Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Французскім інвэстарам Беларусь не падабаецца 17:12, 18/03/2003
Абмежаваньне прыватнай уласнасьці перашкаджае стварэньню спрыяльнага інвэстыцыйнага клімату Беларусі, што негатыўна ўплывае на прыцягненьне замежных інвэстараў. Такую думку выказаў у інтэрвію “Интерфаксу” Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Францыі ў Беларусі Стэфан Шмелеўскі.
Французскі дыплямат лічыць, што беларускаму кіраўніцтву варта дазволіць замежным бізнэсоўцам набываць кантрольныя пакеты акцыяў прадпрыемстваў і прыбраць з заканадаўства сьцьверджаньні, якія абмяжоўваюць поўную прыватную ўласнасьць, напрыклад, “залатую акцыю”, якая дзейнічае як вельмі эфэктыўны застрашальны элемент”. Акрамя таго, адзначыў амбасадар, існуюць перашкоды ў падаткавым заканадаўстве Беларусі. На яго думку, “беларуская падаткавая база вельмі абцяжарвае інвэстараў”.
Разам з тым, паводле С.Шмялеўскага, французскія прадпрымальнікі лічаць рынак Беларусі “вельмі пэрспэктыўным”. Ён адзначыў, што ў Францыі вельмі многія бізнэсоўцы маюць шэраг цікавых праектаў, зьвязаных з Рэспублікай Беларусь, “рэалізацыя якіх магчымая пры стварэньні спрыяльнага інвэстыцыйнага клімату і ўмоваў узаемнага даверу”.
Аднак, нягледзячы на некаторыя пазытыўныя дзеяньні беларускага боку па паляпшэньні інвэстыцыйнага клімату, французскія інвэстары “вагаюцца”, сказаў дыплямат. Паводле яго, прыняцьце інвэстыцыйнага кодэксу ў Беларусі зьяўляецца “добрым крокам у правільным кірунку, але гэтага недастаткова”. “Беларусь павінна звыкнуцца з думкаю, што прадпрымальнікі могуць і павінны зарабляць грошы”, – падкрэсьліў дыплямат. С.Шмялеўскі лічыць, што “беларускім уладам неабходна перагледзіць сваё стаўленьне да даходаў уласьнікаў”. Пры гэтым ён канстатаваў, што ў рэспубліцы да гэтага часу існуе “ідэя падзяленьня багацьця, якое зарабіў пэўны чалавек”.
На думку дыплямата, калі прадпрымальнік “прыходзіць і ўратоўвае прадпрыемства-банкрут, ён ужо дзеліцца зь дзяржаваю, укладаючы ў гэта свае грошы”. “Чым большы пірог, тым болей людзей могуць яго адкусіць”, -- сказаў С.Шмялеўскі.