Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЗУБР падпісаў мэмарандум зь літоўскім “Рухам маладых лібэрал-дэмакратаў” 14:37, 12/03/2003
Каардынатар беларускага руху моладзевага негвалтоўнага супраціву ЗУБР Уладзімер Кобец падпісаў ад імя арганізацыі Мэмарандум "Аб узаемаразуменьні" зь літоўскім "Рухам маладых лібэрал-дэмакратаў". Мэтаю Мэмарандуму ёсьць дапамагчы нашай краіне выйсьці зь міжнароднай самаізаляцыі й стаць на шлях дэмакратычных пераўтварэньняў, інтэгравацца ў міжнародную супольнасьць.
Пашырэньне Эўрапейскага Зьвязу, гаворыцца ў Мэмарандуме, змушае зірнуць на гэтую праблему з іншага боку, бо Беларусь ужо зьяўляецца суседам НАТО, а хутка стане й суседкай Эўразьвязу. Як эўрапейская краіна, Беларусь мае права на паўнавартасны ўдзел у эўрапейскіх зносінах, аднак пры цяперашнім кіроўным рэжыме гэта немагчыма, гаворыцца ў дакумэнце. Як сказаў Радыё Рацыя каардынатар руху моладзевага супраціву ЗУБР Уладзімер Кобец, мэтаю руху зьяўляецца менавіта дэмакратызацыя беларускага грамадзтва й спрыяньне ўступу нашай краіны ў Эўрапейскі Зьвяз і Паўночна-Атлянтычны альянс.
«Адной з асноўных мэтаў ЗУБРа зьяўляецца дэмакратызацыя ў краіне, далучэньне Беларусі да Эўразьвязу й да НАТО, таму мы ўжо сёньня знаходзім партнэраў, якія нас падтрымліваюць у гэтым, якія падтрымліваюць дэмакратызацыю, нашу працу, якія ўжо сёньня выказваюцца за ўступ Беларусі ў Эўразьвяз і НАТО. Літоўскія лібэральныя дэмакраты падпісалі з намі першы гэткі Мэмарандум, і сёньня працягваецца адпаведная праца ў Брусэлі», - заявіў Уладзімер Кобец Радыё Рацыя.
Паводле словаў Уладзімера Кобеца, сёньня далучыцца да гэтага Мэмарандуму гатовыя лібэральныя дэмакраты й з іншых краінаў. Увогуле, адзначыў каардынатар ЗУБРа, рух даволі актыўна працуе сёньня на міжнародным узроўні. Адным з галоўных партнэраў арганізацыі сёньня зьяўляецца "Міжнародная Амністыя". Напярэдадні Народнага Маршу "За лепшае жыцьцё" гэтая ўплывовая міжнародная арганізацыя распаўсюдзіла заяву, у якой заклікала беларускія ўлады не чыніць перашкодаў і не перасьледваць арганізатараў гэтай дэмакратычнай апазыцыйнай акцыі. Увогуле ў сьвеце 24 філіі "Міжнароднай Амністыі" супрацоўнічаюць цяпер з ЗУБРам. Яшчэ адным важным партнэрам ЗУБРа, паводле словаў Уладзімера Кобеца, зьяўляецца сэрбская арганізацыя "ОТПОР". Таксама й шэраг украінскіх арганізацыяў, якія літаральна ў панядзелак прынялі рашэньне аб стварэньні групаў падтрымкі ЗУБРа ў Кіеве.
Вяртаючыся да Мэмарандуму, - гэты дакумэнт сьцьвярджае наступнае: моладзь Беларусі заслугоўвае таго, каб стаць часткаю Эўропы, каб атрымліваць адукацыю, каб удзельнічаць у працэсе стварэньня новай Эўропы. Яна заслугоўвае выхаваньня ў духу ініцыятывы й прадпрымальніцтва на падставе зьліквідаваньня ўсіх тыпаў дыскрымінацыі шляхам прапаганды роўнасьці, лепшага разуменьня агульнай эўрапейскай культуры й спадчыны, а таксама нашых адзіных фундамэнтальных мэтаў.