Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дэпутата свайго Савету Лукашэнка так і не абраў 10:53, 03/03/2003
То факт, што ў дзень выбараў кіраўнік дзяржавы адпачывае на гарналыжным курорце за межамі краіны, лідэры апазыцыйных беларускіх партыяў расцэньваюць як “сьведчаньне таго, што мясцовыя Саветы ня маюць вялікага значэньня для цяпершняй улады”.
Вінцук Вячорка, старшыня Партыі БНФ, патлумачыў для БелаПАН сытуацыю такім чынам: “Спадарыня Ярмошына -- цалкам “надзейны” кіраўнік “надзейнай” машыны. Таму фактычна кіраўнік дзяржавы цалкам мог дазволіць сабе паехаць адпачыць, што лішні раз даказвае поўную нязначнасьць мясцовых Саветаў для функцыянаваньня дзяржаўнай машыны, створанай ў 1996 годзе. У нас няма ніякага мясцовага самакіраваньня, і тое, што Лукашэнка зьехаў у Сочы, -- толькі дадатковы аргумэнт”.
“Гэты факт яшчэ раз падкрэсьлівае тое невялікае значэньне, якое адводзіць улада мясцовым Саветам, -- адзначыў у інтэрвію БелаПАН старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін. – Менавіта таму выбарчая кампанія, якую праводзіла ўлада, фактычна, правалілася: у сярэднем зарэгістравана трошкі болей чым адзін кандыдат на выбарчую акругу, многія акругі проста безальтэрнатыўныя”.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька таксама перакананы, што “адсутнасьць кіраўніка дзяржавы ў дзень галасаваньня -- сьведчаньне стаўленьня ўлады да мясцовых Саветаў”. “Тое, што Лукашэнкі нават няма ў краіне, азначае, што ў Беларусі ўжо створаная сыстэма, якая кантралюе ўвесь ход выбараў. А кантраляваць саму сыстэму можна і за межамі краіны”, -- адзначыў ён.
Нагадаем, што з 24 лютага А.Лукашэнка знаходзіцца ў кароткатэрміновым адпачынку ў Сочы.
Паводле сакратара Цэнтральнае камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Мікалая Лазовіка, у ЦВК з Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі быў накіраваны пратакол падрыхтоўкі да выбараў выбарчага ўчастку, на якім будзе галасаваць Аляксандар Лукашэнка. “Я думаю, -- казаў Лазовік а 17 гадзіне 2 сакавіка, зараз гэты дакумэнт не страціў сваёй актуальнасьці". Аднак, паводле ягоных словаў, “цалкам верагодна, што прэзыдэнт не прыедзе ў Менск”.