|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Беларусы даб’юцца лепшага жыцьця 10:45, 13/03/2003 Акцыя пратэсту “Народны марш “За лепшае жыцьцё!” пачалася, як і было заплянавана, а 18.00. Плошча Якуба Коласа была літаральна акупаваная супрацоўнікамі міліцыі ў форме і ў штацкім. Людзі з рацыямі запоўнілі станцыю мэтро і пераходы. Пры зьяўленьні першых удзельнікаў акцыі міліцыя стала папярэджваць пра нібыта несанкцыянаванасьць дадзенага мерапрыемства. (Насамрэч учора паміж заявіцелямі акцыі і намесьнікам міністра ўнутраных справаў Аляксандрам Шчурко была дасягнутая дамоўленасьць аб тым, што ўдзельнікі маршу могуць сабрацца на плошчы Якуба Коласа). ![]() Між тым, народ усё прыбываў і прыбываў. Хутка людзі запоўнілі ня толькі плошчу і супрацьлеглыя ўчасткі праспэкту. Да акцыі далучыліся прадпрымальнікі, якія страйкавалі ўдзень. На вуліцу выйшлі прадстаўнікі розных палітычных партыяў і рухаў – моладзевага руху супраціву ЗУБР, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ “Адраджэньне”, Партыі працы, аб’яднаных сацыял-дэмакратаў. Ня толькі палітыкі прыйшлі на акцыю -- яе падтрымала Асацыяцыя шматдзетных бацькоў, іншыя грамадзкія арганізацыі. Прыйшлі грамадзяне Беларусі, якія проста жадаюць жыць лепей, якія гатовыя змагацца за гэтае лепшае жыццьё. Удзельнікі акцыі трымалі плякаты “Хопіць рабаваць народ!”, “Лукашэнка, чым накарміць дзяцей?”, “Ниже налоги, ниже цены”, “Мы хочам працаваць і плаціць падаткі, а не штрафы і хабары!”, “Зьнізіць падаткі і арэнду!”. Там, на плошчы, адбыўся і невялікі мітынг. Там выступілі каардынатары Хартыі Зьміцер Бандарэнка і Людміла Гразнова, адзін зь лідэраў БНФ “Адраджэньне” Юры Хадыка, лідэры прадпрымальніцкіх структураў Леанід Малахаў, Валеры Леванеўскі і Анатоль Шумчанка і іншыя. На мітынгу была прынятая наступная рэзалюцыя: ![]() «Мы, удзельнікі Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!”, пратэстуем супраць росту камунальных плацяжоў, агалечваньня народа, пагаршэньня мэдычнага абслугоўваньня і адукацыі, уціску прадпрымальнікаў, парушэньня правоў чалавека і антыканстытуцыйных дзеяньняў Аляксандра Лукашэнкі. У пакутах простых людзей вінаватая ўлада, якая не разумее, як кіраваць сучаснай дзяржаваю і не жадае пачуць наш голас. Мы, удзельнікі Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!”, патрабуем: зьнізіць камунальную плату; падвысіць заробкі, пэнсіі, дапамогу і стыпэндыі; гарантаваць бясплатнае мэдычнае абслугоўваньне і адукацыю ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй; стварыць спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця дробнага бізнэсу і цывілізаванай рынкавай эканомікі; забясьпечыць доступ да радыё і тэлевізіі; спыніць рэпрэсіі супраць незалежных СМІ і апазыцыйных арганізацыяў;. не дапусьціць рэфэрэндуму па падаўжэньні прэзыдэнцкага тэрміну Лукашэнкі. Мы, удзельнікі Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!”, галасуем за адстаўку Лукашэнкі. Ён павінен сысьці! Калі нашыя патрабаваньні ня будуць выконвацца, масавыя акцыі пратэсту будуць працягвацца. 