Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Беларусі намецілася тэндэнцыя скарачэньня здабычы нафты 16:01, 06/03/2003
Сёлета ў РУП ВА “Беларусьнафта” назіраецца тэндэнцыя паступовага зьніжэньня аб’ёмаў здабычы нафты. Пра гэта паведаміў “Интерфаксу” начальнік аддзелу здабычы нафты канцэрну “Белнафтахім” Эдуард Сьвідэрскі.
Паводле суразмоўцы агенцтва, у студзені 2003 году аб’яднаньне здабыла 150670 тонаў, што складае 98% да студзеня 2002 году. У лютым здабыта нафты 136665 тонаў ці 96,4% да ўзроўню лютага леташнега году.
Спэцыяліст мяркуе, што тэндэнцыя скарачэньня здабычы вуглевадароднай сыравіны прывядзе да таго, што к канцу сёлетняга году РУП ВА “Беларусьнафта” выцягне зь нетраў ня больш за 178 тыс. тонаў (у 2002 годзе нафты было здабыта 1840 тыс. тонаў). У 2004 годзе здабыча нафты захаваецца на ўзроўні 1780 тыс. тонаў, у 2005 годзе – 1760 тыс. тонаў, падкрэсьліў начальнік аддзелу.
Разам з тым, як адзначыў Э.Сьвідэрскі, на прадпрыемстве стала праводзяцца геолага-тэхнічныя мерапрыемствы, накіраваныя на тое, каб запаволіць тэмпы заканамернага зьніжэньня здабычы нафты. Аднак для гэтага неабходныя вялікія фінансавыя капіталаўкладаньні, і без дзяржаўнай падтрымкі аб’яднаньню ня вырашыць гэтую праблему, падкрэсьліў суразмоўца “Интерфакса”.
Начальнік аддзелу канцэрну паведаміў, што, паводле дадзеных спэцыялістаў, геалягічныя запасы нафты ў Беларусі складаюць звыш 170 млн. тонаў. Яны ў асноўным засяроджаныя ў невялікіх радовішчах, ад 100 тыс. тонаў да 1 млн. тонаў. Э.Сьвідэрскі лічыць, што ў пэрспэктыве цяжка здабываемая нафта будзе складаць аснову рэсурснай базы “Беларусьнафты”.