|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Якая мiсiя ў мiсii АБСЭ? 12:45, 18/03/2003, Алесь Сіліч, Народная воля Стамiлася вока, шчыра кажучы, шукаць у натоўпе сярод удзельнiкаў Народнага маршу "За лепшае жыцьцё!" звыклыя безрукаўкi з сiнiмi лiтарамi "OSCE". Не знайшоў. Не прысутнiчалi эўрапейскiя назiральнiкi i на наступны дзень у судзе Савецкага раёну, дзе вяршылi "судзiлiшча" над Гразновай, Бандарэнкам, Саньнiкавым i Малахавым. Можа, новы кiраўнiк мiсii АБСЭ Эбэргард Хайкэн нiчога ня ведаў пра акцыю пратэсту i пра суды? Ды не! Як паведамляе прэс-цэнтр "Хартыi-97", прадстаўнiкi незарэгiстраванага моладзевага руху "ЗУБР" за некалькi дзён да манiфэстацыi перадалi яму пэрсанальнае запрашэньне наведаць манiфэстацыю i назiраць за магчымымi рэпрэсiямi ў адносiнах да яе ўдзельнiкаў. Я вырашыў зьвязацца з самiм спадаром Хайкенам, каб даведацца пра яго пазыцыю адносна дадзенага пытаньня. У менскiм офiсе АБСЭ праз кожныя паўгадзiны мяне прасiлi патэлефанаваць яшчэ раз, паколькi "кiраўнiк мiсii на чарговай сустрэчы" i адказаць не можа. Нарэшце, пасля чатырох гадзiнаў аўтадазвону з офiсу мiсii АБСЭ прыйшоў адказ па факсе, у якiм нас праiнфармавалi, што марш "За лепшае жыцьцё" наведалi намесьнiк кiраўнiка мiсii i яшчэ адзiн супрацоўнiк офiсу АБСЭ, пацьвердзiлi, што прадстаўнiкi АБСЭ не прысутнiчалi на пасяджэннях суда, калi "раздавалi суткi" арганiзатарам акцыi, а таксама паведамiлi, што "офiс АБСЭ будзе выкарыстоўваць сваё права назiраньня ў будучым i будзе прымаць тую цi iншую пазiцыю, калi гэта спатрэбiцца". Што i казаць, цiкавую форму назiраньня за масавымi акцыямi вызначылi ў офiсе АБСЭ. Прадстаўнiкi мiсii як быццам i прысутнiчаюць падчас правядзеньня той самай манiфэстацыi, але iх нiхто не заўважае. Калi сам вiд безрукавак з назвай "АБСЭ", як паветра патрэбны ў якасьцi стрымлiваючага фактара для мiлiцыi, "гераiзм" якой часта заключаецца ў зьбiцьцi людзей, вось гэтых безрукавак я i не бачыў. Складваецца ўражаньне, што ў АБСЭ прынялi цьвёрдае рашэньне супрацоўнiчаць зь беларускiмi ўладамi i нi ў якiм выпадку не iсьцi на канфрантацыю. А як жа быць з прынцыпамi, мэтамi АБСЭ? На яе афiцыйным iнтэрнэт-сайце, напрыклад, чытаю: "Болей за 4000 супрацоўнiкаў АБСЭ ў краiнах Цэнтральнай Азii, Каўказа, Паўночна-Усходняй i Усходняй Эўропы прызваны "на месцы" садзейнiчаць палiтычным працэсам, прадухiляць цi рэгуляваць канфлiкты, прасоўваць дэмакратыю i прынцыпы верхавенства законаў". Дык дзе можна абараняць дэмакратыю, калi не падчас працэсу адкрытага парушэньня правоў чалавека? Можа, у Адмiнiстрацыi прэзыдэнта цi ў боўлiнг-клюбе? Вопыт зносiнаў мiжнародных структураў з нашымi ўладамi ўжо не адзiн раз дэманстраваў, што апошнiя адкрыта чхаюць на ўсе заклiкi i рэкамендацыi. Знаходжу разьдзел "Навiны АБСЭ" на яе афiцыйнай iнтэрнэт-старонцы. Думаеце, хоць радок ёсьць пра чарговых "вязьняў сумленьня" ў Беларусi? Нi слова. За першыя суткi пасля акцыi ў Менску ў гэтым разьдзеле зьявiлася сем навiнаў: пяць зь iх прысьвечаны забойству прэм`ер-мiнiстра Сэрбii Зорана Джынджыча, адна -- прызначэньню новага эмiсара АБСЭ ў Цэнтральнай Азii i яшчэ адна -- "кругламу сталу" ў Таджыкiстане, на якiм абмяркоўвалiся праблемы доступу моладзi да iнфармацыi. Пра Беларусь -- нi гу-гу! Яскрава памятаю нядаўнi вiзыт у Беларусь прадстаўнiка Парляменцкай асамблеi АБСЭ Уты Цапф. У адзiн зь вечароў для нас, прадстаўнiкоў прэсы, арганiзавалi сустрэчу з эўрапейскiм эмiсарам, на якой мы мусiлi распавесьцi ёй аб праблеме свабоды слова на Беларусi. Рамуальд Улан, галоўны рэдактар закрытай "Новай газеты Смаргонi", лiтаральна прыляцеў на гэтую сустрэчу на ўласным аўто ў завіруху за 150 кiламетраў. На ўсё жыццё я запомнiў абыякавыя вочы сп. Цапф. Яна час ад часу паліла, нешта закапвала ў нос, ёрзала на крэсле альбо наогул пакiдала памяшканьне, калi хто-небудзь з маiх калег распавядаў пра жудасныя факты парушэньня свабоды слова... Пасля гэтага вiзыту нашу "палатку" прынялi ў ПА АБСЭ. А зноў адкрытая мiсiя АБСЭ ў Менску пасьля доўгага i нуднага гандлю з уладамi наконт свайго статусу здаецца, нiяк не можа "раскочегариться" i зрабiць нешта запамiнальнае, па-сапраўднаму карыснае для ўсталяваньня дэмакратыi ў Беларусi. Лiчу, што для новых супрацоўнiкаў мiсii АБСЭ час распакоўваць чамаданы ўжо прайшоў. Трэба нешта рабiць, а не марнаваць грошы эўрапейскiх падаткаплатнікаў, робячы выгляд, што Эўропа за нечым назiрае ў Беларусi.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|