Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Акт аб дэмакратыі ў Беларусі падтрымлівае ўсё больш чальцоў Кангрэсу ЗША 11:21, 28/03/2003
“Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” быў пададзены Сэнату ЗША 25 сакавіка сустаршынём Гэльсынскай Камісіі, сэнатарам Бэнам Найтхарсам Кэмпбэлам. “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” складзены віцэ-прэзыдэнтам Камітэту па міжнародных зносінах ніжняй палаты кангрэсу й прэзыдэнтам Камісіі па бясьпецы й супрацоўніцтву ў Эўропе амэрыканскім кангрэсмэнам Крыстафэрам Сьмітам. Як стала вядома прэсаваму цэнтру Хартыі, на сёньня “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі-2003” падтрымалі наступныя сэнатары:Джон МакКейн, Джозеф Байден і кангрэсмэны: Стэні Хойер, Джозэф Пітс, Луіс Макінтош Слотэр, Элсі Хастынгс, Джозэф Хойфэл і Элтан Галеджлі.
Нагадаем, якія меры ў падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі прадугледжаныя дадзеным дакумэнтам: у 2004-2005 гадох ЗША выдзяляе 40 млн. даляраў незалежным грамадзкім сілам, яшчэ 5 млн. пойдзе на пашырэньне беларускага вяшчаньня радыёстанцыяў “Голас Амэрыкі” і “Свабода”. У выпадку адмовы беларускіх уладаў спыніць перасьлед незалежных СМІ, расьсьледаваць выпадкі палітычна матываваных зьнікненьняў людзей і вызваліць усіх палітвязьняў, ЗША абвесьціць санкцыі супраць Беларусі. Для шэрагу беларускіх чыноўнікаў будзе закрыты доступ на тэрыторыі ЗША, забаронены стратэгічны экспарт у Беларусь і дзяржаўныя інвэстыцыі, а таксама прынятыя меры да скарачэньня фінансавай дапамогі Беларусі з боку міжнародных фінансавых інстытутаў. “Акт...” таксама прадугледжвае агучваньне экспарту Беларусьсю зброі ў краіны, якія падтрымліваюць тэрарызм, і публікацыю зьвестак аб маёмасьці Лукашэнкі й ягонага атачэньня.