Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пецярбургская броварная кампанія “Балтика” ініцыюе банкруцтва беларускай “Крыніцы”. Як паведамляе Агенцтва канфліктных сытуацыяў, у гаспадарчым судзе гораду Менску 6 сакавіка адбудзецца разгляд зыску “Балтика” да піўзавода “Крыніца”.
У 2002 годзе “Балтика” ўжо падавала зыск у суд пры гандлёва-прамысловай палаце (ТПП) Расеі з просьбай прызнаць пазыку “Крыніцы” перад “Балтикой”. Як удакладнілі ў прэсавай службе піцерскага піўзавода зыск у гаспадарчы суд Менску падаецца ўпершыню.
Як нагадвае ІА “Росбалт”, ААТ “БК “Балтика”, у імкненьні выйсьці на рынак сумежнай дзяржавы, унесла ў мадэрнізацыю “Крыніцы” 10,5 млн. даляраў і плянавала завершыць першы этап рэканструкцыі “Крыніцы” ў красавіку 2002 году. Аднак праца была прыпыненая ў канцы 2001 году ў сувязі з тым, што ўрад Беларусі не прыняў рашэньне аб дадатковай эмісіі акцыяў “Крыніцы” (акцыі дадэмісіі плянавала выкупіць “Балтыка”).
“Крыніца” -- буйнейшы вытворца піва ў Рэспубліцы Беларусь. Завод заснаваны ў 1975 годзе. Магутнасьці заводу дазваляюць вырабляць 7,5 млн. дал. у год. Да 1992 году “Крыніца” ўваходзіла ў склад ВА “Менскпіўпрам”, зьяўляючыся яго галоўным прадпрыемствам, з студзеня 2001 году стала ААТ. Зараз капітал АТ “Крыніца” разьмеркаваны наступным чынам: дзяржаве належыць 80,57% акцыяў, працоўнаму калектыву прадпрыемства – 19,43% акцыяў.
ААТ “Пивоваренная компания «Балтика” заснаваная ў 1990 годзе, зарэгістраваная ў ліпені 1992 году. Статутны капітал – 120 572 800 рублёў, падзелены на 107 082 200 звычайных і 13 485 600 прывілеяваных акцыяў тыпу “А” наміналам 1 рубель. Буйнейшы акцыянэр кампаніі -- "Baltic Beverаge Holding AB" (58,57% акцыяў). Аб’ём інвэстыцыяў кампаніі ў 2002 годзе склаў 199 млн. даляраў (115 млн. даляраў у 2001 годзе).