Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сем страчаных гадоў 15:00, 11/03/2003, Андрэй Дземчанка, «Звязда», фота IREX/ProMedia
Калi я скончыў школу, мой бацька (спадчынны селянiн) здолеў пераканаць мяне ў глыбокiм сэнсе i натуральнасьцi жыцьця ў вёсцы, i я паступiў у Вiцебскую ветэрынарную акадэмiю атрымлiваць прафэсiйныя веды. Пяць гадоў напружанай вучобы, практыкi, алiмпiяды ў Жодзiне, стажыроўка ў Нямеччыне, накiраваньне на працу ў родны раён, у гаспадарку, якая лiчылася адной зь лепшых, да таго ж знаходзiцца зусiм непадалёку ад бацькаўшчыны. Здавалася б, што можа быць лепей? Адчуваньне радаснай пэрспэктывы падмацоўвалi яшчэ закладзеныя некалькi гадоў назад падмуркi чатырох дамоў для маладых спэцыялiстаў. Гэта азначала, што хутка я буду мець сваё жытло. (Забягаючы наперад, скажу, што iх будаўнiцтва не скончана i сёньня.) Сваё прафэсiйнае прызначэньне я ўяўляў у выкананьнi самых важных у жывёлагадоўлi задачаў: узьнiмаць прадуктыўнасць жывёлы, зьнiжаць сабекошт прадукцыi, паляпшаць умовы працы работнiкаў, павялiчваць iх матэрыяльнае ўзнагароджаньне...
Я з энтузiязмам узяўся за справу, i тут пачалiся працоўныя буднi. Яны прынеслi мала задавальненьня i шмат расчараваньняў i перажываньняў (я нават асвоiў «прафэсiю» курца). Атрыманыя ў акадэмii веды i замежны вопыт сумясьцiць з рэчаiснасьцю аказалася праблематычным, давялося напрацоўваць новыя вытворчыя навыкi: як знайсьцi даярак падаiць кароў, кiм замянiць п’яных з ранiцы пастухоў i жывёлаводаў (даводзiлася самому з ветырынарам кармiць i пасьвiць скацiну), як дабiцца трактара вывезьцi з фермы гной, падвезьцi кармы, ваду... Работнiкi на фермах у асноўных пэнсiйнага i перадпэнсiйнага ўзросту, з-за нiзкай аплаты працы да гэтай самай працы асаблiва ня рвуцца. Надзеi на паступленьне аднекуль працаздольных сьвежых кадраў няма (на моладзь нават разьлiчваць непрыстойна — усе, скончаць школу і бягуць зь вёскi, як чорт ад кадзiла).
У гэтых абставiнах наладзiць больш-менш эфэктыўны вытворчы працэс практычна немагчыма. У заатэхнiка няма пэўнага лiмiту фiнансавых i матэрыяльных сродкаў, што не дазваляе думаць пра нейкiя пэрспэктыўныя пляны — грошай няма нават на бягучыя патрэбы. Заатэхнiк ня можа ўплываць на арганiзацыю i тэхналёгiю нарыхтоўкi кармоў — важнейшага фактару эфэктыўнага функцыянаваньня галiны. У пачуцьцях да сваiх падначаленых — работнiкаў фермаў, я так i не змог вызначыцца: з аднаго боку, абураешся iх абыякавымi адносiнамi да працы, з другога — адчуваеш уласную бездапаможнасьць, бяспраўнасць у адстойваньнi iх iнтарэсаў.
Нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасьцi i вiдавочную незабясьпечанасьць функцыянаваньня вытворчасьцi, раённыя службы АПК рэгулярна цiкавiлiся жывёлагадоўляй у гаспадарцы i аказвалi «дапамогу» ў выглядзе штрафаў, якiя вылiчвалiся з майго «багатага» заробку. Напрыклад: чаму ня створаная племянная ферма БРЖ? Няўжо яны ня ведаюць, што для таго, каб яе стварыць, трэба адабраць з усiх фермаў ва ўсiх групах самых прадуктыўных кароў? Адабраць у даярак, якiм надоi ад гэтых больш-менш малочных кароў i забясьпечваюць iх мiзэрныя заробкі. А чым я магу iм гэта кампэнсаваць, дзе мае правы на гэта? I слухаць нiхто не хоча — штраф, i ўсё на гэтым.
