Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў прайшлі ў Беларусі 2 сакавіка. Як паведаміла Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, у агуле па рэспубліцы ў галасаваньні прынялі ўдзел 72,96 адсоткі выбарцаў. Хто-небудзь з вас, хто прачытаў гэтыя лічбы, галасаваў учора?.. Зрэшты, цяперашняй уладзе не прывыкаць “рысаваць” прыемныя для яе вынікі галасаваньня. Напярэдадні абвесьцілі, што датэрмінова ў краіне прагаласавала 20,7% выбарцаў. Гэтая лічба перакрыла нават паказьнік выбараў прэзыдэнта ў 2001-м. Тады паведамілі пра датэрміновае галасаваньне толькі 14 зь невялікім адсоткаў. Нагадаем – паводле міжнародных стандартаў выбары ўжо не лічацца свабоднымі, калі датэрміновая яўка склала больш за тры адсоткі.
Па абласьцёх ЦВК намаляваў наступныя лічбы тых, хто нібыта прыйшоў на выбарчыя ўчасткі: Магілёўская вобласьць – 76,98%, Гарадзенская вобласьць – 76,80%, Віцебская вобласьць – 76,74%, Берасьцейская – 76,22%, Менская – 74,75%, Гомельская – 72,53%, Менск – 60,15%.
Усяго ў выбарах у нашай краіне могуць прымаць удзел каля 7 мільёнаў выбарцаў. Месцаў у мясцовыя Саветы – 24.010. На гэтыя “вакансіі” прэтэндавала каля 26,5 тысячаў кандыдатаў.
У большасьці выбарчых акругаў сельскіх і месьцячковых Саветаў выбары былі безальтэрнатыўнымі. Сярэдні конкурс у Саветы нізавога ўзроўню склаў толькі 1,1 кандыдаты. Трошкі вышэй конкурс быў у Саветы гарадоў раённага падпарадкаваньня – 1,4 кандыдаты на месца, абласных цэнтраў – 1,6 і гарадоў абласнога падпарадкаваньня – 2 кандыдаты на дэпутацкае месца. Лідзіравала сталіца, дзе ў сярэднем на кожныя з 55 дэпутацкіх мандатаў прэтэндавала па тры кандыдаты.
Палітычныя партыі выставілі на выбары каля 700 сваіх кандыдатаў. Гэта “капля ў моры” адразу вызначыла няўдачу партыйцаў у гэтай кампаніі. На ўсе размовы аб адзіным блёку забылі яшчэ ў мінулую восень.
Але нават калі б партыйныя кандыдаты прайшлі ў Саветы ўсе да аднаго, гэта ніякім чынам бы не палепшыла сытуацыю. Тым больш, што ў сваёй большасьці кандыдаты ішлі ад ляяльных структураў кшталту ЛДПБ ці КПБ. Дэмакратычныя партыі сутыкнуліся з масавым “адсевам” сваіх кандыдатаў, іх прадстаўнікам дастануцца адзінкавыя мандаты. А заявы лідэраў пра тое, што ім праз выбары ўдалося “схадзіць у народ” – проста сьмешныя. Навошта было “хадзіць у народ”? Проста паразмаўляць заўсёды можна і без усялякіх выбараў.
Адсутнасьць веры ў сілы мясцовых Саветаў, разьяднанасьць партыяў, якім не ўдалося дабіцца даверу электарату -- усё гэта нарадзіла нежаданьне грамадзянаў краіны ісьці галасаваць, якія б лічбы не “рысаваў” ЦВК.