Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Злучаныя Штаты чакаюць тлумачэньняў ад Беларусі 13:45, 07/03/2003
ЗША зьвяртаюцца да Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў з патрабаваньнем патлумачыць прычыну адмовы ў акрэдытацыі супрацоўнікам амэрыканскай амбасады ў Менску ў якасьці міжнародных назіральнікаў на выбарах 2 сакавіка у мясцовыя Саветы. Пра гэта заявіў намесьнік кіраўніка місіі ЗША ў Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе Дуглас Дэвідсан, выступаючы перад Сталай радай арганізацыі ў Вене 6 сакавіка.
Д.Дэвідсан нагадаў, што 23 лютага амбасада ЗША перадала ў Міністэрства замежных справаў і ЦВК Беларусі афіцыйны запыт на акрэдытацыю супрацоўнікаў амбасады ў якасьці міжнародных назіральнікаў на мясцовых выбарах. 25 лютага Цэнтрвыбаркам даў адмоўны адказ і патлумачыў гэта тым, што не накіроўваў адпаведнае запрашэньне. Як паведаміў амэрыканскі дыплямат, ЦВК праінфармаваў амбасаду, што не зьбіраўся запрашаць на мясцовыя выбары замежных назіральнікаў. Такое рашэньне, сказаў Д.Дэвідсан, супярэчыць заявам, якія ўтрымліваліся ў ноце, разасланай МЗС усім акрэдытаваным у Беларусі дыпляматычным прадстаўніцтвам 24 лютага. У гэтым дакумэнце, паведаміў ён, гаворыцца, што выбарчае заканадаўства Беларусі дапускае прысутнасьць міжнародных назіральнікаў на выбарах.
“Улічваючы, што і беларускае заканадаўства, і забавязкі Беларусі перад АБСЭ прадуглежваюць прысутнасьць міжнародных назіральнікаў на выбарах, мы будзем чакаць тлумачэньняў з боку Беларусі адносна адмовы ў акрэдытацыі”, -- сказаў амэрыканскі дыплямат. Як паведамляе БелаПАН, ён таксама падкрэсьліў, што ЗША “пакідаюць за свабой права вярнуцца да гэтай тэмы ў будучыні з тым, каб выказаць свае погляды на апошнюю выбарчую кампанію ў Беларусі”.