Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Яўген Лабановіч: На Народны марш прыйду разам зь сям’ёй, выбарцамі і камандай 10:49, 05/03/2003
“Калі мне тэлефанавалі людзі, абураныя тым, што мяне зьнялі з выбараў, я раіў ім удзельнічаць 12 сакавіка ў Народным маршы “За лепшае жыцьцё!” і такім чынам выказаць свой пратэст таму, што адбываецца. У Маршы буду ўдзельнічаць я, мая сям’я і каманда, якая са мной працавала ў час выбараў”, -- заявіў у інтэрвію прэсаваму цэнру Хартыі адзін зь лідэраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яўген Лабановіч. Палітык балятаваўся ў дэпутаты Менгарсавету, аднак у час датэрміновага галасаваньня, літаральна напярэдадні афіцыйнай даты выбараў быў пазбаўлены магчымасьці змагацца за месца ў горсавеце. Як сьведчылі апытаньні насельніцтва акругі, Яўген Лабановіч меў значную перавагу перад кандыдатамі ад улады.
-- Як вы ацэньваеце вынікі выбарчай кампаніі? < br> -- Я ацэньваю гэтую кампанію вельмі неадназначна. Тое, што ў ёй прыняла ўдзел апазыцыя, тое, што партыі працавалі з выбарцамі – гэта станоўчы момант. На тых сталічных акругах, дзе працавала апазыцыя, прыкладна па 7-8 тысячаў чалавек хацелі б аддаць свае галасы за апазыцыйных кандыдатаў. Апазыцыя паказала, што ўмее і можа працаваць. Але, што тычыцца вынікаў – то зразумела, што яны былі папярэдне запраграмаваныя, бо з 1996 году галасаваньне ніякай лягічнай сувязі з выніковымі лічбамі ня мае. Самая галоўная выснова, якую я зрабіў для сябе асабіста ў час удзелу ў гэтай выбарчай кампаніі – гэта тое, што сытуацыя мяняецца карэнным чынам. Я асабіста абыйшоў 5 тысячаў кватэраў і сустрэў толькі аднаго (!) прыхільніка Лукашэнкі. А тое, што нас здымаюць, азначае, што нас баяцца.
-- Што зараз, на Ваш погляд, павінна рабіць апазыцыя?
-- Апазыцыя ў першую чаргу павінна дабівацца зьмены выбарчага заканадаўства. Да таго часу пакуль хоць 30 адсоткаў чальцоў выбарчых камісіяў ня будуць прадстаўнікамі палітычных партыяў, сытуацыя застанецца без зьменаў. Вынікі выбараў ня будуць мець няікіх адносінаў да волевыяўленьня грамадзянаў. Губляецца сэнс удзелу ў выбарах. Апазыцыя павінна дабівацца зьменаў выбарчага заканадаўства любымі сродкамі, выкарыстоўваючы заканадаўчыя рычагі, рычагі міжнароднага ўзьдзеяньня, вулічныя акцыі.
Напрыклад, калі мне тэлефанавалі людзі, абураныя тым, што мяне зьнялі з выбараў, я раіў ім удзельнічаць 12 сакавіка ў Народным маршы “За лепшае жыцьцё!” і тыкім чынам выказаць свой пратэст таму, што адбываецца. У Народным маршы буду ўдзельнічаць я, мая сям’я і каманда, якая са мною працавала ў час выбараў.