Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Валеры Леванеўскі асуджаны да 15 сутак 14:33, 02/04/2003, фото IREX/Promedia
Старшыня Страйкаму прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь Валеры Леванеўскі асуджаны сёньня судом Савецкага раёну Менску да 15 сутак арышту за ўдзел 12 сакавіка ў Народным маршы “За лепшае жыцьцё!”. Вырак прадпрымальніку вынес судзьдзя Руслан Казадоеў. Сьведкамі абвінавачваньня выступалі маёр міліцыі Леановіч і старэйшы лейтынант Хілько, якія таксама сьведчылі на судох над арганізатарамі Народнага маршу.
У пачатку судовага паседжаньня Валеры Леванеўскі заявіў судзьдзі адвод у сувязі з парушэньнем ягоных правоў на абарону – прадпрымальніку ня далі заключыць дамову з адвакатам. Судзьдзя Казадоеў адвод не прыняў. Суд над Леванеўскім цягнуўся ўсяго толькі гадзіну. Пасьля перапынку, а 14.00, судзьдзя аб’явіў вырак -- 15 сутак арышту за паўторнае парушэньне арт.167 КоАП цягам году.
У час працэсу па справе прадпрымальніка прысутнічалі супрацоўнікі амбасады ЗША ў Беларусі, якія пасьля адпаведнай крытыкі ў свой адрас зараз наведваюць усе суды над беларускімі апазыцыянэрамі. А вось місія АБСЭ ў Менску па-ранейшаму не ўспрымае суды як наступ на правы чалавека ў Беларусі.
Нагадаем, што да 15 сутак арышту за арганізацыю Народнага маршу былі асуджаныя таксама каардынатары грамадзянскае ініцыятывы “Хартыя’97” Людміла Гразнова, Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Бандарэнка й прадпрымальнік, сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня “Прыватная ўласнасьць” Леанід Малахаў.