Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Некаторыя кандыдаты ня маюць маральнага права быць дэпутатамі 15:44, 11/03/2003
Берасьцейскае абласное аддзяленьне грамадзкай арганізацыі “Праваабарончы цэнтар “Вясна” зьвярнулася ў Берасьцейскую выбарчую камісію з адкрытым лістом, у якім размова ідзе пра сыстэматычнае парушэньне заканадаўства некаторымі кандыдатамі ў дэпутаты. Адначасова, як паведаміў БелаПАН кіраўнік аддзяленьня Ўладзімер Вялічкін, ён здаў у камісію “цэлы пакет з улёткамі без выходных дадзеных кандыдата Людмілы Арловай”.
Збоку выбарчых камісіяў адносна парушальнікаў, лічыць Вялічкін, назіраецца “палітыка падвойных стандартаў”. “Кандыдат у дэпутаты Віктар Валюшыцкі распаўсюджваў перадвыбарчыя ўлёткі без выходных дадзеных, аднак міліцыя пратакол не складала, а выбарчая камісія не зьняла кандыдатуру кандыдата. Ён стаў дэпутатам. Зараз у тым самым парушэньні выкрытая кандыдатка ў Берасьцейскі гарсавет, якая выйшла ў другі тур выбараў, -- дырэктар СШ №10 Людміла Арлова”, -- распавёў Вялічкін. Паводле яго, 7 сакавіка жыхары дамоў у выбарчай акрузе №25 атрымалі ўлёткі зь віншаваньнямі да 8 сакавіка. Ўлёткі распаўсюджвалі вучні школы, якой кіруе Арлова. “Яна парушыла артыкулы 45,47,73 Выбарчага кодэксу, і выбарчая камісія мае права адмяніць рашэньне аб рэгістрацыі кандыдата”, -- лічыць Вялічкін. Паводле ягоных словаў, у офісе аддзяленьня “Вясны” сабралася мноства незаконна выдадзеных ўлётак Арловай, частку якіх ён аднёс у гарадзкую выбарчую камісію, а частку плянуе падаць у пракуратуру.
“Сябры Берасьцейскага абласнога аддзяленьня АА “Праваабарончы цэнтар “Вясна” лічаць, што асобныя кандыдаты не паважаюць ня толькі законы, але і агульначалавечыя каштоўнасьці, таму рашэньні гарадзкой выбарчай камісіі павінны быць адпаведнымі. Нельга дапусьціць, каб дэпутацкі корпус складаўся з парушальнікаў беларускага заканадаўства”, -- гаворыцца ў адкрытым лісьце.