Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У дэпутаты прайшло ўсяго пяць сябраў АГП 16:27, 03/03/2003
Усяго 5 сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі сталі дэпутатамі мясцовых Саветаў у выніку першага тура галасаваньня. Гэта Клімёнак Сяргей (Вялейскі раённы Савет), Мілешчанка Зінаіда (Круглянскі раённы Савет), Кекелеў Ігар (Уваравіцкі мясьцячковы Савет), Валюкевіч Яўген (Пружанскі раённы Савет), Галакціёнаў Аляксандар (Мсьціслаўльскі раённы Савет). Яшчэ 14 чалавек увайшлі ў другі тур выбараў. Астатнія кандыдаты сталіся не пры справе.
Аб’яднаная грамадзянская партыя адзначае наяўнасьць шматлікіх грубых парушэньняў і фальсыфікацыяў падчас выбараў у мясцовыя Саветы. Так, у Менску ўжо ў час датэрміновага галасаваньня, літаральна напярэдадні афіцыйнай даты выбараў, былі пазбаўленыя магчымасьці змагацца за месца ў гарсавеце Сьвятлана Каралёва, Сяргей Альфэр, Яўген Лабановіч і Іван Лабачоў якія мелі, паводле апытаньня насельніцтва іх акругаў, значную перавагу над крэатурамі выканаўчай улады.
“Затое ў гэтых самых крэатур, -- адзначае прэс-служба АГП, -- як паказалі вынікі падліку галасоў і адзначаныя назіральнікамі факты, былі прыхаваныя “казыры ў рукавох”, супраць якіх былі бяссільныя законы і правілы. Так, у Нававіленскай акрузе №40 у кандыдата Лагуновіч па сканчэньні галасаваньня да выніка 50% + 1 голас, якія гарантавалі прахаджэньне ў Горсавет, не хапіла 80 галасоў. Аднак уранку яны нейкім дзіўным чынам зьвіліся...
А вось у Генадзя Ананьева, намесьніка старшыні Віцебскай абласной арганізацыі АГП, які балятаваўся ў Аршанскі гарадзкі Савет па Флёраўскай акрузе 310 і набраў 51%, наадварот, пасьля некаторага роздуму зьнікла 1,5% галасоў: чальцы камісіі вырашылі палічыць несапраўднымі тыя бюлетэні, у якіх выбарцы па шматгадовай звычцы выкрэсьлівалі прозьвішча апанента Ананьева. А паколькі кандыдатаў у акрузе было ўсяго два, то другога тура ня будзе, а будуць паўторныя выбары.
Асабліва быў “уганараваны” кіраўніком выканаўчай вэртыкалі старшыня Астравецкай раённай арганізацыі АГП Іван Крук. Напярэдадні выбараў прад райвыканкамам першы сабраў кіраўнікоў гаспадарак і ўрачыста паабяцаў зьняць з працы тых, чые вяскоўцы прагаласуюць за Крука. І так застрашыў паднявольных старшыняў, што тыя забясьпечылі ажно 98-адсоткавую яўку выбарцаў на ўчасткі!
Выбары ў Магілёве адрозьніваліся асабліва варожым стаўленьнем выбаркамаў да назіральнікаў. Мала таго, што ім усялякім чынам перашкаджалі выконваць свае абавязкі, ды яшчэ і пасьля сканчэньня галасаваньня выдалялі з участкаў, не дазваляючы прысутнічаць пры падліку галасоў. Яшчэ больш жорстка абышліся з даверчымі асобамі кандыдатаў: іх проста з самага пачатку не пускалі на ўчасткі з тае прычыны, што яны нібыта павінны былі “зарэгістравацца за 1 дзень да выбараў”, -- паведамляе прэс-служба АГП.