Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
  1 23 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30        




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Адзіная эўрапейская краіна, якая падтрымлівае Садама
10:45, 02/04/2003

Сярод краін-удзельніц СНД ёсьць тыя, якія адкрыта і гучна падтрымліваюць антыірацкую кааліцыю, і тыя, хто робяць гэта ціха. Ёсьць таксама краіны, якія выказваюць асьцярожны сумнеў у сувязі з ваеннымі дзеяньнямі ў Іраку і краіны, якія праклінаюць вайну апошнімі словамі. І, нарэшце, ёсьць толькі адна краіна, Рэспубліка Беларусь, кіраўнік якой дэманстратыўна заяўляе ўсім пра сваю падтрымку Садама Хусэйна, — так на старонках “Frankfurter Allgemeine” піша журналіст Маркус Вэнэр.

“Больш стракатую карціну нават цяжка сабе ўявіць, — адзначае аўтар артыкула. — Падзел на праціўнікаў і прыхільнікаў вайны пралягае непасрэдна ўнутры рэгіёнаў — ва Ўсходняй Эўропе, на Паўдзённым Каўказе, у Цэнтральнай Азіі. Стаўленьне, як ні дзіўна, толькі ў самай малой ступені зьвязана з рэлігіяй, якую спавядаюць кіраўнікі краінаў СНД — іслямам ці праваслаўем. Найбольш вызначальнымі фактарамі ў выбары пэўнай пазыцыі ёсьць такія моманты, як геапалітыка дый эканамічныя інтарэсы постсавецкіх рэспублік.

З гэтага гледзішча пра- і антыамэрыканская рыторыка большасьці кіраўнікоў постсавецкіх краінаў выглядае дастаткова матываванай. Так, Казахстан у асобе мусульманіна Назарбаева крытыкуе Вашынгтон, паколькі прадчувае вялікія страты ў зьвязку з пасьляваенным падзеньнем цэнаў на нафту. Узбэкістан у асобе мусульманіна Карымава, наадварот, падтрымлівае кааліцыю, паколькі летась атрымаў ад ЗША 192 мільёны даляраў дапамогі. Праваслаўны Шэварднадзэ спадзяецца на магчымую падтрымку Вашынгтону ў справе вырашэньня абхаскага канфлікту. Ерэван, сталіца хрысьціянскай Армэніі, не зьбіраецца падпарадкоўвацца парадам Вашынгтону і высылаць з краіны ірацкіх дыпляматаў. Сярод іншых нацыянальных меншасьцяў цяпер у Іраку пражываюць каля 20 тысяч этнічных армянаў.

Калі ўзяць заходні флянг СНД, Украіну, то заявы прэзыдэнта Кучмы адносна добраахвотнага ўступленьня ў кааліцыю таксама нельга назваць нечаканымі. Кіеў ужо перавёў сваіх вайскоўцаў у Кувэйт. Ідучы насустрач просьбам Вашынгтону, 532 украінскія фахоўцы адмысловага батальёну пасьля выкарыстаньня Іракам хімічнай і біялягічнай зброі могуць быць занятыя ў працах па дэзактывацыі. Такім чынам Кучма ў вачах Буша спадзяецца рэабілітаваць сябе за нядаўні скандал з “Кальчугай” — паводле розных чутак, Украіна празь Ярданію за сто мільёнаў даляраў прадала Іраку гэтыя чатыры звышсучасныя радарныя сыстэмы.

Як піша нямецкі журналіст, апошнім часам падобныя скандалы не абышлі й Менск. Аднак, праўдападобна, беларускага лідэра Лукашэнку гэта ніколькі не хвалюе. Сёньня Беларусь — адзіная на постсавецкай прасторы, якая адкрыта і дзёрзка падтрымлівае Садама.

“Іраку трэба дапамагаць настолькі, наколькі гэта магчыма ў цяперашняй складанай сытуацыі”, — публічна заяўляе беларускі лідэр. (Нягледзячы на тое, што Вашынгтон неаднойчы папярэджваў Менск у зьвязку з супрацоўніцтвам з рэжымам Хусэйна: як кантрабанднымі пастаўкамі зброі ў Багдад, так і падрыхтоўкай ірацкіх ваенных лётчыкаў.) Беларускі лідэр называе дзеяньні антыірацкай кааліцыі “першым пасьля другой усясьветнай вайны актам вялікай і цынічнай агрэсіі”.

Напярэдадні вайны Лукашэнка на высокім роўні прымаў адказную ірацкую дэлегацыю. Узначальваў яе мэр Багдаду, які, акрамя ўсяго іншага, цікавіўся менскай каналізацыйнай сыстэмай. Расейскія СМІ выказвалі меркаваньні, што размова будзе весьціся пра прадастаўленьне Садаму прытулку ў Беларусі. Аднак мэр Багдаду перадаў толькі прывітаньні. Маўляў, Садам Хусэйн вельмі ўдзячны беларускаму народу за тое, што ён — адзіны ў Эўропе, які падтрымлівае Ірак.

Пераклад зь нямецкай – Радыё Свабода

напicаць камэнтар

 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: