Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Эўрапейскі зьвяз занепакоены ўціскам мірных акцыяў у Беларусі 12:16, 01/04/2003
Эўрапейскі зьвяз “вельмі занепакоены пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі”. Пра гэта гаворыцца ў “Заяве Эўразьвязу адносна парушэньняў свабоды слова ў Беларусі”, зробленым 31 сакавіка. У дакумэнце ў чарговы раз выказваецца занепакоенасьць сябраў Эўрапейскага зьвязу адносна фактаў арыштаў і зьняволеньня “некаторых удзельнікаў мірных дэманстрацыяў, якія прайшлі ў Менску ў апошні час”.
Як паведамляў БелаПАН, 27 сакавіка ў рамках паседжаньня Сталай рады АБСЭ ў Вене (Аўстрыя) грэцкае старшынства Эўразьвязу ўжо выступала з заяваю па гэтым пытаньні.
Нагадаем, што 12 сакавіка ў беларускай сталіцы прайшла акцыя “Народны марш “За лепшае жыцьцё!”, а 23 і 25 сакавіка апазыцыйныя сілы наладзілі сьвяткаваньне Дня Волі і 85 угодак абвяшчэньня БНР. Паводле некаторых ацэнак, у акцыях апазыцыі прынялі ўдзел да 5.000 чалавек. Больш за 20 удзельнікаў былі асуджаныя ўладамі да розных тэрмінаў адміністратыўнага арышту.
“Разумнае імкненьне да падтрыманьня грамадзкага парадку ні ў якім выпадку не павінна весьці да абмежаваньняў і парушэньняў правоў на правядзеньне дэманстрацыяў і свабоды слова”, -- сьцьвярджае ў гэтай сувязі кіраўніцтва Эўразьвязу.