|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Эдмунд Штойбэр: «Шродэр раскалоў Эўропу» 11:01, 27/03/2003, Ёзэф Ёфэ, Die Zeit (Нямеччына) "Die Zeit": Бэрлін ня здолеў спыніць вайну, нямецка-амэрыканскія адносіны сапсаваныя. Ці праводзіў бы, ці мог бы праводзіць іншую палітыку Штойбэр на пасадзе канцлера? Штойбэр: Такую палітыку я б не праводзіў, бо Зьвяз заўсёды жадаў, каб нямецкія інтарэсы ўкладваліся ў рамкі эўрапейскіх інтарэсаў. "Die Zeit": Але немцы й французы жылі заўсёды душа ў душу. Штойбэр: Эўропа гэта болей, чым Нямеччына й Францыя, віной расколу было рашэньне федэральнага канцлера, калі ён у жніўні акрэсьліў ськіраванасьць сваёй палітыкі ў аднабаковым парадку, не маючы на гэта згоды, словам: ніякага ўдзелу ў мерах, накіраваных супраць Садама Хусэйна, ні ў ваенным, ні ў палітычным, ні фінансавым пляне. Такім чынам, ён з самага пачатку зашкодзіў выпрацоўцы адзінай пазыцыі. "Die Zeit": Калі б Вы былі сёньня канцлерам, Вы б амэрыканцам вайсковыя базы… Штойбэр: … дакладна такім чынам падаў бы, як гэта робіць федэральны ўрад. Калі б ЗША прымянілі ваеныя сродкі без ААН, то гэта было праблематычным з пункту погляду міжнароднага права. "Die Zeit": А зараз гэта ня супярэчыць міжнароднаму праву? Штойбэр: Рэальна не, бо амэрыканцы могуць абапірацца на рэзалюцыі № 1441 і 16. А яны прынятыя ААН. "Die Zeit": Замежная палітыка Зьвязу незразумелая. То Меркель /Штойбэр кажуць: ніякай вайны, больш часу для працы інспэктарам. Затым Меркель кажа, вайна легітымная як апошні сродак. А якая пазыцыя Штойбэра? Штойбэр: Тут няма супярэчаньняў. Мы заўсёды казалі, што факт наяўнасьці ірацкай зброі масавага зьнішчэньня не даказаны. Мы ўказвалі на тое, што яно можа выкарыстоўвацца Іракам ці тэрарыстычнымі арганізацыямі, і што такую пагрозу трэба прадухіліць. Спрэчка вялася толькі аб тым, ці можна было прымусіць Садама раззброіцца не ваеннымі, а іншымі сродкамі. "Die Zeit": Першымі ахвярамі сталі НАТО й Эўропа – абедзьве расколатыя. Якім чынам здолеў бы гэта прадухіліць канцлер Штойбэр, калі 70 адсоткаў насельніцтва ўсё ж такі супраць любой вайны? Штойбэр: Я б зрабіў бы ўсё магчымае, каб дабіцца адзінай эўрапейскай пазыцыі. "Die Zeit": Як? Штойбэр: Нельга пасьпешліва рабіць аднабаковыя высновы, абвінавачваць амэрыканцаў у аванцюрызьме на рынках і, такім чынам, абуджаць пэўныя інстынкты. Нельга адмаўляцца ад размовы. Эўропа ніколі не стане для Амэрыкі значным партнэрам, калі яна ня будзе выступаць зьяднана. Шанцаў на мірнае рашэньне было б нашмат болей, калі б Францыя й Нямеччына адзінадушна сталі ў шэрагі краінаў, якія аказваюць ціск з дэманстрацыяй рэальнай пагрозы прымяненьня сілы. "Die Zeit": Сёньня можна казаць, што французы жадаюць любым чынам спыніць вайну, а ЗША -- весьці яе. Наколькі вялікім застаецца поле для манэўра у нямецкай дыпляматыі? Штойбэр: Каб не было няслушных установак канцлера, французы ніколі б не выступілі супраць амэрыкацнаў так рэзка і маштабна. Францыя ў гэтай спрэчцы скарыстала шанец наблізіцца да рэалізацыі сваёй старой мары пра шматпалярны сьвет, у якім Францыя мае асаблівы статус. Але Нямеччына – ня Францыя. Нашыя дзяржаўныя рэзоны заўсёды сыходзілі з дзьвюх рэчаў: балянс з Францыяй і захаваньне трансатлянтычнага зьвязу. Усе канцлеры маглі ўладкоўваць гэта, Шродэр - не. Ён парушыў балянс. Без Нямеччыны Парыж ніколі б не пайшоў на такі выклік амэрыканцам. "Die Zeit": Давайце заглянем наперад. Што зробіць Зьвяз, калі вайна зацягнецца і будзе крывавай? Штойбэр: Вайна – заўсёды выбар паміж двайны злом. Што страшней: пагроза з боку Садама Хусэйна ці наступствы вайны? Амэрыканцы абралі другое. Сытуацыя - вось яна, і нэўтралітэту больш ня можа быць. "Die Zeit": Для каго? Штойбер: Для нас. Мы павінны зрабіць усё, каб не прыносіць больш шкоды атлянтычнаму зьвязу. Мы павіны пераадолець раскол Эўропы і зрабіць стаўку на хаўрус з Амэрыкай, каб мець магчымасьць вызначаць будучыню НАТО і ААН. "Die Zeit": Зь якой мэтай? Штойбер: Я ня думаю, што Рада бясьпекі можа працягваць працваць так, як працавала да гэтага часу. Павінна адбыцца прынцыповае абмеркаваньне. Без ЗША сыстэма ААН функцыянаваць ня можа, але мы, эўрапейцы, павінны ім даць зразумець, што аднапалярнага сьвету быць ня можа. Да Эўропы будуць прыслухоўвацца, калі ў яе будзе адзін голас. "Die Zeit": Але Эўропа моцна расколатая. Як вы зьбіраецеся залечваць гэты раскол? Штойбэр: Тым, што спачатку ўсе мусяць зразумець, што расколатая Эўропа ня можа іграць ніякай ролі ў сьвеце. На дадзены час Эўропа як палітычны зьвяз знаходзіцца на мяжы пагібелі. "Die Zeit": Якім чынам Вы зьбіраецеся займацца вялікай палітыкай з пацыфісцка настроенай Нямеччынай? Штойбэр: Бо неабходна правядзеньне шырокай дыскусіі. Мы павінны разумець, чаго мы жадаем. "Die Zeit": Ніякай вайны. Штойбер: Вядома, не. Калі мы, як Францыя, жадаем шматпалярнага сьвету, тады Эўропа павінна быць таксама фактарам стабільнасьці й парадку ў сьвеце. "Die Zeit": А як Вы зьбіраецеся прымусіць нас думаць пра катэгорыі парадку і раўнавагі? Штойбэр: У рамках эўрапейскай замежнай палітыкі. Нам патрэбныя эўрапейскі міністар замежных справаў, палітычны зьвяз. І эўрапейская дыскусія па пытаньні: як нам справіцца зь міжнародным тэрарызмам, з дыктатарамі, якія дабіваюцца зброі масавага зьнішчэньня? А ў Францыі шмат хто жадае зьвязу дзяржаваў пад французкім кіраўніцтвам, жадаюць Эўропу без Амэрыкі. Але мы ніколі ня здолеем выступаць за Эўропу, якая займае пазыцыю, накіраваную супраць Амэрыкі. Мы ўспрымаем Амэрыку як эўрапейскую краіну.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|