Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Кубінскі й беларускі рэжым у захапленьні адзін ад аднога 11:12, 01/04/2003
Візыт міністра замежных справаў Кубы Фэліпэ Пэрэса Рокэ актывізуе беларуска-кубінскія адносіны. Упэўненасьць у гэтым выказаў Аляксандар Лукашэнка, прымаючы 31 сакавіка кіраўніка кубінскага замежнапалітычнага ведамства.
Беларускі лідэр адзначыў, што летась значна, амаль на 60 адсоткаў павялічыўся гандлёва-эканамічны зварот паміж двума краінамі, хаця ў гэтым пытаньні пакуль ёсьць некаторы дысбалянс – назіраецца перавага імпарту над экспартам. Аляксандар Лукашэнка выказаў думку, што беларускія прамыслоўцы знойдуць тавары, у якіх зацікаўленыя кубінцы, каб збалянсаваць таваразварот.
Кіраўнік дзяржавы лічыць нязначнай наяўнасьць трывалай дагаварной базы двухбаковых зносінаў. Лукашэнка выказаў задаволенасьць беларуска-кубінскім супрацоўніцтвам на міжнароднай арэне і адзначыў, што ў дзьвюх краінах практычна няма разыходжаньняў у ацэнцы сытуацыі, якая складваецца ў сьвеце.
Паводле Фэліпэ Пэрэса Рокэ, на Кубе “захапляюцца намаганьнямі беларускага народа, накіраванымі на захаваньне сваёй незалежнасьці”. Кубінцы з павагаю ставяцца да “той упартасьці й трываласьці”, якія, “нягледзячы на вонкавы ціск, праяўляе беларускі народ на чале з сваім лідэрам у абароне свайго права на незалежнасьць”. На думку Фэліпэ Пэрэса Рокэ, нягледзячы на складанасьці, Беларусь здолела “дасягнуць немалых посьпехаў у паляпшэньні дабрабыту свайго народа”.
Фэліпэ Пэрэс Рокэ станоўча ацаніў вынікі сваіх сустрэчаў, якія адбыліся ў Менску. Замежны госьць адзначыў, што вельмі выніковымі былі перамовы з кіраўніцтвам Міністэрства замежных справаў, “савету рэспублікі”, “палаты прадстаўнікоў”.