Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аргкамітэт Усебеларускага сходу інтэлігенцыі выступіў са зваротам да старшыні Менскага гарсуду і кіраўніцтва пракуратуры з заклікам вызваліць зьняволеных арганізатараў Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!” Андрэя Саньнікава, Людмілу Гразнову, Зьмітра Бандарэнку і Леаніда Малахава. Усе чацьвёра арыштаваных ёсьць дэлегатамі сходу інтэлігенцыі, і аргакамітэт лічыць, што яны павінны ўзяць удзел у гэтым мерапрыемстве.
Адмова Менскага гарвыканкаму грамадзянам у рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і шэсьцяў і арышт арганізатараў Маршу “За лепшае жыцьцё!” Беларускі Гэльсынскі камітэт расцэньвае як грубае парушэньне канстытуцыйных правоў грамадзянаў і міжнародных абавязкаў Беларусі.
Грэцкае старшынства ў АБСЭ распаўсюдзіла заяву, прынятую 13 сакавіка на паседжаньні Сталай Рады. Як паведамляе карэспандэнт “Известий”, у ім паведамляецца, што ў структурах Эўразьвязу з інтарэсам азнаёміліся з справаздачаю місіі АБСЭ ў Менску аб выбарах 2 сакавіка. ЭЗ вітае факт стварэньня гэтай справаздачы, бо ЦВК Беларусі не запрасіў міжнародных назіральнікаў на выбары.
Прадстаўнікі ўкраінскай дэмакратычнай грамадзкасьці наладзілі акцыю салідарнасьці зь беларускім народам. Украінскі інтэрнэт-рэсурс “Майдан-інформ” атрымаў ліст, аўтары якога заклікаюць украінскую дыяспару Злучаных Штатаў Амэрыкі пасадзейнічаць прыняцьцю Кангрэсам ЗША Акта аб дэмакратыі ў Беларусі. Нагадаем, што кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт ад штата Нью-Джэрсі прапанаваў на разгляд Канрэсу ЗША Біль за нумарам 854 “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі - 2003”, мэтай якога зьяўляецца разьвіцьцё дэмакратыі, правоў чалавека і вяршынства закону ў Беларусі. Біль таксама прадугледжвае прыняцьце санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. “Паважаныя ўкраінскія сябры, -- гаворыцца ў лісьце, -- для канчатковага Акта аб дэмакратыі ў Беларусі патрабуецца вялікая колькасьць дадатковых галасоў. Мы зьвяртаемся да Вас з просьбай адправіць ліст Вашаму кангрэсмэну, у якім бы Вы заклікалі яго стаць суаўтарам дакумэнту”.
Яшчэ аднаго арганізатара страйку прадпрымальнікаў 12 сакавіка і Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!”, старшыню рэспубліканкага грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанку выклікалі сёньня ў Савецкі РАУС г.Менску. Анатолю Шумчанку патэлефанавалі дадому з міліцыі і паведамілі, што прадпрымальнік павінен зьявіцца ў раённае кіраўніцтва міліцыі для складаньня пратаколу з далейшай перадачай яго ў суд. Прычынай для гэтага стаў удзел Анатоля Шумчанкі ў Народным маршы. Прадпрымальнік адмовіўся ісьці ў міліцыю да таго часу, пакуль не атрымае афіцыйнае позвы. Нагадаем, што ўчора на 15 сутак арышту былі асуджаныя чацьвёра арганізатараў Народнага маршу – Людміла Гразнова, Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Бандарэнка і Леанід Малахаў.
Рэдактар закрытай уладамі гарадзенскай газэты “Пагоня” Мікалай Маркевіч і газэта “Белорусский рынок” сталі ляўрэатамі прэміі Герда Буцэрыюса “Маладая прэса Ўсходняе Эўропы” 2003 году нямецкага фонду “Цайт-Штыфтунг”. Прэмія ў гонар заснавальніка фонду і былога рэдактара нямецкай газэты “Цайт” Герда Буцэрыюса прысуджаецца фондам з 1999 году. Ён уганароўвае імі ўсходнеэўрапейскія друкаваныя сродкі масавай інфармацыі і асобных журналістаў, якіх адрозьніваюць прафэсіяналізм і грамадзянская мужнасьць.
