Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Заява Міжнароднай лігі правоў чалавека 11:00, 14/03/2003
12 сакавіка прыкладна шэсьць тысячаў чалавек сабраліся для правядзеньня мірнага шэсьця на цэнтральнай плошчы Менску пад лёзунгам “За лепшае жыцьцё!”. Удзельнікі акцыі выказалі пратэст супраць бядотнага сацыяльна-эканамічнага становішча краіны, перадае сайт Хартыі’97 і БелаПАН, а таксама іншыя мясцовыя СМІ. Арганізатарамі гэтай акцыі зьявіліся праваабарончыя групы, апазыцыйныя палітыкі, прадпрымальнікі рынкаў, дзясяткі тысячаў якіх правялі ў гэты дзень аднадзённы страйк у трыццаці гарадох Беларусі. Нягледзячы на тое, што перш улады санкцыянавалі толькі правядзеньне мітынгу на плошчы Бангалор, што на ўскрайку горада, напярэдадні дня Маршу быў дазвол сабрацца на плошчы Якуба Коласа. У час акцыі не адзначалася якіх-небудзь сутычак ці іншых інцыдэнтаў, праўда, сілы правапарадку спрабавалі груба выціснуць людзей з праежджай часткі на ходнікі і такім чынам справакаваць бойку.
Учора чацьвёра арганізатараў Маршу былі арыштаваныя. Суды над арганізатарамі прайшлі ў Савецкім раённым судзе г. Менску пад старшынствам судзьдзяў Рэлявы і Казадаева.
Андрэй Саньнікаў, міжнародны каардынатар Хартыі’97 і былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі атрымаў 15 сутак турмы, столькі сама атрымала Людміла Гразнова (каардынатар Хартыі’97 па правох чалавека), Зьміцер Бандарэнка (каардынатар Хартыі’97) і Леанід Малахаў (прадпрымальнік, сустаршыня “Прыватнай ўласнасьці”).
Лідэры апазыцыі былі арыштаваныя міліцыяй адразу пасьля сканчэньня шэсьця і дастаўленыя ў Савецкі раённы пастарунак, дзе іх пратрымалі ўсю ноч па абвінавачваньні ў парушэньні артыкулаў 167 ч.1 і 167 ч.2 КоАП “удзел у несанкцыянаваных масавых акцыях” (Гразнова адна выхоўвае непаўнагадовую дачку і ёй дазволілі вярнуцца дадому, аднак на наступны дзень яе ўсё адно асудзілі разам з астатнімі). Дарэчы, ніхто з асуджаных не заклікаў удзельнікаў да гвалту, а, наадварот, да мірнага правядзеньня акцыі. Так, напрыклад, Зьміцер Бандарэнка вёў перамовы зь кардонам міліцыі, пасьля чаго заклікаў дэманстрантаў разыходзіцца.
Дзеяньні беларускага кіраўніцтва -- новы віток рэпрэсіяў, бо раней яны не асьмельваліся арыштоўваць Андрэя Саньнікава за ўдзел у мірных шэсьцях, ведаючы яго высокі статус дыплямата, як у Беларусі, так і за мяжой. Тэрмін у пятнаццаць сутак таксама пераўзыходзіць па працягласьці прысуды адносна ўдзельнікаў папярэдніх акцыяў.
Міжнародная ліга правоў чалавека заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня чатырох зьняволеных лідэраў і ўсіх тых, хто ўдзельнічае ў мірных акцыях пратэсту, а таксама патрабуе ад уладаў устрымацца ад уціску мірных дэманстрацыяў, прызначаных на 25 сакавіка і 26 красавіка. У сувязі з гэтым, мы просім беларускія ўлады не перашкаджаць правядзеньню мірнага шэсьця людзей ў гэтыя дні.
Лідэры Хартыі’97 былі нашымі цеснымі партнэрамі цягам некалькіх гадоў і прымалі ўдзел у праграмах Лігі, АБСЭ, Камісіі ААН па правох чалавека, канфэрэнцыях па дэмакратыі і правох чалавека, а таксама ў брыфінгах і слуханьнях Кангрэсу ЗША па сытуацыі ў Беларусі.
Мы настойліва просім місію АБСЭ, якая нядаўна аднавіла дзейнасьць у Беларусі, а таксама замежныя амбасады, акрэдытаваныя ў Менску, зрабіць усё магчымае, каб дабіцца дазволу на наведваньне вязьняў і патрабаваць іх неадкладнага вызваленьня пры адначасовым зьняцьці абвінавачваньняў.