Расеі. Сярод краінаў СНД (Мытнага зьвязу), якія маюць магчымасьць пастаўляць піва ў РБ толькі з Расеяй адсутнічае працэдура мытнага кантролю і афармленьня.
Нядаўнае прызначэньне чальцоў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі завершыла амаль гадавы перапынак у працы гэтай арганізацыі. Як паведамляе карэспандэнт “Известий”, ніхто ня можа патлумачыць, чаму за такі доўг тэрмін адміністрацыя Лукашэнкі не магла паведаміць кіраўніку дзяржавы пра кандыдатуры, якія маюць права прымаць канчатковыя рашэньні па ўганараваньні навуковых ступеняў і званьняў.
Паводле рашэньня калегіі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, будуць ліквідоўвацца некалькі мэдычных вучэльняў – у Баранавічах (Берасьцейская вобласьць), Слоніме (Гарадезнская вобласьць), Полацку (Віцебская вобласьць) і Маладэчне (Менская вобласьць). Такім чынам Міністэрства аховы здароўя, пачынаючы з 2003-2004 навучальнага году, плянуе скараціць дзяржаўны плян прыёму студэнтаў для шэрагу мэдычных вучэльняў, а ў некаторых сярэдніх мэдычных установах адукацыі і ўвогуле адмяніць дзяржзаказ.
Адносна запалак і фосфарных угнаеньняў, якія імпартуюцца зь Беларусі на Ўкраіну могуць быць уведзеныя антыдэмпінгавыя пошліны і адмысловыя квоты. Як патлумачыў прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных, 28 лютага і 3 сакавіка сёлетняга году плянуецца ўдзел прадстаўнікоў міністэрства замежных справаў Беларусі ў слуханьнях аб ходзе правядзеньня расьследваньняў, датычных імпарту на Ўкраіну згаданых тавараў.
Для забесьпячэньня разьлікаў за паслугі электрычнай сувязі Савет Міністраў Беларусь пастанавіў (ПСМ РБ №215 ад 20.02.2003г), што органы дзяржкіраваньня пад пэрсанальную адказнасьць іх кіраўнікоў павінны забясьпечыць 100-адсоткавую плату за паслугі электрасувязі і пагашэньня да 31 сакавіка ўтворанай на 31 сьнежня 2002 году запазычансьці за гэтыя паслугі. Кіраўнікам арганізацыяў пры заключэньні дамоваў за паслугі электрычнай сувязі рэкамэндавана разьлічыцца за гэтыя паслугі шляхам палацежных патрабаваньняў з аплатай паслугаў у дзень паступленьня іх у банк плацельшчыка. Мінсувязі павінна ў 3-месяцовы тэрмін унесьці іх Савету мінітсраў прапановы аб парадку абмежаваньня карыстаньня паслгамі сувязі для арганіацзыяў, якія не забясьпечылі своечасовую іх аплату.
Чацьвертае паседжаньне Беларуска-кубінскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве праходзіць у Гаване. Беларускую дэлегацыю ачольвае намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Сычоў.