Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь дапаможа Іраку гуманітарна 15:34, 20/03/2003, Георгі Астас, Радыё Рацыя
Беларусь разглядае магчымасьць аказаньня Іраку гуманітарнай дапамогі. Пра гэта на брыфінгу ў чацьвер заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных. Ён агучыў заяву беларускага МЗС, у якой сказана, што Беларусь "занепакоеная пачаткам вайсковай апэрацыі". Садама Хусэйна ў Менску не чакаюць. Аляксандр Лукашэнка называе ЗША "монстрам" і "агрэсарам".
Паводле словаў прэсавага сакратара, цяпер "разглядаецца магчымасьць аказаньня гуманітарнай дапамогі Іраку". "Натуральна, што нашае рашэньне будзе прынята ў сьвятле рэальных магчымасьцяў Беларусі па аказаньню такой дапамогі", - паведаміў Савіных.
Ён абверг інфармацыю пра палітычны прытулак Садама Хусэйна ў Беларусі. "Чуткі ня маюць пад сабой ніякай глебы. Мы разглядаем іх як прыклад распаўсюду недобрасумленнай інфармацыі".
"Выкарыстаньне ўзброенай сілы супроць сувэрэннай дзяржавы без санкцыі Рады Бясьпекі ААН парушае асноўныя прынцыпы Статуту ААН і міжнароднага права", - гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі, якую агучыў Савіных.
У МЗС Беларусі лічаць, што дзеяньні ЗША "ігнаруюць меркаваньне большасьці міжнароднай супольнасьці, наносяць шкоду існуючай сыстэме міжнародных адносінаў". Паводле словаў Андрэя Савіных, Беларусь выступае за хутчэйшае спыненьне вайсковых дзеяньняў.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка называе ЗША "агрэсарам" і "монстрам". "Саддам правільна заяўляе, што амэрыканцы - гэта агрэсары", - паведаміў беларускі лідэр у інтэрвію газэтам "СБ" і "Комсомольская правда".
"Пасьля Другой усясьветнай вайны гэта акт самай буйной агрэсіі насуперак міжнародным нормам і меркаваньню міжнароднай супольнасьці", - лічыць Лукашэнка.