Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Арганізатары Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!” заклікаюць усе палітычныя і грамадзкія сілы краіны падтрымаць акцыі пратэсту 25 сакавіка (Дзень Волі) і 26 красавіка (Чарнобыльскі Шлях). Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў сябра аргкамітэту грамадзянскае ініцыятывы “Хартыя’97” Мікалай Халезін, каардынатар руху ЗУБР Уладзімер Кобец, старшыня рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка, намесьнік старшыні Страйкаму прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь Леанід Каліценя. Удзельнікі прэс-канфэрэнцыі паведамілі таксама, што на дадзены час выпрацоўваецца агульны стратэгічны плян апазыцыі па дзеяньнях цягам гэтага году. Гэты плян, паводле іх, будзе даведзены да вядомасьці усіх партыйных актывістаў, пройдзе ўзгадненьне. І, прыкладна, праз тры-чатыры тыдні пачне ажыцьцяўляцца.
Усебеларускі сход беларускай інтэлігенцыі прайшоў 16 сакавіка ў Менску ў Палацы культуры “Сукно”. Дэлегаты (а гэта прыкладна 800 чалавек з усіх рэгіёнаў) сабраліся абмеркаваць палітычную, эканамічную і культурную сытуацыю ў Беларусі. У форуме прынялі ўдзел такія вядомыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі як Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Законьнікаў, Алесь Марачкін, Зінаіда Бандарэнка, Уладзімер Арлоў, Уладзімер Колас, Лявон Вольскі і многія іншыя.
Шаноўныя сябры! На жаль, мы ня можам сёньня разам з Вамі ўдзельнічаць на гэтым форуме беларускай інтэлігенцыі. Але, знаходзячыся пад арыштам, мы ўсё адно разам з Вамі, бо праблемы, якія Вам неабходна абмеркаваць, па сутнасьці, зьяўляюцца лёсавызначальнымі для беларускай нацыі і беларускай дзяржаўнасьці. Упэўненыя, што на зьезьдзе будуць прынятыя рашэньні, якія будуць садзейнічаць кансалідацыі ўсіх дэмакратычных сілаў краіны, умацаваньню незалежнай і дэмакратычнай Беларусі.
У ноч на 15 сакавіка невядомыя абрабавалі кватэру, у якой знаходзіцца прэсавы цэнтар руху ЗУБР. Зламысьнікі перапілавалі краты вакна і праніклі ў кватэру, якая знаходзіцца на першым паверсе. Быў скрадзены сыстэмны блёк кампутара, на якім знаходзілася важная інфармацыя. Праца прэсавай службы руху часова паралізаваная. Відавочна, гэта і было мэтай злачынцаў. Больш нічога ў кватэры не зьнікла. Лідэры руху зьвязваюць выкраданьне тэхнікі з актывізацыяй ЗУБРа і актыўным удзелам у Народным маршы “За лепшае жыцьцё!”.
12 сакавiка ў многiх гарадах Беларусi адбылiся масавыя акцыi пратэсту супраць пагаршэньня жыцьця, нястрымнага росту жыльлёва-камунальных выдаткаў, адмiнiстрацыйнага задушэньня прадпрымальнiцкай дзейнасьцi. У Менску пратэст выказалi ўдзельнiкi Народнага маршу "За лепшае жыцьцё" й прадпрымальнiцкiх страйкаў. Нягледзячы на падкрэсьлена мiрны характар менскай акцыi ды яе сацыяльную накiраванасьць, арганiзатары Народнага маршу Л.Гразнова, З.Бандарэнка, Л.Малахаў i А.Саньнiкаў былi засуджаныя на максымальны тэрмiн пакараньня, прадугледжаны недэмакратычным беларускiм заканадаўствам. Пагроза арышту навiсла над iншымi ўдзельнiкамi Маршу.
Сойм Партыi БНФ рашуча пратэстуе супраць чарговай хвалi палiтычных рэпрэсiяў i патрабуе неадкладнага вызваленьня зьняволеных.
Мы заклiкаем амбасады дэмакратычных краiнаў, Офiс АБСЭ ў Менску, Бюро дэмакратычных iнстытутаў i правоў чалавека АБСЭ даць ацэнку дзеяньням беларускiх уладаў i патрабаваць спынiць грубыя парушэньнi правоў чалавека ў Беларусi.
Усебеларускі камітэт па сьвяткаваньні 85-й гадавіны БНР ачоліў Васіль Быкаў – пра гэта БелаПАН паведаміў намесьнік старшыні рады БНР Сяргей Навумчык. Беларуская дыяспара адзначыць 85-ю гадавіну стварэньня БНР ў шэрагу краінаў сьвету. Мерапрыемствы пройдуць у Нью-Ёрку, Парыжы, Лёндане, Варшаве, гарадох Канады і Аўстраліі.