Лідэры прадпрымальніцкіх структураў, якія аб’ядналіся вакол ідэі правядзеньня Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!”, старшыня Страйкаму прадпрымальнікаў Беларусі Валеры Леванеўскі і старшыня рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня Анатоль Шумчанка выступілі ў падтрымку свайго калегі, сустаршыні РГА “Прыватная ўласнасьць” Леаніда Малахава і іншых арганізатараў маршу, якія былі асуджаныя да арышыту тэрмінам на 15 сутак.
Прaвядзеньне Мaршу “Зa лепшaе жыцьцё!” яшчэ рaз пaкaзaлa белaрускім улaдaм, штo белaрускі нaрoд ня будзе мoўчкі знoсіць зьдзекі й гвaлт, якія ўжo кaтoры гoд учыняе рэжым Лукашэнкі. Aрэсты Андрэя Сaньнікaвa, Зьміцерa Бaндaрэнкі, Людмілы Грaзнoвaй і Леaнідa Мaлaхaвa зa ўдзел у акцыі і пaтрaбaвaньні павышэньня заробку, пэнсіяў і стыпэндыяў, зьніжэньня камунальных тарыфаў і стварэньня ўмоваў для развіцьця прадпрымальніцтва, сьведчаць пра бoязь і хвaлявaньні ўлaды.
12 сакавіка "Зьвяз беларусаў замежжа" правёў акцыю ў падтрымку беларускага Маршу, які праходзіў пад лёзунгам "За лепшае жыцьцё!". Сябры зьвязу абышлі праскія офісы міжнародных арганізацыяў, каб распаўсюдзіць адпаведную заяву. “Зьвяз беларусаў замежжа” салідарны з дэмакратычнымі сіламі на Радзіме і выказвае поўную падтрымку людзям, якія працягваюць змагацца за лепшую будучыню для Беларусі. Прапануем вашай увазе тэкст заявы, які распасюджваўся ў міжнародных офісах Прагі:
12 сакавіка 2003 году Аляксандар Лукашэнка прадэманстраваў свой страх перад мірным пратэстам беларускага народа, бясьсільле перад асабістай мужнасьцю людзей. Даведзеныя да галечы і абрабаваныя рэжымам, яны выйшлі на Народны марш “За лепшае жыцьцё!” пад сацыяльнымі лёзунгамі і патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі і яго ўраду. Больш за 100.000 індывідуальных прадпрымальнікаў у дзясятках гарадоў падтрымалі акцыю ў Менску агульнанацыянальным страйкам.
Як паведамлялася ў прэсе, маці выкрадзенага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага зьвярнулася ў суд на дзеяньні Пракуратуры рэспублікі, якая адмовіла ёй у выдачы копіі пастановы аб прыпыненьні расьследаваньня справы па факце гвалтоўнага выкраданьня ейнага сына. Такі лёс і крымінальнай справы па факце гвалтоўнага выкраданьня Ю.Захаранкі.
Група супрацоўнікаў Генэральнае пракуратуры Ўкраіны прыбыла ў Італію для кансультацыяў з мясцовымі праваахоўчымі органамі, у сувязі з разглядам італьянскім судом справы аб нелегальных пастаўках зброі з Украіны і Беларусі ў 1992-94 гг. Групу Генпракуратуры ачольвае намесьнік генэральнага пракурора – начальнік галоўнага кіраваньня ваенных пракуратураў Аляксандар Атамнюк, паведаміла агенцтву “Интерфакс-Украина” ў чацьвер крыніца ў дыпляматычных колах.
