Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь у Дакладзе Дзярждэпу ЗША 14:42, 01/04/2003
Амэрыканскі Дзярждэпартамэнт агучыў штогадовы даклад аб стане з правамі чалавека ў розных краінах сьвету. Прэзэнтацыя дадзенага дакладу адбылася ўчора ў амбасадзе ЗША ў Менску. Нямала месца ў дакладзе прысьвечана маштабным парушэньням правоў чалавека ў Беларусі. Даклад Дзярждэпартамэнту ЗША па правох чалавека ў Беларусі будзе даступны на нашым сайце пакуль на ангельскай мове (http://www.state.gov/g/drl/rls/hrrpt/2002/18354.htm). Як толькі будзе гатовы пераклад гэтага аб’ёмнага дакумэнту, ён таксама будзе апублікаваны ў нас. Пакуль мы прапануем Вам азнаёміцца з тэкстам уступу беларускай часткі дакладу Дзярждэпу ЗША.
Беларусь
Згодна cа зьмененай Канстытуцыяй, краіна зьяўляецца рэспублікай, у якой Прэзыдэнт абіраецца прамым галасаваньнем. Прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка (абраны ў 1994 г.) працягваў падрыў дэмакратычных інстытутаў праз правядзеньне шэрагу несправядлівых выбараў, а таксама рэфэрэндуму па зьмене Канстытуцыі, які адбыўся з сур’ёзнымі парушэньнямі. У кастрычніку 2001 года Прэзыдэнт Лукашэнка забясьпечыў сабе новы прэзыдэнцкі тэрмін, правёўшы выбары, якія Арганізацыя па бясьпецы й супрацоўніцтву ў Эўропе не змагла назваць ні свабоднымі, ні справядлівымі. Парляменцкія выбары 2000 года атрымалі падобную ацэнку. Судовая ўлада не зьяўляецца незалежнай.
Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ) і Міністэрства ўнутраных справаў, якія падпарадкоўваюцца непасрэдна Прэзыдэнту, падзялялі абавязкі па забеспячэньні правапарадку і ўнутранай бясьпекі. Згодна з законам Прэзыдэнт мае права падпарадкаваць усе органы бясьпекі свайму асабістаму кіраўніцтву. Грамадзянскія ўлады, за выключэньнем Прэзыдэнта, не ажыцьцяўлялі эфэктыўны кантроль за сіламі бяспекі. Пад кіраўніцтвам Лукашэнкі Служба бясьпекі Прэзыдэнта, якая з пачатку стваралася дзеля абароны вышэйшых службовых асобаў, працягвала дзейнічаць супраць палітычных ворагаў Лукашэнкі без усялякага судовага альбо заканадаўчага кантролю. Супрацоўнікі сіл бясьпекі шматразова зьдзяйсьнялі сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека.
Насельніцтва краіны - прыкладна 10 мільёнаў чалавек. Плянаваньне эканомікі ажыцьцяўлялася цэнтралізавана, прыкладна палова ўсяго вырабленага нацыянальнага прадукту прыпадае на прамысловасьць. Большасьць працоўных былі занятыя ў дзяржаўных прамысловым і сельскагаспадарчым сэктарах. У дзяржаўным сэктары заробкі былі ніжэйшыя за сярэднія па краіне. Затрымкі з выплатай заробкаў мелі месца ўвесь час, хаця часта не насілі зацяжны і паўсюдны характар. Афіцыйная макраэканамічная статыстыка стала больш надзейнай і паказала, што жыцьцёвы ўзровень многіх слаёў грамадзтва працягваў зьніжацца. Жыхары невялікіх гарадоў і сельскіх раёнаў, дзе прыбыткі былі асабліва нізкія, забясьпечвалі сабе праз занятак неўлічанай прадпрымальніцкай дзейнасьцю і працаю на прысядзібных участках.
Сытуацыя з забесьпячэньнем рэжымам правоў чалавека заставалася вельмі дрэннай і пагоршылася ў некаторых сфэрах. Улады пасьпяхова працягвалі адмаўляць сваім грамадзянам у праве зьмяніць уласны ўрад. Паступіла інфармацыя аб загадкавай сьмерці прынамсі аднаго палітычнага актывіста. Улады не імкнуліся дасьледаваць зьнікненьні вядомых апазыцыйных палітыкаў, якія адбыліся ў мінулыя гады, і не прынялі да ўвагі істотныя паведамленьні аб ролі рэжыму ў гэтых зьнікненьнях, атрыманыя на працягу года. Перавышэньне паўнамоцтваў, а часам і катаваньне вязьняў і затрыманых міліцыяй, працягвалася. Таксама паступалі паведамленьні аб жорсткіх зьдзеках ва ўзброеных сілах. Захавалася праблема перанаселенасьці турмаў. Сілы бясьпекі бескантрольна зьдзяйснялі арышты й затрыманьні грамадзянаў, значна ўзрасла колькасьць затрыманьняў па відавочна палітычных матывах, хоць многіх затрымоўвалі на кароткі час. Службы бясьпекі працягвалі замахі на недатыкальнась прыватнага жыцьця й права на свабоду руху, зьдзяйсняючы сталы кантроль за дзейнасьцю апазыцыйных палітыкаў, праваабарончых арганізацыяў і іншых слаёў насельніцтва.
Рэжым працягваў абмяжоўваць свабоды слова й прэсы, а таксама не забясьпечваў павагу свабоды сходаў і аб`яднаньняў. Рэжым прыняў шэраг дэкрэтаў, якія яшчэ больш абмежавалі гэтыя свабоды. Ен пачаў атаку на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, што прывяло да закрыцьця некалькіх газэтаў і турэмнага зьняволеньня журналістаў па абвінавачаньні ў паклепе. Улады таксама прынялі новы закон об рэлігійных аб`яднаньнях, які жорстка абмяжоўвае свабоду веравызнаньня і аддае перавагу Рускай праваслаўнай царкве ў параўнаньні з нетрадыцыйнымі канфесіямі. Рэжым абмяжоўваў свабоду руху.
Апазыцыйныя палітычныя партыі й рухі падвяргаліся ўзмоцненаму ціску праз судовае і несудовае ўзьдзеяньне, уключаючы фізычны гвалт над палітычнымі апанентамі. Супрацоўнікі службы бясьпекі ажыцьцяўлялі пільнае назіраньне за праваабарончымі арганізацыямі і перашкаджалі іх працы. Гвалт у сем`ях і дыскрымінацыя жанчын па-ранейшаму зьяўляліся сур`езнымі праблемамі. Улады працягвалі жорстка абмяжоўваць правы працоўных на свабоду аб`яднаньняў, арганізацыяў і падпісаньне калектыўных пагадненьняў. Захавалася праблема гандлю жанчынамі і дзецьмі. Напрыканцы года ўлады пачалі яе разгляд.