Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аргумэнты ў тым, што прамы кантакт купляніка тавараў ваеннага прызначэньня зь ягоным вытворцам прыносяць урон бясьпецы дзяржавы, надуманыя. Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрвію “Интерфаксу” заявіў дырэктар навукова-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Тэтраэдар” Андрэй Вахоўскі.
Старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Генадзь Быкаў падтрымлівае правядзеньне 12 сакавіка Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!”. Прафсаюзны лідэр заявіў прэсаваму цэнтру Хартыі, што “пэрсанальна і стоадсоткава” будзе прымаць удзел у акцыі пратэсту, бо сытуацыя ў краіне толькі пагаршаецца, а трываць самавольства ўлады ўжо проста немагчыма.
Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў, якія адбыліся ў Беларусі 2 сакавіка, “не адпавядалі нормам і стандартам дэмакратычных выбараў”. Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую распаўсюдзіла рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Беларускі Гэльсынскі камітэт” (БГК). Выбарчая кампанія, заяўляе БГК, праходзіла “з парушэньянмі нормаў Канстытуцыі і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, што істотна паўплывала на вынікі галасаваньня”.
3 сакавіка Рада рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі ПЭН-цэнтар" выказала пратэст супраць “фактычнага закрыцьця” газэтаў "Новая газета Сморгони" (Гарадзенская вобласьць) і "Вечерний Столин" (Берасьцейская вобласьць).
49-гадовая дарадца прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Кандаліза Райс стала адной з галоўных прыхільніц стратэгіі, накіраванай супроць Садама Гусэйна.
Цікавую карціну назіраў сёньня ўранку ў двары свайго дому па праспэкце Скарыны адзін з арганізатараў Народнага маршу Леанід Малахаў. На ягоных вачах пад кіраўніцтвам двух міліцыянтаў асоба, якая справядліва можа трапіць пад вызначэньне “без пэўнага месца жыхарства”, старанна абдзірала з вадаводнай трубы налепку зь лягатыпам акцыі Народны марш “За лепшае жыцьцё!”, які пройдзе ў Менску 12 сакавіка. На слупах, дзьвярах і трубах побач былі відаць рэшткі ўжо абадраных налепак. Аднак у “брыгады” наперадзе яшчэ было нямала працы – шэраг налепленых бел-чырвоных лягатыпаў цягнуліся ўздоўж усяго дому. Відавочна, што праца па “зачыстцы” двара не прыносіла радасьці ні “бамжу”, ні міліцыянтам. У апошніх, дарэчы, сёньня прафэсійнае сьвята – Дзень беларускай міліцыі.
Апазыцыйныя партыі падсумоўваюць вынікі выбараў у мясцовыя Саветы. Стала вядома колькасьць дэпутатаў мясцовых Саветаў розных узроўняў ад асноўных апазыцыйных палітычных партыяў, а таксама колькасьць кандыдатаў, якія прайшлі ў другі тур галасаваньня. Так, Партыя БНФ прадстаўленая 11 дэпутатамі. Дэпутатамі сталі Алесь Міхалевіч (абраны ў Пухавіцкі райсавет Менскай вобласьці), Юры Зеньковіч (Менскі раённы і Ждановіцкі сельскі Саветы), Сьвятлана Андруховіч (Менскі раённы і Мачулішчанскі месьцячковы), Канстанцін Шпунтаў (Пухавіцкі райсавет Менскай вобласьці), Вольга Галубовіч (Сьвіслацкі месьцячковы Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці), Аляксандар Сыракваш (Вялейскі райсавет Менскай вобласьці), Іван Шэга (Слонімскі Гарадзенскай вобласьці). Яшчэ 9 чалавек (з Віцебску, Горадні, Навополацку (Віцебская вобласьць), Жодзіна, Сьветлагорску (Гомельская), Мар`інай Горкі (Менская) і Барані (Віцебская вобласьць) прайшлі ў другі тур галасаваньня.
