Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расейцаў не пусьцілі на беларускія выбары 14:51, 05/03/2003, Андрэй Сьцепанаў, “Московские новости”
2 сакавіка ў Рэспубліці Беларусь праходзілі выбары ў органы мясцовай улады, і некаторыя наіўныя расейскія заканадаўцы вырашылі, што здолеюць паўдзельнічаць у гэтым важным працэсе ў якасьці назіральнікаў. Але яны вельмі памыліліся. На запыт дэпутата Дзяржаўнай думы Вадзіма Бондара ў беларускі Цэнтрвыбаркам прыйшла адмова. Высьветлілася, што брацкая дзяржава не плянуе запрашаць назіральнікаў, галоўным чынам таму, што не жадае ісьці насуперак “звыклай міжнароднай практыке”, якая прадугледжвае “назіраньне за мясцовымі выбарамі ...у выключных выпадках, пры наяўнасьці ў краіне ...надзвычайных абставінаў”. У той час як у Беларусі “існуе спакойная і стабільная сацыяльна-палітычная абстаноўка. Цалкам адсутнічае якая-небудзь расавая, рэлігійная ці нацыянальная варожасьць, паважаюцца і захоўваюцца правы нацыянальных меншасьцяў”. Натуральна, пытаньня аб правах меншасьцяў палітычных у адказе зь Менску вельмі ўмела пазьбеглі.
Расейскі ЦВК, у якога думцы спрабавалі шукаць абароны, патлумачыў ім, што хаця і існуе на гэты конт нейкі “Капэнгагенскі дакумэнт 1990 году”, мясцовых выбараў ён тычыцца “ў меншай ступені”. І ўвогуле, калі беспакойным дэпутатам цікава, як ішлі выбары, і ці ўсё захоўвалася, яны проста могуць высьветліць у беларускім Выбаркаме па пэўным тэлефоне.
І сапраўды, па згаданым тэлефоне вельмі апэратыўна адгукаўся аўтар працытаванага ліста, сакратар камісіі Мікалай Лазовік. На пытаньне “МН”, чаму бяскрыўдная просьба дэпутата не знайшла водгука, ён адказаў, што тут уся справа ў этыцы, а не ў палітыцы. “Калі б мы зрабілі выключэньне для расейцаў, як бы мы здолелі адмаўляць іншым?” Іншымі аказаліся супрацоўнікі амбасады ЗША ў РБ. Ім рэкамэндавалі скарыстаць сваё права свабодна перасоўвацца па краіне, словам, паехаць і паглядзець сваімі вачыма, што адбываецца на выбарчых участках. Хаця, вядома, як прызнаўся сп. Лазовік, паміж “паглядзець” і “паўдзельнічаць у якасьці назіральніка” ёсьць вялікая розьніца – гледачы ня маюць права што-небудзь кантраляваць.
На першы погляд, гэтая эпісталярна-юрыдычная гісторыя паказала, як усё заблытана ў брацкай саюзнай дзяржаве. Аднак, насамрэч, афіцыйны Менск нарэшце прасьвятліў пытаньне аб тым, якое месца займае Расея ў сэрцы Лукашэнкі. Да апошняга часу ў Маскве наіўна спадзяваліся, што ў нас ганаровае становішча – дзесьці побач з Іракам. Але зараз давядзецца ўсьвядоміць сумны факт: “брацкімі” ці “саюзнымі” прывілеямі ў РБ расейцы карыстаюцца нароўных з амэрыканскімі імпэрыялістамі.