Рашэньнем Страйкавага Камітэту прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь ад 16 сакавіка 2003 году ў Беларусі абвешчаная новая акцыя пратэсту прадпрымальнікаў “паход у “парлямэнт”. 1 красавіка 2003 году прадстаўнікі прадпрымальнікаў розных рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь а 10.00 намерваюцца прыйсьці да будынку “нацыянальнага сходу” Рэспублікі Беларусь і Савету міністраў Рэспублікі Беларусь (пл. Незалежнасьці, Дом ураду, помнік У.Леніну).
Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў дзеяньні ЗША адносна Іраку. Выступаючы ў пятніцу зь лекцыяй перад студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, ён падкрэсьліў, што “Америка пытается убедить мир в том, что Ирак сегодня самое сильное звено в “оси зла”, что режим Саддама Хусейна плохой, и оружием массового поражения заполонен весь Ирак”. Разам з тым, паводле яго, “понятна истинная причина происходящего - это нефть". "Сегодня - это весь мир понимает, и миллиарды людей выступают в защиту Ирака”, -- сказаў Лукашэнка і адзначыў, што наўрадці гэта стане стрымліваючым фактарам вайны.
Днямі на сайце ўплывовага амэрыканскага часопісу "Forbes" зьявіўся атлас сьвету з пазначэньнем краінаў, якія разглядаюцца ЗША ў якасьці носьбітаў патэнцыйнай пагрозы. Беларусь і Ўкраіна трапілі ў атлас як “нестабільныя краіны, якія мяжуюць з новымі дзяржавамі-сябрамі НАТО”. "Forbes" мяркуе, што ў будучыні нашая рэспубліка можа пагражаць стабільнасьці ва ўсім рэгіёне. Першае, што кідаецца ў вочы, -- Беларусь і Ўкраіна знаходзяцца ў сьпісе патэнцыйных пагрозаў сусьветнаму спакою на першым месцы. Пры гэтым нумарацыя вядзецца не па альфабэце (у супраціўным выпадку Балканы мусілі быць вышэй за Беларусь). Другі момант – кампанія, у якой апынулася Беларусь і Ўкраіна.
Словы, вынесеныя ў назве, я ўсё часьцей згадваю, калі бачу, якія перашкоды ўчыняюцца ў “Новой газете Сморгони”. А спачатку, калі толькі пачыналася ўся гэтая “заваруха” зь ліквідацыяй індывідуальнага прадпрымальніка Улана Р.В, -- выдаўца газэты, першыя асобы нашай раённай улады клялілся і запэўнівалі ўсіх навокал, што выканкам нічога і ня мае супроць газэты, выканкам толькі хацеў бы “разбрацца” з парушальнікам “пячнога” і працоўнага заканадаўства – прадпрымальнікам Уланам. “Няхай будзе газэта”, -- мы чулі з вуснаў старшыні Юргеля С.У. і ягонага намесьніка Шмыгі С.А. на сэсіях, сустрэчах, сходах. Але вось раніцай 7 сакавіка, у пятніцу, у продажы зьявілася “НгС”. І што тут пачалося! З раніцы, які ўжо раз, спрабуем узгадніць новую дамову падпіскі з кіраўніком Смаргонскага РУПС. Раіса Паўлаўна Страх у чарговы раз называе нейкую недарэчную прычыну, па якой яна ня будзе падпісваць з новым выдаўцом дамову на дастаўку ўсё той самай “Новой газеты Сморгони”. Самае сьмешнае, што паштальёны, як звычайна, разабралі дастаўленую намі на пошту газэту па сваіх торбах і сталі разыходзіцца па акругах. І тут паступае каманда ўсіх вярнуць, газэту – на склад.
Былы кіраўнік барысаўскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Аляксандар Абрамовіч, які ўвосень 2001 году эміграваў у ЗША і зараз жыве ў Атланце, стварае фонд падтрымкі землякоў-апазыцыянэрыў.
Цэнтрвыбаркам Беларусі хадайнічае аб узнагародзе супрацоўнікаў МУС, якія забясьпечвалі грамадзкі парадак у час нядаўніх выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Адпаведны ліст за подпісам старшыні Цэнтрвыбаркаму накіраваны міністру ўнутраных справаў, паведаміла беларуская служба “Русского радио”. Паводле сакратара ЦВК Мікалая Лазовіка, выбары “прайшлі без адзінага інцыдэнта”, а ў час датэрміновага галасаваньня міліцыянты дзяжурылі на выбарчых участках нават па начох, ахоўваючы дакумэнтацыю.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка раніцай 17 сакавіка схоплены каля свайго пад’езду і дастаўлены ў Савецкі РАУС. Міліцыянты сьцьвярджаюць, што хутчэй за ўсё яго адвязуць у суд таго самага раёну. Хадыка арыштаваны за ўдзел у акцыі і выступ на мітынгу 12 сакавіка.