3 сакавіка пачаўся афіцыйны візыт дэлегацыі “нацыянальнага сходу” Беларусі ў Вялікую Сацыялістычную Лібійскую Арабскую Джамахірыю. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе “палаты прадстаўнікоў”, ачоліў парлямэнцкую дэлегацыю старшыня "ніжняй палаты" Вадзім Папоў. У ейны склад увайшлі таксама “дэпутаты” Іван Мычко, Міхаіл Паплаўскі і Сяргей Сямашка.
28 лютага амбасадар Вялікабрытаніі Іян Келі пакінуў Беларусь у сувязі з завяршэньнем тэрміну дыпляматычных паўнамоцтваў. Іян Чарльз Келі ўзначаліў ангельскую амбасаду ў Менску ў траўні 1999 году. Паводле інфармацыі прэсавай службы дыпляматычнага прадстаўніцтва, пасьля вяртаньня на радзіму Іян Келі будзе працаваць у апараце Міністэрства замежных справаў у Лёндане.
У беларускім горадзе Полацку 4-6 сакавіка пройдзе 2-ая сустрэча сакратароў Радаў бясьпекі “славянскае чацьвёркі” -- Беларусі, Польшчы, Расеі і Ўкраіны. Як паведамілі РІА “Новости” ў прэсавай службе Рады бясьпекі РФ, удзельнікі абмяркуюць тры комплексы праблемаў: актуальныя пагрозы міжнароднай бясьпекі, фармаваньне сучаснай сыстэмы бясьпекі ў Эўропе і памежнае супрацоўніцтва. Паводле прадстаўніка Рады бясьпекі РФ, у першым пункце павесткі дня асноўная ўвага ўдзельнікаў сустрэчы, несумненна, будзе надзяляцца “сытуацыі вакол Іраку, якая наўпрост зьвязаная з забесьпячэньнем рэгіянальнай і міжнароднай бясьпекай”.
Афіцыйная дэлегацыя на чале з мэрам Багдаду прыбывае сёньня вечарам у Менск. Як паведамілі БЕЛТА ў аддзеле пратаколу, міжнародных і грамадзкіх сувязяў Менгарвыканкаму, раніцай 5 сакавіка ірацкія госьці сустрэнуцца з кіраўніцтвам сталічнай мэрыі. У гэты ж дзень заплянаванае іх знаёмства з прадпрыемствм “Менскводаканал”. У час свайго візыту ў Менск, які будзе цягнуцца да 7 сакавіка, сябры афіцыйнай дэлегацыі Багдаду пабываюць таксама на прадпрыемстве “Белкамунмаш”, у Нацыянальным выставачным цэнтры “Белэкспа”, а таксама наведаюць Беларускі дзяржаўны музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі і Міністэрства транспарту Ўкраіны падпісалі пагадненьне аб бяспошліннай перавозцы беларускіх грузаў па ўкраінскіх рэках. Як паведаміла карэспандэнту “Росбалта” прэс-сакратар беларускага Мінтрансу Эла Курыла, бакі выказалі ўзаемную зацікаўленасьць у павелічэньні рачных перавозак замежнагандлёвых грузаў Беларусі для іх далейшай таранспартыроўкі праз Мікалаеўскі марскі гандлёвы порт (Украіна).
Грошай ужо не хапае 14:07, 04/03/2003, Уладзімер Тарасаў, “Белорусский рынок”
Год яшчэ толькі пачаўся, а сродкаў, якія выдаюцца зь дзяржаўнага бюджэта для многіх арганізацыяў, ужо не хапае. Першым пачаў хвалявацца Мінюст, пытаньне аб дадатковым фінансаваньні якога абмяркоўвалася 25 лютага на паседжаньні прэзыдыюму Савету міністраў.
