Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пастаўкі зброі з Украіны і Беларусі разгледзяць у судзе 11:01, 14/03/2003, ForUm
Група супрацоўнікаў Генэральнае пракуратуры Ўкраіны прыбыла ў Італію для кансультацыяў з мясцовымі праваахоўчымі органамі, у сувязі з разглядам італьянскім судом справы аб нелегальных пастаўках зброі з Украіны і Беларусі ў 1992-94 гг. Групу Генпракуратуры ачольвае намесьнік генэральнага пракурора – начальнік галоўнага кіраваньня ваенных пракуратураў Аляксандар Атамнюк, паведаміла агенцтву “Интерфакс-Украина” ў чацьвер крыніца ў дыпляматычных колах.
У італьянскім горадзе Турын зараз працягваюцца адкрытыя судовыя слуханьні па так званай справе “Стрешинский+8”, у якой група асобаў абвінавачваецца ў “замаху на ўвоз зброі на тэрыторыю Італіі”. Як удакладнілі агенцтву “Інтэрфакс-Украіна” ў амбасадзе Ўкраіны ў Італіі, сярод абвінавачаных па гэтай справе няма ўкраінскіх грамадзянаў.
Згодна матэрыялам справы, былы жыхар Кіеву, які выкарыстоўваў пашпарт грамадзяніна Парагваю, Зьміцер Страшынскі ачольваў у 1992-94 годзе фірму “Глобал Тэхноджыз Інтэрнэшнл” і закупаў ад яе імя зброю ва Ўкраіне і Беларусі. Пры гэтым дзяржаўным экспартным структурам прад’яўляліся падробныя сэртыфікаты апошняга карыстальніка. Рэальным атрымальнікам зброі была Харватыя, адносна якой у гэты час дзейнічала эмбарга ААН.
Д.Страшынскі быў асуджаны ў Турыне ў сакавіку 2002 на 1 год і 11 месяцаў да пазбаўленьня волі ўмоўна. У сваіх сьведчаньнях у час сьледзтва ён заявіў пра датычнасьць да нелегальнага гандлю зброяй шэрагу афіцыйных асобаў Украіны.
У час працэсу па справе “Страшынскі+8” ужо выступілі некалькі грамадзянаў Украіны па запрашэньні адвакатаў аднаго з абвінавачаных.
На апошнім паседжаньні суда, якое адбылося ў панядзелак, 10 сакавіка, выступіў, у прыватнасьці, былы кіраўнік аховы першага прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Краўчука Віктар Палівода.
На мінулым тыдні ў Турыне сьведчылі генэрал-маёр Службы бясьпекі Ўкраіны ў адстаўцы Аляксандар Шаркоў і дзейны палкоўнік СБУ Ўладзімер Куліш, якія прадставілі суду дакумэнтальныя доказы таго, што СБУ перашкаджала дзейнасьці Д.Страшынскага і супрацоўнічала з замежнымі спэцслужбамі для спыненьня незаконнага гандлю зброяй.