Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мэр Багдаду: Беларусь і Ірак вельмі патрэбныя адзін адному 15:22, 05/03/2003
Разьвіцьцё зносінаў зь Беларусьсю – адно з цэнтральных кірункаў замежнай палітыкі Іраку. Пра гэта заявіў мэр Багдаду Аднан Абэд Хамэд 5 сакавіка на сустрэчы дэлегацыі багдадзкай мэрыі з кіраўніцтвам Менскага гарвыканкаму. Дэлегацыя з Бададу прыбыла ў беларускую сталіцу па запрашэньні Менгарвыканкаму 4 сакавіка. “Ірак вельмі адкрыта і з энтузіязмам ставіцца да адносінаў зь Беларусьсю. Гэта – рашэньне Садама Гусэйна, рашэньне вышэйшага ўзроўню”, -- заявіў Хамэд. Ён адзначыў, што прыйшоў час рагзледзіць пытаньне аб пашырэньні рынку беларускіх тавараў у Іраку. “Мы патрэбныя вам і вы нам вельмі патрэбныя”, -- сказаў мэр Багдаду.
У Менску ён плянуе сустрэцца зь беларускім спэцыялістамі ў галіне ўтылізацыі сьцёкавых водаў, каналізацыйных сыстэмаў і вытворчасьці асфальту. Паводле яго, у Багдадзе, насельніцтва якога складае больш за 5 мільёнаў чалавек, існуюць праблемы з забесьпячэньнем некаторых раёнаў гораду чыстай вадой. У выніку “бязьлітаснай і несправядлівай блякады новыя крыніцы вады не распрацоўваліся з 1990 году”, адзначыў Аднан Абэд Хамэд.
У рамках візыту дэлегацыя Багдадзкай мэрыі наведае шэраг беларускіх прадпрыемстваў і азнаёміцца з працай гарадзкіх службаў.
Старшыня Менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў выказаў надзею на тое, што візыт мэра Багададу стане штуршком для больш цесных кантактаў паміж прадпрыемствамі і прадпрымальнікамі дзьвюх краінаў. “З свайго боку мы зробім усё, каб ваш візыт меў вынікі. Мы гатовыя камандзіраваць сваіх спэцыялістаў у Ірак для ўкараненьня тых ці іншых тэхналёгіяў”, -- заявіў мэр Менску.
Пасьля сканчэньня сустрэчы Хамэд паведаміў журналістам, што ў выпадку магчымай вайны мэрыя Багдаду будзе займацца як аказаньнем звычайных паслуг насельніцтву сталіцы, так і раздачай зброі гараджанам і падрыхтоўкай да ваенных дзеяньняў. “Мы будзем ваяваць, абапіраючыся на наш цьвёрды намер абараніць сваю Радзіму і гонар народа, а таксама на ўпэўненасьць у слушнасьці сваёй справы. Народ Іраку – ганарлівы народ, які можа памерці, абараняючы сваю радзіму”, -- заявіў Аднан Абэд Хамэд.