Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У 2003 годзе ў Беларусі будзе зарэгістравана больш за 230 тысячаў беспрацоўных 11:19, 18/03/2003
Паводле прагнозаў спэцыялістаў, у 2003 годзе дзяржаўнай службай занятасьці будзе зарэгістравана ня менш за 233,2 тысячы беспрацоўных. Як паведаміў БелаПАН намесьнік дырэктара дэпартамэнту па занятасьці Міністэрства працы й сацыяльнай абароны Беларусі Мікалай Баранаў, на дадзены час, «пасьля адноснай стабільнасьці цягам працяглага пэрыяду» сытуацыя на рынку працы ў краіне абвастрылася.
Паводле спэцыяліста, асноўнай прычынай павелічэньня колькасьці беспрацоўных стаў «прырост працоўных рэсурсаў і вызваленьне лішкавай працоўнай сілы за кошт аптымізацыі колькасьці работнікаў арганізацыяў».
Так, на 1 сакавіка сёлетняга году на ўліку ў цэнтрах занятасьці стаяла 143,4 тысячы беспрацоўных, што складае больш за тры адсоткі эканамічна актыўнага насельніцтва краіны. На адно вольнае працоўнае месца ў гэты пэрыяд умоўна прыпадала шэсьць беспрацоўных (на 1 сакавіка 2002 году -- 4 чалавека).
Як лічыць Мікалай Баранаў, дзейным механізмам рэгуляваньня рынку працы стане дзяржаўная праграма занятасьці насельніцтва на 2003 год. Яна накіраваная на садзеяньне беспрацоўным і часова незанятым грамадзянам у аднаўленьні працоўнай дзейнасьці, эфэктыўнае выкарыстаньне і разьвіцьцё працоўных рэсурсаў, а таксама на мінімізацыю негатыўных наступстваў беспрацоўя і сацыяльную абарону беспрацоўных.
В рамках праграмы на сталую працу прапануецца працаўладкаваць 141 тысячу беспрацоўных (у 2002 годзе было працаўладкавана 128,6 тысячы). Выплаціць дапамогу па беспрацоўю плянуецца 209 тысячам беспрацоўных, часова працаўладкаваць -- 28,7 тысячы школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў у вольны ад навучаньня час, 224 сем`ям беспрацоўных – садзейнічаць перасяленьню на новае месца жыхарства й працы.
Акрамя таго, у рамках праграмы заплянавана стварэньне працоўных месцаў для працаўладкаваньня 57 тысячаў чалавек (64,8 тысячы - летась), у тым ліку 4,8 тысячаў (4,6 тысячаў) - пры фінансавай падтрымцы з сродкаў дзяржаўнага фонду садзеяньня занятасьці. На навучаньне і арганізацыю прафэсійнай падрыхтоўкі і павышэньне кваліфікацыі павінны быць накіраваныя 28,3 тысячаў беспрацоўных (28,8 тысячы). Аплочваемыя грамадзкія працы будуць наладжаныя для 103 тысячаў чалавек, у тым ліку 63,6 тысячаў беспрацоўных. 3,5 тысячам чалавек плянуецца аказаць садзеяньне ў арганізацыі індывідуальнага прадпрымальніцтва і дробнага бізнэсу, у тым ліку 2 тысячам 190 беспрацоўным – з фінансавай падтрымкаю.