Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Беларускае пытаньне» на сэсіі ПАРЭ 11:22, 01/04/2003, прэс-служба АГП
31 сакавіка адкрылася вясновая сэсія ПАРЭ, галоўнымі пытаньнямі пленарнага паседжаньня якой былі праблема Чачэніі й вайна ў Іраку. Між тым, сытуацыя ў Беларусі застаецца пад кантролем ня толькі адмысловых камісіяў, створаных у рамках Палітычнага камітэту й Камітэту па юрыдычных пытаньнях і правох чалавека, але і асноўных палітычных групаў ПАРЭ і кіраўніцтва дадзенай структуры. У першы дзень сэсіі намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскае партыі Беларусі Яраслаў Раманчук правёў шэраг сустрэчаў, на якіх абмяркоўвалася сытуацыя ў Беларусі пасьля мясцовых выбараў, а таксама стан справаў з правамі чалавека, свабодай СМІ, асабліва пасьля адкрыцьця офісу АБСЭ ў Менску.
У прыватнасьці, Я.Раманчук сустрэўся з старшынём падкамітэту па Беларусі палітычнага камітэту Ёнасам Чэкуолісам. Справа ў тым, што ў сераду пройдзе паседжаньне гэтага падкамітэту. На ім слова будуць трымаць як прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі, так і Я.Раманчук. Сп.Чэкуоліс з цікавасьцю азнаёміўся з аналізам сытуацыі ў Беларусі, з заяваю палітычных партыяў аб ацэнцы мясцовых выбараў, заваю дэпутатаў мясцовых органаў улады, якія сфармавалі міжрэгіённую дэпутацкую групу, а таксама з рэкамэндацыямі АГП і іншых дэмакратычных партыяў па далейшай працы ў Беларусі. Ё.Чэкуоліс, як і даклядчык па Беларусі юрыдычнага камітэту В.Станкевіч пазытыўна ацанілі пачатак кампаніі “за сумленныя й празрыстыя выбары”. На іх думку, без зьменаў выбарчага заканадаўства Беларусі цяжка будзе разьлічваць на зьмены пазыцыі ПАРЭ па беларускім пытаньні.
Пэрспэктывы ўдзелу Эўрапейскай народнай партыі (ЭНП) у рашэньні беларускага пытаньня абмяркоўваліся Я.Раманчуком з кіраўніком групы народнікаў Рэнэ ван Дэр Ліндэнам. Ён паабяцаў актыўны ўдзел ЭНП у працы камітэтаў па Беларусі. Пры гэтым ён завіў, што “калі хтосьці ў Менску спадзяецца, што статус адмыслова запрошанага ў ПАРЭ можна атрымаць, не мяняючы нічога ў заканадаўстве, у практыцы прымяненьня закону, у сытуацыі з СМІ, то ён памыляецца”.
Яраслаў Раманчук таксама ўдзельнічаў у паседжаньні палітычнае групы Эўрапейскай народнай партыі. Усім чальцам групы быў раздадзены матэрыял па сытуацыі ў Беларусі. У сераду плянуецца абмеркаваньне сытуацыі ў нашай краіне пасьля парлямэнцкіх выбраў, у якім удзел будзе прымаць і сп.Раманчук. Беларускі палітык прыняў удзел і ў працы Камітэту па юрыдычных пытаньнях і правох чалавека і раздаў чальцам камітэту аналітычны дакляд, падрыхтаваны ім адмыслова да вясновай сэсіі ПАРЭ.
Працоўным плянам Я.Раманчука таксама прадугледжаныя сустрэчы з генэральным сакратаром ПАРЭ Бруна Халерам, Генэральным сакратаром Рады Эўропы Вальтэрам Швімэрам, лідэрам палітычнае групы сацыялістаў Т.Дэвідсам, старшынём групы эўрапейскіх дэмакратаў Д.Аткінсанам, старшынём групы лібэралаў, дэмакратаў і рэфарматараў Маціасам Орсі, а таксама прадстаўнікамі палітычнага камітэту, якія ўдзельнічаюць у працы камісіі па Беларусі.
У сераду а 14.00 адбудзецца паседжаньне падкамітэту па Беларусі, а ў чацьвер у той самы час – паседжаньне падкамітэту па выкрадзеных у Беларусі вядомых людзях. У кулуарах ПАРЭ ёсьць меркаваньне, што выносіць пытаньне аб Беларусі на пленарнае паседжаньне нават на восеньскую сэсію пакуль рана.
У бліжэйшыя 2-3 месяцы варта чакаць візыту ў Менск або прадстаўнікоў падкамітэтаў, якія займаюцца непасрэдна Беларусьсю, або шырокай дэлегацыі ПАРЭ, якія зьбіраюцца на мейсцы вывучыць сытуацыю і на падставе пабачанага й пачутага плянаваць сваю далейшую палітыку адносна Беларусі.