12 сакавіка прыкладна шэсьць тысячаў чалавек сабраліся для правядзеньня мірнага шэсьця на цэнтральнай плошчы Менску пад лёзунгам “За лепшае жыцьцё!”. Удзельнікі акцыі выказалі пратэст супраць бядотнага сацыяльна-эканамічнага становішча краіны, перадае сайт Хартыі’97 і БелаПАН, а таксама іншыя мясцовыя СМІ. Арганізатарамі гэтай акцыі зьявіліся праваабарончыя групы, апазыцыйныя палітыкі, прадпрымальнікі рынкаў, дзясяткі тысячаў якіх правялі ў гэты дзень аднадзённы страйк у трыццаці гарадох Беларусі. Нягледзячы на тое, што перш улады санкцыянавалі толькі правядзеньне мітынгу на плошчы Бангалор, што на ўскрайку горада, напярэдадні дня Маршу быў дазвол сабрацца на плошчы Якуба Коласа. У час акцыі не адзначалася якіх-небудзь сутычак ці іншых інцыдэнтаў, праўда, сілы правапарадку спрабавалі груба выціснуць людзей з праежджай часткі на ходнікі і такім чынам справакаваць бойку.
Гатэлевы комплекс “Юбілейны” перайшоў да Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Адпаведны ўказ Аляксандар Лукашэнка падпісаў у сераду. Такім чынам, толькі ў Менску кіраўніцтва цяпер валодае трыма буйнымі гатэлямі. На чарзе — перадача пад кантроль гэтай структуры гатэля “Плянэта”. На думку незалежных экспэртаў, падобнае павелічэньне “апэтытаў” кіраўніцтва сьведчыць пра неабходнасьць тэрмінова папоўніць бюджэт ды пазабюджэтныя фонды.
Нягледзячы на адміністратыўныя меры ўзьдзеяньня, якія прымаюць улады Віцебшчыны па ліквідацыі пазыкаў па заробку, на 1 сакавіка за студзень заробак не атрымалі больш за 450 калектываў. Пераважная іх большасьць уваходзіць у АПК. Найгоршае становішча ў Сененскім, Лепельскім і Расонскім раёнах.
22 лютага ў “Народнай волі” быў надрукаваны ліст жыхара г.Баранавічы Сямёна Карунца. Аўтар падрэсьліваў: “Я лічу, што нашаму народу трэба перастаць саромецца таго, што ён будзе ведаць заробак дзяржслужачых: прэзыдэнта, дэпутатаў і іншых. Наадварот, народ мусіць ведаць, колькі ён плоціць ім як нанятым работнікам. Думаю, што ведаць заробак высокапастаўленых дзяржслужачых ня толькі не зьяўляецца чымсьці заганным, “заглядваньнем у чужую кішэню”, але і неабходна для таго, каб вызначыць годны ўзровень аплаты іх працы. Менавіта такі народ, як гаспадар краіны, павінен быў устанаўліваць чыноўнікам -- наёмным работнікам -- заробак, а не перадавяраць ім браць такі заробак, які яны палічаць за патрэбнае...”
Рабочыя бабруйскага броварнага ААТ “Дедново” патрабуюць ад кіраўніцтва прадпрыемства выплаты належнага ім заробку, пазыкі па якім пачалі накаплівацца яшчэ зь верасьня леташнега году. Калі грошы да 20 сакавіка ня будуць сплочаныя, то рабочыя гатовыя абвесьціць страйк. Пра гэта яны заявілі ў лісьце на імя дырэктара піўзаводу. Пад пэтыцыяй паставілі свае подпісы больш за 150 чалавек – прыкладна палова працоўных прадпрыемства.
15 сакавіка ў Расеі набралі моц новыя правілы вывазу наяўнай валюты – да 3 тысячаў даляраў, без дэклярацыі і ад 3 тысячаў даляраў да 10 тысячаў з дэклярацыяй, але без банкаўскай даведкі. Учора высьветлілася, што расейскім грамадзянам рана радавацца -- калі яны зьбіраюцца праяжджаць праз рэспублікі СНД, у прыватнасьці, Беларусь.
У 13 населеных пунктаў зоны адчужджэньня і зоны абавязковага адсяленьня пад Чарнобылем пражывае 410 самасёлаў. Пра гэта заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў чацьвер у Кіеве кіраўнік дзяржаўнага дэпартамэнту адміністрацыі зоны адчужджэння і зоны абавязковага адсяленьня Ўладзімер Халош.