Приблизительно в 16-00 по минскому времени всемирная паутина понесла невосполнимую утрату. С ее просторов на полчаса бесследно исчез официальный веб-сайт Лукашенко. Всё началось с того, что утром пользователи обратили внимание на такой забавный факт. При использовании функции поиска (ввод запроса - http://www.president.gov.by/rus/search?what=%EC%F3%E4%E0%EA ) неизменно выскакивала биография Александра Григорьевича. Вероятно, от наплыва желающих увидеть это собственными глазами сервер не выдержал и отказался работать. После восстановления работы сайта, к сожалению, биографию Лукашенко таким образом найти не удалось.
Беларусь у тэрміновым парадку прывяла сваё валютнае заканадаўства ў адпаведнасьць з расейскім. Зараз у расейскіх грамадзянаў праблемаў з правозам праз яе тэрыторыю валюты ў памеры да $3 тыс. без дэклярацыяў быць не павінна.
Паводле вынікаў лютага спажывецкія кошты ў Беларусі вырасьлі на 1,9 адсоткі, а за 11 дзён сакавіка – яшчэ на 1,3 адсоткі. Такія дадзеныя атрыманыя БелаПАН у Міністэрстве статыстыкі і аналізу. У студзені спажывецкія кошты павялічыліся на 4,3 адсоткі. Такім чынам, з пачатку году іх рост склаў 7,7 адсоткі пры гадавым прогнозе ўраду і Нацыянальнага банку ў 18-24 адсоткаў. За студзень-люты і першы тыдзень сакавіка 2002 году кошты ў Беларусі павялічыліся на 10,8 адсоткі. У лютым 2003 году спажывецкія кошты ў Расеі вырасьлі на 1,6 адсоткі (з пачатку году - на 4,1), ва Ўкраіне - на 1,1 (на 2,6), у Казахстане - на 0,5 (на 1,5).
20 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правядзе нараду на ААТ “Крыніца” на тэму разьвіцьця айчыннай броварнай галіны. У пачатку месяца ўрад распрацаваў плян яе структурнай перабудоы, у аснове якой пошук унутраных інвэстыцыяў. На “Крыніцы” кіраўнік скажа сваё слова, і, магчыма, далешы лёс галіны будзе вырашы. Рабочыя Бабруйскага піўзаводу “Дедново” ўжо вызначыліся: 20 сакавіка яны пачынаюць першы ў гісторыі сучаснай беларускай браварні страйк.
Крэдыторская запазычанасьць беларускіх прадпрыемстваў і арганізацыяў на 1 студзеня 2003 году пераўзышла дэбіторскую на 33,6%, паведамілі “Интерфаксу” ў Міністэрстве статыстыкі й аналізу. Агульны аб’ём крэдыторскай запазычанасьці склаў 11,113 трлн. бел.руб, у тым ліку запазычанасьць пастаўшчыкам тавараў (працаў, паслуг) – 8,21 трлн. бел.руб. Агульны аб’ём дэбіторскай запазычанасьці на пачатак 2003 году складаў 4,62 трлн. бел. руб ці 41,6% ад яе агульнага аб’ёму супроць 44,7% на 1 студзеня 2002 году. На запазычанасьць звыш трох месяцаў прыпадае 73,2% агульнае сумы пратэрмінованай крэдыторскай запазычанасьці.
Чарговы беларускі тэлеканал пачне працу ўвосень. Пра гэта паведаміў генэральны дырэктар Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў 12 сакавіка на прэсавай канфэрэнцыі ў Горадні. Новы канал, паводле Рыбакова, будзе створаны на базе пяці абласных тэлерадыёаб’яднаньняў (ТРА). Ужо працуе яго дырэкцыя на чале з старшынёй Віцебскага ТРА Аляксандрам Семярнёвым. Якая будзе форма, канцэпцыя, сетка вяшчаньня яшчэ ня вызначана. “Адзінае, што я магу сказаць, -- канал будзе, і будзе ўвосень, усё астатняе абмяркоўваецца”, -- заявіў Рыбакоў.
“Итера” 14 сакавіка правяла прэзэнтацыю кампаніі Назіральнай радзе Расейскага газавага таварыства. Старшыня Рады дырэктараў “Итера” Ігар Макараў распавёў пра асноўныя накірункі бізнэсу кампаніі, выніках яе працы на газавых рынках СНД і Балтыі ў 2002 годзе і плянах на бліжэйшуюю пэрспэктыву.