Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Амбасада Польшчы заяўляе пра напад міліцыі на польскіх дыпляматаў 12:41, 05/03/2003
Амбасада Польшчы ў Беларусі абвергла распаўсюджаную беларускімі СМІ інфармацыю пра тое, што першы сакратар амбасады Марэк Буцько у нецьвярозым стане ўначы з 1 на 2 сакавіка кіраваў аўтамабілем у Менску. Паведамлялася, у прыватнасьці, што дыплямат справакаваў некалькі небясьпечных сытуацыяў, і толькі ўмяшальніцтва ДАІ ўратавала яго ад дарожнага здарэньня.
Як паведамляе БелаПАн, Марэк Буцько таксама абверг інфармацыю пра тое, што раней, вечарам 1 сакавіка, ён учыніў скандаль у менскай рэстарацыі “Старое русло”. Насамрэч, паведамляе Буцько, вечарам 1 сакавіка ён адвёз у рэстарацыю на вячэру дэлегацыю, якая прыбыла ў польскую амбасаду. Пасьля гэтага першы сакратар дыпмісіі паехаў на аўтамабілі дадому. “Я быў цьвярозы і ехаў з звычайнай хуткасьцю з уключанымі ліхтарамі”, -- падкрэсьлівае Буцько. Паводле ягоных словаў, пасьля таго, як ён паставіў машыну на аўтастаянку каля свайго дому, на стаянку “ўляцеў аўтамабіль ДАІ, зь якога выскачылі два міліцыянты”. Супрацоўнікі ДАІ перакрылі яму дарогу і запатрабавалі дакумэнты. Буцько патлумачыў, што ён забыў дакумэнты ў амбасадзе і нагадаў, што абаронены дыпляматычнай недатыкальнасьцю. “Пасьля гэтага мяне груба схапілі за лацканы паліто, а затым супрацоўнік ДАІ штурхнуў мяне да аўтамабіля, які стаяў побач”, -- паведамляе Буцько. Пры гэтым першы сакратар амбасады падкрэсьлівае, што сваімі паводзінамі ён аніяк ня мог справакаваць такія агрэсіўныя паводзіны”. Затым супрацоўнікі ДАІ селі ў аўтамабіль і зьехалі.
Першы сакратар адразу праінфармаваў пра здарэньне супрацоўнікаў польскай дыпмісіі, па просьбе якіх на месца здарэньня прыбылі супрацоўнікі службы аховы і ДАІ, а таксама быў выкліканы патруль, які затрымаў першага сакратара. Аднак, паведамляе Буцько, супрацоўнікі ДАІ адмовіліся адказваць на пытаньні прадстаўнікоў польскай амбасады. Затым быў складзены пратакол аб здарэньні.
“Аднак у распаўсюджанай некаторымі СМІ інфармацыі, па незразумелых прычынах, нічога не гаварылася ні пра напад на мяне, ні пра парушэньне дыпляматынай недатыкальнасьці, -- адзначае Буцько. – Акрамя таго, я ніяк не магу зразумець, якім чынам патруль ДАІ “прадухіліў дарожнае здарэньне з маім удзелам”, калі быў затрыманы пасьля таго, як паставіў аўтамабіль на стаянку і пехам ішоў у пад’езд”.
“Я двойчы адчуваю сябе пацярпелым: я ня толькі зьведаў грубы напад і была парушаная мая дыпляматычная недатыкальнасьць, але я таксама абражаны неаб’ектыўнай інфармацыяй”, -- падкрэсьлівае першы сакратар амбасады. Магчыма, адзначае першы сакратар амбасады, “паказаць мяне ў такім благім сьвятле – спроба апраўдаць грубыя паводзіны некампэтэнтнага міліцыянта”.