12 сакавіка 2003 году. Менск”. ![]() Пасьля прыняцьця рэзалюцыі дэманстранты вырашылі рушыць на плошчу Бангалор маршрутам, які быў заяўлены ў Менгарвыканкам: па праспэкту Скарыны праз плошчу Незалежнасьці. Нагадаем, што гарадзкія ўлады забаранілі шэсьце па гэтым маршруце і дазволілі толькі мітынг на плошчы Бангалор. Між тым заявіцелі прасілі ўлады дазволіць дэманстрацыю, што, з юрыдычнага пункту погляду, іншы панятак. Такім чынам, забарона ўладаў была цалкам незаконная, і ўдзельнікі маршу плянавалі на законных падставах прайсьці з пратэстам доўгім маршрутам праз цэнтар сталіцы. ![]() Аднак дарогу дэманстрантам загарадзілі высокія міліцэйскія чыны, якія сталі пагражаць арганізатарам маршу сілавым разгонам акцыі. Андрэй Саньнікаў і Людміла Гразнова паспрабавалі пераканаць намесьніка кіраўніка ГУУС палкоўніка міліцыі Аляксандра Найдэнку хаця б прыняць рэзалюцыю мітынгу і перадаць яе ў Адміністрацыю Лукашэнкі. ![]() Палкоўнік міліцыі адмовіўся. Замест гэтага міліцыя штучна стварыла аўтамабільную пробку на выхадзе з плошчы, каб ня даць дэманстрантам арганізаваць калёну і выйсьці на дарогу. ![]() Удзельнікі акцыі зразумелі, што далейшы шлях гэткім маршрутам прывядзе да сутыкненьня зь міліцыяй, разьвярнуліся і рушылі ў супрацьлеглы бок, скандуючы “На тэлевізію!”. Удзельнікі акцыі плянавалі пайсьці да галоўнага офісу БТ і патрабаваць там доступу апазыцыі да радыё і тэлевізіі. Людзі, якія не зьмяшчаліся на ходніках, ішлі па праежджай частцы праспэкту. Каля заводу “БЕЛВАР” дарогу ўдзельнікам Народнага маршу загарадзілі супрацоўнікі АМАП у форме і ў штацкім на чале са сваім камандзірам Юры Падабедам. Спачатку міліцыя стала адсоўваць людзей да самага краю праежджай часткі. Затым ад Падабеда паступіў загад “выціскаць” людзей на ходнікі. ![]() Улічваючы колькасьць людзей і вузкія ходнікі, такі крок мог справакаваць паўтор трагедыі на Нямізе, у выніку якой у Менску ў 1999 годзе загінулі 53 чалавекі, у тым ліку супрацоўнік праваахоўчых органаў... ![]() Арганізатары Народнага маршу заклікалі міліцыю не выціскаць людзей на ходнікі, не правакаваць цісканіну. У рэшце рэшт, людзі проста селі на дарогу, пабраўшыся за рукі. Аднак міліцыя ўсё ж такі выціснула іх на ходнікі, потым падагналі аўтамабілі. Каб не апынуцца пад іх коламі, людзям прыйшлося адступіць. Дэманстранты не адказалі на гвалт з боку міліцыі. ![]() Калёна павольна рухалася да Акадэміі навук, не адпускаючы транспарантаў і сьцягоў і скандавала сацыяльныя лёзунгі. Там арганізатары маршу папрасілі людзей разыходзіцца. Гэта было адзіным спосабам пазьбегнуць разгону, якога так хацелі ўлады. Нягледзячы на правакацыі, застрашэньні і пагрозы з боку міліцыі, людзі ўсё ж такі выйшлі на вуліцы з патрабаваньнем лепшага жыцьця. Акцыю падтрымалі ў дзесятках рэгіёнаў краіны, больш за 100.000 прадпрымальнікаў. І галоўнае -- у гэты дзень удалося пазьбегнуць маштабных сутыкненьняў зь міліцыяй. Як сказала пасьля сканчэньня акцыі заяўніца маршу Людміла Гразнова: “Людзі, нарэшце вы паўсталі з каленяў!”. См. раздел "Фотохроника"
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|