Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Магілёве суд канфіскаваў абсталяваньне недзяржаўнай тэлестудыі 14:18, 13/03/2003, Генадзь Суднік, БАЖ
Менш за месяц спатрэбілася фінансавым кантрольным службам у г. Магілёве, каб паставіць мясцовую недзяржаўную тэлестудыю "2 канал" на мяжу банкруцтва, а разам - і спыніць яе дзейнасьць. Прафэсійнае тэхнічнае абсталяваньне студыі, агулам больш за 20 адзінак, рашэньнем абласнога гаспадарчага суду пад старшынствам Л. Каралёвай напачатку сакавіка бягучага года канфіскавана на карысьць дзяржавы.
Закрыцьцё папулярнай студыі пачалося са звычайнай "плянавай фінансавай праверкі", якая, дарэчы, не выявіла ніякіх парушэньняў. Але кантралёры папутна зацікавіліся наяўнасьцю санітарных сэртыфікатаў на тэхнічнае абсталяваньне студыі і патлумачылі гэта тым, што клапоцяцца пра стан здароўя калектыву "2-га каналу". Сэртыфікатаў не аказалася, бо ніколі раней, а студыя працуе больш за 5 год, аб нечым падобным і гаворкі не было. Усё абсталяваньне студыі вырабленае адпаведнымі прадпрыемствамі, у большасьці знакамітымі замежнымі, патрапіла ў краіну і набытае законным чынам. На падобным абсталяваньні працуюць студыі не тое, што Магілёва, але й астатняга сьвету.
Але зь беларускімі кантрольнымі інстанцыямі, як вядома, не паспрачаесься, таму студыя на працягу тыдня здолела аформіць у санітарнай службе (за адпаведную дзяржаўную плату, зразумела) гэтыя самыя сэртыфікаты. Абласны ж камітэт фінансавых расьсьледваньняў, таксама не губляючы часу, у гэтыя ж дні накіраваў справу ў суд. Суд тэрмінова ўзяўся за ейны разгляд.
На судзе прадстаўнік камітэту даводзіў пра тое, што "сэртыфікаты трэба было мець на дзень праверкі, а не на дзень суду". На гэтай падставе суд і вынес пакаральнае рашэньне. Судзьдзю не зьбянтэжыла і тое, што тэлевізійная камера дзяржаўнага тэлеканалу "Магілёў-1", якая запісвала для рэпартажу гэтае самае судовае паседжаньне, таксама "не мела і ніколі раней не чула" - гэта тут жа шчыра пацвердзіў тэлеапэратар - ні пра які санітарны сэртыфікат. Цікава таксама, што суд не ўлічыў заступніцтва за "2 канал" абодвух старшыняў выканкамаў - абласнога і гарадзкога, -- якое напярэдадні было ў вуснай форме выказанае супрацоўнікам студыі і абвешчанае імі ў судзе як сведчанне таго, што студыя ёсьць важнай часткай інфармацыйнага і культурнага пейзажу рэгіёну. Падаецца аднак, што кантралёры і абласны гаспадарчы суд маюць значна больш "высокіх" заступнікаў.