Увесь час мяне падбадзёрвалi абяцаньнямi скончыць будаўнiцтва дамоў. Спадзеючыся хутка мець свой куток, я ажанiўся. Але, прабадзяўшыся тры гады па кватэрах, я зразумеў, што абяцанае заканчэньне будаўнiцтва адцягваецца на нявызначаны тэрмiн. Жыць жа ў вёсцы з маім заробкам i без агарода i падсобнай гаспадаркi было проста немагчыма. Дзякуй бацькам-пэнсiянэрам, якiя ва ўсiм дапамагаюць. Не вытрымалi мы з ветырынарам такой беспэрспэктыўнасьцi i звольнiлiся. (Дырэктар прасiў застацца, мы яму спачувалi, але не згадзiлiся.)
А ўвосень я прачытаў у газэце запрашэньне ў калгас суседняга раёну. Там заканчвалася будаўнiцтва пяцi добрых дамоў — гэта мяне i спакусiла. Хаця калгас фактычна безнадзейны. Абнадзейвала толькi тое, што, па лёгiцы, з-за гэтай самай яго безнадзейнасьцi хутка павiнна было пачацца рэфармаваньне. Паехаў я працаваць туды. Бацькi i сям’я падтрымалi мяне, фактычна забясьпечылi мне пражываньне, бо майго заробку (70 тысячаў) хапала толькi на тое, каб штотыдзень прыехаць дамоў, убачыць сям’ю, узяць якiя-небудзь харчы. Узяўся за працу — абставiны яшчэ горшыя, чым у папярэдняй гаспадарцы. Жывёлаводы жывуць вельмi бедна, калi заходзiў у хаты шукаць работнiкаў, бачыў у некаторых, як дзецi елi кулеш з памолу зернясумесi, якую даюць каровам на фермах... У калгасе няма нi свабодных коней, нi прычэпу, каб прывезьцi людзям дроваў. Каб нешта паправiць на ферме — нi цьвiка, нi кавалка трубы, нi дошкi. Кармоў для скацiны наўрад цi хопiць нават да канца сакавiка. Зноў пасыпалiся штрафы...
Спрабаваў арганiзаваць падрадны калектыў, але амаль нiхто не праявiў цiкавасьцi да гэтай прапановы. У людзей няма жаданьня працаваць, нейкая глыбокая, безнадзейная апатыя.
Але затое далi абяцаны дом. Узяўся за яго ўнутраную аддзелку i афарбоўку — будаўнiкi здалi толькi «каробку». Электрычнасьць не праведзеная, дакумэнту на дом нiякага не далi... Усё ж вырашыў пераяжджаць, думаў: неяк абжывёмся пакрысе. Але, каб перавезьцi маю бедную маёмасьць, у калгасе не знайшлося транспарту, стаў прасiць бацьку дапамагчы. Але тут мой цярплiвы бацька сказаў: «Хопiць. Новы дом цябе не пракормiць, вяртайся ў роднае гняздо, на сваёй гаспадарцы неяк пражывём»... Вось так я i стаў беспрацоўным пры наяўнасьцi вакансiяў вакол.
Сустракаўся з многiмi сваiмi аднагодкамі па акадэмii. Дзе яны толькi не працуюць. I ў ахове, i ў гандлi, адзiн у Партугалii ўе вяроўкi i канаты, другi ў Славакii пыласосiць аб’екты будоўлi пад афарбоўку, нехта працуе на ферме ў Польшчы... Толькi за Марыну можна парадавацца: яна знайшла сваё прызваньне на конеферме ў «Палачанах» — вядомай пасьпяховай гаспадарцы, такiх зусiм няшмат у нас.
Не дае спакою пытаньне: навошта наша небагатая краiна патрацiла (i трацiць сёньня) вялiзныя сродкi на нашу адукацыю? А яшчэ — крыўдна за страчаныя гады...