Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Новыя крымінальныя справы супраць мытнікаў 11:37, 28/03/2003
Распачатыя новыя крымінальныя справы ў часе расьсьледаваньня,заведзенага 20 сьнежня 2002 году адносна інспэктараў Менскай рэгіянальнай мытні. Як паведамілі БелаПАН у прэсавым цэнтры рэспубліканскае пракуратуры, расьсьледваньне вызначыла, што чацьвёра інспэктараў нядбайна ставіліся да выкананьня службовых абавязкаў пры мытным афармленьні ўвезенай у Беларусь за 2002 год на 92 аўтамабілях імпартнай паперы фінскай й нямецкай вытворчасьці. Толькі паводле гэтага факту дзяржаве быў нанесены ўрон у памеры 1 млрд. рублёў у выглядзе недабору мытных платаў.
Рэспубліканская пракуратура выявіла факты, якія сьведчаць, што да зьдзяйсьненьня дадзенага злачынства датычныя начальні кіраваньня арганізацыі мытнага кантролю і два начальнікі аддзелаў Менскай рэгіянальнай мытні, якія з карысьлівай зацікаўленасьці дзейнічалі ў інтарэсах шэрагу камэрцыйных структураў, давалі ўказаньні інспэктарам аб мытным афармленьні грузаў насуперак дзейнаму мытнаму заканадаўству.
У прэс-цэнры пракуратуры адзначаюць, што адносна вышэйзгаданых службовых асобаў распачатыя крымінальныя справы й абраныя меры спыненьня ў выглядзе зьняволеньня. Справы заведзеныя па прызнаках злачынстваў, прадугледжаных часткай 3 арт.424 (злоўжываньне ўладаю ці службовымі паўнамоцтвамі) і ч.3 арт. 426 (перавышэньне ўладаю ці службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Пракуратура таксама расьсьледуе крымінальную справу, распачатую 30 студзеня 2003 году сьледчымі ораганамі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, адносна двух інспэктараў Менскай рэгіянальнай мытні па факту нядбайных адносінаў да выкананьня сваіх службовых абавязкаў. У выніку таго, што пры мытным афармленьні груза мэблі, якая паступіла ў адрас ЗАТ “Апельсін”, па заніжаным кошце, дзяржаве нанесены ўрон на суму звыш 58 млн. руб. Расьследваньнем вызначаныя абставіны, якія сьведчаць аб датычнасьці кіраўніка арганізацыі мытнага кантролю да зьдзяйсьненьня гэтага злачынства, паведамляюць у прэсавым цэнтры пракуратуры. Па справе ўтвораная сьледчая група, у склад якой уваходзяць супрацоўнікі пракуратуры, КДБ й МУС.