У Беларусі па-ранейшаму захоўваецца самы высокі паказьнік індэксу спажывецкіх коштаў сярод краінаў СНД. Так, толькі ў студзені 2003г. ён склаў 104,3% адносна ўзроўня сьнежня 2002г. За Беларусьсю ідуць Армэнія - 104,1% і Таджыкістан - 103,7%. Самы нізкі паказьнік індэксу спажывецкіх коштаў, паводле дадзеных Статыстычнага камітэту СНД, зафіксаваны ў студзені с.г. у Азэрбайджане - 100,3%. У Грузіі ён склаў 102,1% адносна сьнежня 2002г., у Казахстане - 101,0%, у Кіргізіі - 100,9%, у Малдове - 101,9%, Расеі - 102,4%, Украіне - 101,5%. Па Туркмэністану і Узбэкістану дадзеных няма.
У 2002 годзе ў Магілёўскай вобласьці ўзрасла колькасьць скаргаў у мясцовыя органы ўлады на працу камунальных службаў. У той самы час агульная колькасьць скаргаў зьменшылася ў параўнаньні з 2001 годам на 15 адсоткаў.
Усім вядома, што ў лютым адбыўся пераразьлік пэнсіяў. Атрымаў пэнсію і я -- 108.570 рублёў. Прыбаўка склала трошкі болей за 7000 рублёў. Я заплаціў за камунальныя паслугі за студзень і склаў табліцу платаў за камунальныя паслугі за тры апошнія месяцы.
Першы віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Сяргей Сідорскі адказаў на пытаньні карэспандэнта “Белорусской газеты” аб тэрмінах і ўмовах інвэстыцыйнага конкурсу па продажу пакетаў акцыяў нафтахімічных прадпрыемстваў “Нафтан” і “Палімір”, “Горадня Азот” і “Хімвалакно”.
У 2002 годзе органамі фінансавых расьсьледваньняў Беларусі за парушэньні пры налічэньні й выдачы заробнае платы да крымінальнай адказнасьці прыцягнутыя 39 кіраўнікоў і службовых асобаў прадпрыемстваў і арганізацыяў недзяржаўнай формы ўласнасьці. У 104 выпадках да такіх прадпрыемстваў прымененыя штрафныя і эканамічныя санкцыі на суму каля 3,7 мільярдаў рублёў. У мэтах кампэнсацыі нанесенага ўрону накладзены арышт на маёмасьць у суме звыш двух мільярдаў рублёў і больш за 470 тысячаў даляраў ЗША. Такія дадзеныя карэспандэнту БелТА падалі ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.
За леташні год ва Ўзброеных сілах Беларусі, памежных, унутраных і чыгуначных войсках зьдзесьнена 640 злачынстваў. Гэта амаль на 100 злачынстваў меней, чым у 2001 годзе.
У Беларусі асноўнымі задачамі па эканоміі энэргіі на сёлетні год зьяўляецца зьніжэньне расходаваньня паліўна-энэргетычных рэсурсаў у рэальным сэктары эканомікі на 7 адсоткаў, на аб’ектах жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і сацыяльнай сфэры – не менш за 10 адсоткаў.
Толькі ў двух гаспадарках Віцебскай вобласьці засталіся зьверафермы, хаця летась пушных зьвяркоў разводзілі ў васьмі гаспадарках рэгіёну. Зьверагадоўля сёньня стратная. Так, калгас “Дружба” Браслаўскага раёну за леташні год атрымаў ад вырошчваньня пушных зьвяркоў 58 мільёнаў стратаў. Разам з тым, гэтая гаспадарка -- адна з двух на Віцебшчыне, дзе зьвераферма працягвае існаваць. А вось суседзі з калгасу “Новы шлях” Верхнядзьвінскага раёну вырашылі закрыць ферму. Хаця яшчэ год таму тут вырошчвалі 1316 пясцоў, лісаў і 1187 нутрыяў. Але гэтая справа аказалася нерэнтабельнай.